Амаль ад пачатку свайго ўтварэння землі Рэчы Паспалітай зрабіліся прытулкам розных этнічных супольнасцей, якія шукалі волі, паратунку ці прытулку ад вайны або ад рэлігійнага прыгнёту на сваёй радзіме. Гэта прытым, што самі землі, ні каронныя, ні вялікалітоўскія, не былі ў XVI–XVII стст. ні «зямлёю абетаванай», ні ціхім і спакойным краем. Аднак сюды перабіраліся чэхі і валахі, шкоты і ірландцы, караімы і татары — прычынай была не толькі верацярпімасць, але манаршае слова, замацаванае дакументам. Самым масавым (і найменш даследаваным) міграцыйным напрамкам быў усё ж усходні, які вёў у землі Вялікага Княства Літоўскага і Украіны. Сюды беглі не толькі з Крымскага ханства ці з падкантрольных асманам тэрыторый. Найбуйнейшым «пастаўшчыком» уцекачоў была Маскоўская дзяржава, асабліва ад часоў Івана Жахлівага і ў панаванне першых Раманавых, у перыяды гвалтоўнага ўзбуйнення сваёй тэрыторыі.
Татары крымскія і казанскія, пяцігорцы-чаркесы, чэрэміса-чамярысы, маскоўцы-стараверы — якія толькі народы не знаходзілі прытулак на зямлі Рэчы Паспалітай
Больш-менш вядомыя лёсы памежных народнасцей «рускіх» земляў, а таксама — уцёкі дысперсна расселеных па маскавіцкіх абшарах татарскіх родаў. У той жа час агучана нашмат меней роля каўказскіх народаў (у асноўным — чаркесаў, балкарцаў), выціснутых маскавітамі з роднай зямлі ў заходнім напрамку і вядомых пад зборным імем «пяцігорцы» ў вайсковым і палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Напрыклад, па некаторых ацэнках, у другой палове XVII ст. не крылатыя гусары, а менавіта пяцігорская конніца складала да 60% ад літоўскай кавалерыі. Мала інфармацыі падаецца па фактах уцёкаў саміх маскоўцаў ад Масковіі: размова тут пра гісторыю беларускіх старавераў («веткаўцы» — па галоўным г. Ветка на Гомельшчыне; «прыбышы»), якія ратаваліся ад інквізіцыі, учыненай Маскоўскім патрыярхатам супраць іншаверцаў. Толькі на новых землях перасяленцы атрымалі гарантыю — грамату караля і вялікага князя — на рэлігійную незалежнасць і падатковыя палёгкі.
Сёння ж мы пагаворым пра зусім таямнічыя старонкі гісторыі Рэчы Паспалітай, яе земляў і народаў, — пра тое, кім былі ваяўнічыя чэрэмісы, адкуль яны прыйшлі ў войска Рэчы Паспалітай і які след у нашай супольнай гісторыі пакінулі.
Марыйцы-чэрэмісы. З альбома Ф. Г. Солнцава «Одежды Русского государства» (1879)
Чэрэмісы (Черемиса — па маскоўскіх крыніцах, Czeremysy — у польскамоўных крыніцах) — экзонім, знешняя назва гістарычных марыйцаў, насельнікаў сучаснай Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Марый Эл. Гістарычна і культурна продкі чэрэмісаў-марыйцаў былі цесна звязаныя з народамі Паволжа. Геапалітычныя ўмовы прывялі да пераўтварэння паволжскіх народаў у г. зв. frontier people — «памежны народ», нормай жыцця якога зрабіўся стан перманентнай вайны: так, спачатку чэрэмісы былі закладнікамі і ўдзельнікамі кафліктаў паміж Волжскай Балгарыяй і «рускімі» княствамі Залесся, а потым — паміж Казанскім ханствам і Маскоўскай дзяржавай. Урэшце бясконцыя ваенныя сутычкі перараслі ў амаль 40-гадовую вайну з Масковіяй за сваю свабоду. Але так зацята змагалася толькі частка этнасу, бо рода-пляменнай еднасці ўнутры народа не было: тагачасныя крыніцы падзяляюць чэрэміскую супольнасць на дзве вялікія групы, у адпаведнасці з геаграфічным становішчам, умовамі жыцця і палітычным ладам, — на горную чэрэмісу і лугавую чэрэмісу.
