26 сьнежня, у другі дзень цудоўнага Сьвята Нараджэньня Хрыстовага паводле новага стылю, у 14-00 у тэатральнай залі Чырвонага Касьцёла Сьв. Сымона і Алены адбудзецца канцэрт “Беларускі Хрысьціянскі Хіт”. У канцэрце на Раство прымуць удзел гурт “Псальмяры”, выканаўцы Андрэй Мельнікаў, Інэса Леаданская, Ядвіга і Ганна Багдановічы, Алесь Наркевіч, а таксама чакаецца ўдзел хору “Глёрыя”. Уваход вольны.
Акурат да канцэрта, у 3-й дэкадзе сьнежня выходзіць чарговы дыск з серыі Беларускі хрысьціянскі хіт пад назвай “Хрыстос Нарадзіўся” – трэцяя зборка найлепшых беларускамоўных хрысьціянскіх сьпеваў, гэтым разам прысьвечаных сьвяту Хрыстовага Нараджэньня. Сьпевы, якія ўвайшлі ва ўсе 3 складанкі, адабраныя паводле строгіх крытэраў, прайшлі ратацыю ў хрысьціянскіх фокус-групах (адпаведна праваслаўнай, каталіцкай, грэка-каталіцкай, баптысцкай, пяцідзесятніцкай, поўнаэвангельскай – і г.д.), і вернікі самі вызначылі найлепшыя сярод іх. Найбольш хітовымі выканаўцамі слухачы прызналі гурты “Тэзаўрус”, “Псальмяры”, “DVA”, “Небасхіл”, “Кадаш”. Сярод выканаўцаў – Алеся Ўнукоўская, барды Андрэй Мельнікаў, Вальжына Цярэшчанка і Інэса Леаданская ды іншыя. Пачынаюцца ўсе дыскі “Беларускага Хрысьціянскага Хіта” гімнам “Магутны Божа”, сканчаюцца – сьпеўнай малітвай “Ойча наш”.
На канцэрце можна будзе набыць усе тры першыя кружэлкі: “Беларускі Хрысьціянскі Хіт”, “Беларускі Хрысьціянскі Хіт-2” і “Хрыстос нарадзіўся” (Хрысьціянскі Калядны Хіт).
Інфармацыю пра канцэрт можна атрымаць па тэлефонах: 8-029-307-27-13 (Валерыя), 8-029-593-50-66 (Ірына).
Рыхтуюцца да выданьня таксама іншыя дыскі гэтай серыі “Хрыстос уваскрос!” (Беларускі Велікодны Хіт), “Беларускі Хрысьціянскі Рок”, “Бардаўскі Хрысьціянскі Хіт” і “Беларускі Літургічны Сьпеў”. Наконт усіх прапановаў на гэтыя складанкі, а таксама па замовы дыскаў можна зьвяртацца па тэлефонах: 8-029-861-62-28, 8-029-656-00-64 (Валянціна).