Мар'яна Ліс: «Галоўнае, што мы дакладна ведаем, што мы — вялікае і цэлае. Мы — беларусы. Мы — нацыя»

«Не адзін дзясятак гадоў ідуць спрэчкі, што значыць быць беларусам, якая нацыянальная ідэя беларусаў і ці існуе яна ўвогуле?» — піша Мар'яна Ліс для «Штодзень. Гомель».


4912feb2ea511a49f5796.jpg

Для кагосьці галоўны пункцік — гэта нарадзіцца на тэрыторыі, якая на мапе пазначана «Беларусь». Для кагосьці ядром беларускасці з’яўляецца родная мова. Для некага — незалежнасць і суверэнітэт, для іншых — наяўнасць старадаўняй гісторыі. Усё гэта не можа разглядацца асобна. Напрыклад, у свеце мноства двухмоўных нацый. Дастаткова і тых, чыя асноўная мова — ангельская альбо іспанская — і гэта ніяк не замінае людзям цвёрда ведаць, што яны не ангельцы і не іспанцы. Сучасныя амерыканцы не могуць пахваліцца доўгай гісторыяй і роўным этнічным складам, а моцы іх нацыі можна толькі пазайздросціць.

Выходзіць, што нацыянальная ідэя — гэта не толькі пра паходжанне, мову і тэрыторыю. Гэта сімвалічная катэгорыя, яна пра тое, у чым людзі бачаць сэнс жыцця.

Канешне, калі з тэлевізара штодня беларусу талдычаць, што ён млявы і абыякавы, а для яго шчасця (чаркі, скваркі і мірнага неба) усё робіць дзяржава — то якая там можа быць нацыянальная ідэя... Таму мы часам пытаемся ў сябе і адно ў аднаго: «Мы — беларусы? Мы — нацыя? А якая ў нас нацыянальная ідэя?»

У такія моманты здаецца, што наша нацыянальная ідэя — гэта бясконцае канструяванне сябе як нацыі і бясконцая цяга да ідэалу...

Між тым, нашае грамадства ўжо зразумела, што яно — грамадства, і што гэта больш ганарова, чым пазначаная на мапе дзяржава. На сёння мы маем актыўную грамадзянскую супольнасць.

Цуды самаарганізацыі, узаемадапамогі і салідарнасці, якія праяўляюць нашыя людзі, паказваюць, што беларусы ўмеюць дзейнічаць хутка, прадумана і скаардынавана. Менавіта ў гэтым мне бачацца парасткі дэмакратычнага грамадства і наш сэнс жыцця — дапамагаць таму, каму горай за цябе.

360b5208b18bc43715855.jpgПраца мастачкі Вольгі Якубоўскай

Апошнія два гады нашыя эмацыйныя арэлі бесперапынна гушкаюцца: то годна быць беларусам, то страшна быць беларусам, то сорамна і цяжка быць беларусам, то пачэсна быць беларусам.

Самае важнае тут — быць беларусам. Часам гэта годна, часам страшна і цяжка — у свеце не бывае толькі добрага ці дрэннага, толькі белага ці чорнага. Мы ідзем сваім шляхам і дзейнічаем так, як можам у нашай цяперашняй дзяржаве, умовах і абставінах.

Галоўнае, што мы дакладна ведаем, што мы — вялікае і цэлае. Мы — беларусы. Мы — нацыя. І змагацца з нацыяй куды цяжэй, чым з «насельніцтвам» ці «народцам».