Горная і Лугавая чэрэміса на англа-галандскай мапе 1593 г. «Russiae, Moscoviae et Tartariae Descriptio» аўтарства Энтоні Джэнкінса і Герарда дэ Ёдэ
Лугавая чэрэміса, якая валодала ўраджайными землямі, ужо ў XV ст. пачала выбудоўваць феадальную сістэму зносінаў, у той час як горныя чэрэмісы працягвалі жыць рода-пляменным ладам. Горныя чэрэмісы рана адчулі на сабе палітычны ціск залескіх княстваў (а пазней і Масквы), знаходзіліся яны і ў залежнасці ад чувашска-татарскіх князёў-мірзаў.
Лугавыя марыйцы ўвайшлі ў цесны хаўрус з Казанскім ханствам і апынуліся ў сферы татарскага і ісламскага ўплыву, але пры гэтым працягвалі мець уласную феадальную арыстакратыю-князёў («сотнікаў», «тысяцкіх», як называюць іх знешнія крыніцы) і ўласную аўтаномію (пры ўмове выплаты падаткаў і падтрымцы вайсковых кампаній, зразумела). У такіх геапалітычных умовах не было выключэннем, калі адная частка супляменнікаў ішла вайной супраць другой у складзе чужынскіх палкоў.
Становішча яшчэ больш пагоршылася з пачатку XVI ст., калі войскі Івана Жахлівага з амаль штогадовай рэгулярнасцю пачалі ўрывацца ў казанскія землі, нішчыць іх і «ставіць» свае фартыфікацыйныя пункты-«крепостцы». Лугавая чэрэміса ў гэтых памежных войнах паказала сябе з найлепшага боку, высокабаяздольным і мужным народам: так, у 1520-х гг. менавіта марыйскія «сотні» нанеслі адчувальныя паразы маскавітам, нават спаліўшы аднаго разу іхны флот — гэта, дарэчы, прыпыніла баявыя дзеянні амаль на дзесяцігоддзе.
Палатно Равіля Загідуліна «Засада» да цыкла «Чэрэміскія войны», 2019
Кажучы пра вайсковы патэнцыял народа, нават тагачасныя маскоўскія крыніцы былі ўпэўненыя, што лугавая чэрэміса здольная з лёгкасцю выставіць да 12 тыс. ваяроў. Замежныя дыпламаты, ацэньваючы ваяўнічы дух марыйцаў, адзначалі, што ў часы найбольшай небяспекі ў іхныя шэрагі станавіліся і мясцовыя жанчыны — выдатныя і храбрыя лучніцы; мабыць, з улікам магчымасці поўнай мабілізацыі, іншаземныя аўтары падымаюць лічбу да 30 тыс. — 40 тыс. ваяроў. Самі ж марыйскія князі ў час Чэрэміскіх войнаў у пошуках моцных хаўруснікаў пісалі крымскаму хану і асманскай адміністрацыі, што могуць выставіць да 40 тыс. — 60 тыс. ваяроў!
Тым часам Сігізмунд Герберштэйн, амбасадар аўстрыйскага эрцгерцага Фердынанда, у 1526 г. засведчыў факт знаходжання ў памежных з ВКЛ землях Курскага краю паселеныя маскоўскай адміністрацыяй групы горных чэрэмісаў (дарэчы, у сучаснай Курскай вобласці і па сёння існуе Чэрэмісінаўскі раён). У наступным годзе сасланыя марыйцы збеглі на літоўскі бок, прайшлі да Дняпра, спусціліся па ім і далучыліся да казакоў. Вялікі князь вымушаны быў афіцыйна пасяліць іх у межах Брацлаўскага ваяводства, на той час (да 1569 г.) — тэрыторыі ВКЛ (сёння збольшага — тэрыторыя аднайменнай Брацлаўскай вобласці Украіны).
Хаця падчас Чэрэміскіх паўстанняў марыйцы апісаны больш як пяхотнікі і лучнікі, пазней яны пачалі вызначацца сваёй напаўлёгкай конніцай
У 1540-я гг. пісьмовымі крыніцамі згадваюцца чэрэмісы як частка прыпамежных ваяроў брацлаўскага старасты Бернарда Прэтвіча, які ахоўваў літоўскія і польскія межы з дапамогаю казацкіх аддзелаў. На новых землях марыйцы бралі ўдзел у бітвах супраць татараў-крымчакоў.
Невыносныя ўмовы бясконцых разбуральных наездаў на памежныя землі прымусілі горных чэрэмісаў прыняць у 1546 г. маскоўскае падданства. Пазней нескароныя марыйцы, у адрозненне ад сваіх супляменнікаў, якія здаліся, падкрэслена называлі сябе «чимари» — «сапраўдныя марыйцы».
Сітуацыйная мапа ў краі падчас Чэрэміскіх войнаў. Чырвоныя кружочкі — маскавіцкія крэпасці для кантролю над тэрыторыяй, стрэлкі ад іх — напрамкі карніцкіх паходаў па здушэнні паўстання. Зялёныя рыскі — асноўны раён супраціву.
Захоп Казанскага ханства маскоўскім царом дазволіў яму фармальна прысабечыць і ўсе падкантрольныя ханству тэрыторыі. Тычылася гэта і, безумоўна, лёсу лугавых чэрэмісаў. Аднак з прыходам маскоўскай адміністрацыі пачалося ўзвядзенне пояса крэпасцей, а таксама суцэльнае рабаванне народаў, як праз паборы-падаткі, так і праз вайсковае самаўладдзе на месцах. Сітуацыю падагравала і праваслаўная царква, якая адразу пачала насаджаць хрысціянства народам, якія і пры ісламскіх уладарах не надта адыйшлі ад паганскай веры продкаў, захаваўшы саслоўе жрацоў-«картаў»...
Напружанне ўрэшце вылілася ў г. зв. Тры Чэрэміскія вайны — серыю вайсковых канфліктаў 1552–1557 гг., 1571–1574 гг. і 1581–1585 гг.
Мініяцюры з маскоўскага рукапісу «Лицевой свод» (1568–1576): злева — паход маскоўцаў супраць чэрэмісаў, 1554 г. Справа — палоннага марыйскага князя Маміч Бердзея прыводзяць да Івана Жахлівага
Першы з гэтых канфліктаў быў звязаны з захопам Казані маскавітамі і спадзевам паволжскіх народаў на чале з лугавымі чэрэмісамі адбіць маскоўскую навалу і вярнуць Казанскае ханства. На жаль, нягледзячы на частковую падтрымку ад горных чэрэмісаў, паўстанцы, разлічваўшы на ўдзел уплывовай Нагайскай арды, не атрымалі больш надзейнай дапамогі. Тым не менш, нягледзячы на поспехі маскавітаў, паразы марыйскіх князёў і вялікія людскія страты, паўстанне не захлынулася, а набрала яшчэ большыя абароты — на першы план высунуўся князь Маміч Бердзей, адзін з самых славутых палкаводцаў свайго народа, на чале з якім адбываліся заключныя баі гэтага паўстанцкага перыяду. Тым не менш чэрэмісы панеслі страты ў дзясяткі тысяч забітымі, палоннымі, параненымі, маскоўцы спалілі сотні паселішчаў, а працэс прыяднання Казанскага ханства да Масковіі быў завершаны. У наступным годзе Іван Жахлівы кінуў амбіцыйны позірк у бок Ліфляндыі. Вывад часткі вайсковага кантынгенту ў новыя паходы аслабіў маскоўскую прысутнасць у Паволжы. Штуршок другому паўстанню даў удалы паход 1571 г. крымскага хана на Маскву, які яе і спаліў. Вялікую маральна-рэлігійную падтрымку свайму народу аказалі і жрацы-«карты». Аднак праз адмову крымскага хана падтрымаць паўстанне яно зноў было патоплена ў крыві.
Палатно сучаснага мастака Георгія Тайгільдзіна «Захоп князя Маміч Бердзея», 2000.
Трэцяе паўстанне сталася самым маштабным — на баку і лугавых і часткі горных марыйцаў выступілі чувашы, мардва, татары, падтрымалі іх удмурты і башкіры. Замірэнне адбылося толькі таму, што новы цар, Барыс Гадуноў, паказаў прыклад хітрага дыпламата і палітыка: дзе падкупам і падарункамі, дзе — абяцаннем поўнага памілавання і захавання сацыяльнага статусу ўдалося раскалоць і аслабіць фронт, а затым, пры паралельным узвядзенні новага пояса фартыфікацый, паступова панізіць узровень незадаволенасці сярод мясцовай знаці.
Акром згаданых вышэй выпадкаў, ёсць сведчанні, што частка з узятых сілком на Лівонскі фронт чэрэмісаў таксама збегала на супраціўны бок, у Літву. Так, у 1552 г., паводле вопісу Канеўскага замка, у ім было чатыры чэрэміса — «Солтан, Лосішац, Чуваш, Есеняк». Аднак першая значная хваля перасяленцаў прыйшлася на сканчэнне Першай чэрэміскай вайны. Галоўным месцам рассялення чэрэмісаў сталі паселішчы каля падольскага горада-крэпасці Бар. Там яны ўтварылі своеасаблівую аўтаномную сельскую камуну Бар Чамярыскі. У гісторыі Украіны этнічная супольнасць марыйцаў-эмігрантаў стала называцца «чамярысамі» (укр. чемериси), польскамоўныя крыніцы ў асноўным працягвалі іх называць «чэрэмісамі», часам — нават «татарамі-чэрэмісамі».
Муры Барскага замка. Копія з гравюры XVII ст.
Чамярыскі Бар, як і Бар Рускі і Польскі — два суседнія паселішчы, заснаваныя для абароны ад турэцкіх набегаў — карыстаўся правамі вольнага горада. У кола абавязкаў і заняткаў мясцовага насельніцтва ўваходзілі памежная служба, рамонт моста, бортніцтва, земляробства, дробнае рамесніцтва. За службу чамярысы былі пазбаўленыя выплаты падаткаў і нават атрымоўвалі грашовыя выплаты. На чале мясцовай адміністрацыі стаяў глава магістрата — войт, прычым Рускі і Польскі Бар падпарадкоўваліся свайму войту, а Чамярыскі — свайму. Што характэрна для перасяленцаў, асабліва для лугавых чэрэмісаў, — яны некаторы час захоўвалі сваю паганскую рэлігію. Потым, праўда, значная іх колькасць перайшла ў праваслаўе.
Таварыш панцарных казакоў 1627–1628 гг. і конны чэрэміс (1632). Малюнак Брансілава Гембажэўскага, 1920-я гг.
З пераходам Брацлаўшчыны і Падолля па Люблінскай уніі ў сферу польскай кароны, землі ВКЛ для чэрэмісаў пераўтварыліся збольшага ў транзітны напрамак да Бару, які засяляўся мігрантамі вельмі хутка (так, па люстрацыі 1565 г. там ужо было 102 дамы). У гэты ж час, напрыклад, вядома «смаленская чэрэміса», паселеная на маскоўска-літоўскім памежжы.
Цікава адзначыць, што пасля маскоўскай заваёвы Казанскага і Астраханскага ханстваў на літоўскі бок беглі і татары з гэтых ханстваў, павялічваючы колькасць як мясцовых літоўскіх татар-ліпка, так і саміх чэрэмісаў: у 1570-х іх ужо было каля 1 тыс. — 1,5 тыс. чалавек. Праз стагоддзе колькасць перасяленцаў сягала пад 10 тыс. Чалавек.
У 1572–1574 гг. барскія чамярысы ўзялі ўдзел у г. зв. «вайне Івоні» на тэрыторыі Малдаўскага гаспадарства, куды ваявода Іон Водэ запрасіў войска пана Свярчоўскага, складзенае з палякаў, русінаў, чаркесаў і чамярысаў, для вайны супраць туркаў і крычакоў. Звычайна чэрэмісы ваявалі і пешымі і коннымі, але ў супрацьстаянні з крымчакамі больш адзначыліся менавіта вершнікі-чамярысы.
Чэрэміскі і пяцігорскі вершнікі, першая палова XVII ст. Малюнак Браніслава Гембажэўскага, 1920-я гг.
Чамярысы бралі ўдзел у паўстанні Багдана Хмяльніцкага, выступіўшы на баку запарожскіх казакоў — у казацкіх рэестрах можна сустрэць такія прозвішчы, як Ярмола Чамярыш, Захарка Чэмерын, проста Чамярыс без імя, Сцяцко Чэмерыс. Ваявалі чарамісы і ў складзе войскаў Пятра Дарашэнкі супраць атрада прапольскага гетмана Правабярэжнай Украіны Мікалая Ханенкі і супраць левабярэжных казакоў пад кіраўніцтвам Івана Самойлавіча. У польска-турэцкай вайне 1683–1699 гг. чамярысы ўзялі бок турак і крымчакоў, застаўшыся прыхільнікамі гетманаў так званай «Ханскай Украіны», якая знаходзілася на тэрыторыі Брацлаўскага і поўдня Кіеўскага ваяводстваў (раён сучасных Чаркаскай, Вінніцкай і Кіраваградскай абласцей).
Узбраенне і рыштунак чамярысаў быў досыць набліжаны да ўзбрання і засцерагальнай зброі пяцігорцаў і г. зв. «панцарных казакоў»
Шымон Старавольскі (Simonis Starovolsci. Eques Polonus. 1628) піша: «Кавалерыя лёгкая бывае дваякаю (...) тая, якая ўжывае дзіду кароткую (рагатыну) і браню, называецца Czeremysy», і далей: «Чэрэмісы ўзброеныя панцырам і тарчам, даўгастволай ручніцай або лукам, падпаясаныя шабляй крывой, маюць доўгія дзіды (літар. "влочні") у 4 лакці (2,5 м) даўжынёю, з правага боку, якімі моцна цэляць у супраціўніка з блізкай адлегласці».
Пасля падпісанння Карлавіцкай дамовы, па якой Рэчы Паспалітай вярталіся страчаныя ў 1672–1676 гг. землі поўдня Кіеўскага і Брацлаўскага ваяводстваў, то марыйцы, не жадаючы мірыцца з палітыкай Рэчы Паспалітай у адносінах да іншых канфесій, сышлі ў Малдову і Валахію, а таксама пасяліліся ў дэльце Дуная. Затое пад імем «чамярысаў» выступаюць татарскія чарады (нерэгулярныя атрады тыпу бандаў), пад кіраўніцтвам барскага бія Аляксандра Крэчынскага, які наводзіў страх на наваколле. Дружына ягоная была даволі шматлікая, у некалькі соцень чалавек, што ўжо гаворыць аб тым, што іх нельга цалкам атаясамліваць з нешматлікай чамярыскай калоніяй. У другой палове XVII ст. Бар Чамярыскі страціў сваё самакіраванне (як і значэнне), а з сярэдзіны XVIII ст. з’яўляецца сяло Чамярысы Валоскія, цалкам падуладнае Барскаму замку. Назву такую сяло атрымала таму, што замест старога паселішча, знішчанага ў 1618 г., ад 1700 г. было распачата перазасяленне гэтых мясцін праз каланізацыю яго прывезенымі малдаванскімі сялянамі («волахамі»). Вядома таксама, што першым войтам паселішча стаў чамярыс Тайберда Арскабін, але якую колькасць ад новых насельнікў складалі самі чамярысы — адказаць цяжка. Да канца ХІХ стагоддзя нашчадкі чамярысаў канчаткова асіміляваліся з украінцамі, але яшчэ ў 1850-х — 1860-х гг. змагаліся супраць прыгону (г. зв. «Барскае паўстанне»). Аўтары розных крыніц падкрэсліваюць, што непакорнасць заўсёды была ў характары чамярысаў — яны прывыклыя служыць, а не прыслугоўваць.
Чамярысы Барскія і сяло Чамярысаўскае на сучаснай мапе
Што да лёсу марыйцаў Масковіі, то Чэрэміскія войны, разам з Лівонскай і Крымскай, не прайшлі для дзяржавы незаўважнымі: высілкі, пакладзеныя на трох франтах, не дасягнулі сваіх мэтаў на перспектыву, а адзін з напрамкаў, вызвольны рух на Паволжы, нават стварыў перадумовы для палітычнага крызісу і ўсталявання тэрарыстычнага рэжыму «апрычніны» і жорсткай дэспатыі.
Урывак з царскага загаду сваім ваяводам, каб тыя не свавольствавалі ў дачыненні да «служылага люду» на Казанскай тэрыторыі, у т. л. і чэрэмісе. Цікава таксама зазначыць, што царская адміністрацыя ўсё яшчэ пабойваецца зусім нешматлікай у гэтым краі «літвы», што праз палон ці здраду апынулася на маскоўскай службе... (цыт. па выданні: История Марийского края в документах и материалах. Йошкар-Ола: Мар. кн. Изд-во, 1992)
У той жа час, скарыстаўшыся чэрэміскімі паўстаннямі, сібірскія ханы адцягнулі пачатак заваёвы Сібіры, разграміўшы вялізныя ўладанні уплывовых і магутных купцоў Строганавых у Заўраллі. