Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра палітычныя памкненні Віктара Бабарыкі
Здаецца, пра «руку Крамля», спойлерства, катэджы і мяхі з грашыма на антрэсолях у кантэксце асобы Віктара Бабарыкі ўсе злыя языкі ўжо наплявузгалі. Я пра іншае: пра гіперпазітывізм, які выпраменьвае экс-кіраўнік БГПБ, яго слабыя і моцныя бакі.
Раней, калі Віктар Дзмітрыевіч перыядычна з’яўляўся ў СМІ ў якасці добразычлівага банкіра, які купляе Суціна з Малевічам, мяне шчыра падкупляла гэтая разняволеная манера камунікацыі, рыторыка пра філасофію грошай, мілае «чёканне» і нязгасны пазітыў. Цяпер, калі ўвесь гэты багаж нечакана перакачаваў у палітычную сферу, стала значна цікавей — і трывожней.
Усё, што транслюе Бабарыка цяпер, можна коратка акрэсліць як гіперпазітывізм. «Жыць», «проста жыві!», «зарабляць грошы», «краіна, дзе добра нарадзіцца, жыць і памерці», «электронная Швейцарыя», «будаваць», «пазітыў і будучыня» — можна нават праграмку напісаць, якая б перастаўляла цытаты месцамі ды генеравала выказванні кандыдата ў кандыдаты на першую пасаду.
Здавалася б, вось яно! Ці не пра гэта марыць кожны беларус? У параўнанні з наборам «жэстачайшэ», «козачкі», «лазня», «гарэлка», «9 мая», «вайна», «трактар», «пасадзіць» і «не дапусцім» атрымліваецца цалкам неблагая праграма. Неблагі вобраз.
Цікава пры гэтым, што Бабарыка настойвае: «Мы за пазітыў і будучыню, а не за негатыў і мінулае». Мінулае для экс-банкіра — у прынцыпе ледзь не лаянка. Пасажы пра Каліноўскага, які немаведама за што ваяваў, ды рускіх, якія нас вызвалілі ад палякаў, — усяго толькі дэталі. Мінулае — дрэнна. Будучыня — добра. У дрэнным нават калупацца не трэба. Адразу на сметнік.
Цікава таксама, што нацыянальнае пытанне ў рыторыцы нашага героя неяк балансуе паміж мінулым і «фішачкай». Мова — гэта «фішка». Беларусаў ён не саромеецца параўноўваць то з амерыканскімі індзейцамі, то з перасяленцамі. «Наяўнасць асаблівасці надае табе каларыт», — усяго толькі. Вось так незаўважна пад усмешачкі і «чёканне» нашага дарагога бухгалтара каштоўнасці тытульнай нацыі спаўзлі да ўзроўню какошніка з фольгі або магніціка для турыстаў.
Нават «Жыве Беларусь!» у Бабарыкі зусім не пазітыўны лозунг. Маўляў, каму тое трэба даводзіць? Няўжо ўвесь свет жадае Беларусі смерці? «Барані Беларусь» — туды ж. Ад каго бараніць? «Не хачу, каб мае дзеці вучыліся бараніць, хай вучацца будаваць!» — кажа экс-банкір.
«У Саюзе любілі беларусаў за ўменне прыстасоўвацца, за кампраміс», — працягвае Бабарыка. А пасля робіць выснову, маўляў, беларусы — гэта «база кампрамісу, прыхарошаная мовай». Зразумела, усе цытаты перакладзеныя з расійскай. Дый годзе, хай па-расійску. Нашмат горш, што беларуская мова ў рыторыцы ўсё ж такі фігуруе: «тутэйшыя», «змагары», «памяркоўнасць і абыякавасць да жыцця».
Акей, заканчваем з цытатамі. Кожны ахвочы сам паслухае і зробіць высновы.
Да чаго гэта ўсё? А да таго, што свет, які прапануе нам Віктар Дзмітрыевіч, атрымліваецца ўжо зусім нейкі стэрыльны. Там нават пахаў няма. Ну, грошы ж, вядома, не пахнуць. А калі валюта электронная, то нават каранавірус ад яе не падхопіш.
Падобны казачны набор прапановаў, дарэчы, год таму гучаў у перадвыбарчай праграме Зяленскага. «Проста перастаць страляць», «проста жыць», «краіна ў айфоне» і г. д. Калі блогер Ціханоўскі ўзяў ад Зяленскага вобраз «простага хлопца», якому не западло пабалакаць з бабулькамі, фермерамі і дробнымі прадпрымальнікамі, то Бабарыка — набор фантастычных мантраў пра светлае заўтра, дзе шмат грошай і ледзянцоў.
Беларусь, маўляў, ператворыцца ў агромністы ўтульны каворкінг, дзе цёпла, мякка, кавамашына і мафіны на сподачку. Такога паняцця, як час не існуе ў прынцыпе — ёсць агромністы працоўны дзень з абедам і перакурамі. Такога паняцця, як свет навокал і суседзі — таксама. Шклопакеты, добрая гукаізаляцыя, прыемная музыка ўсярэдзіне.
Вяртаючыся да Зяленскага: коміку на ровары з часам усё ж такі давялося зразумець, што ён прэзідэнт краіны, якая ваюе. Давялося памераць камуфляж. Давялося ўсвядоміць, што калі ягоныя вайскоўцы перастануць страляць, гэта зусім не значыць, што перастануць страляць з варожага боку.
«Расія ў галаве», як трапна адзначыў Юрый Дракахруст, — далёка не самае страшнае. Наадварот, гэта шанец для лідарства: народ, у якога ў галаве тое самае, іншага і не выбера. Нашмат важнейшае разуменне бяспекі краіны, за якую збіраешся браць адказнасць. І тут няважна, спяваеш ты ў душы «А ў бары-бары...» ці «Мой адрес не дом и не улица». Далей, за пытаннем бяспекі, цягнуцца і гісторыя, і сімвалы, і мова, і царква.
Мараль у тым, што быць добрым менеджарам і ўсмешлівым хлопцам — гэта добра. Але для першай пасады малавата. Парашэнка, напрыклад, зразумеў усё гэта з часам. Зяленскі, відаць, не да канца. Ці разумее Бабарыка? Ці зразумее?
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!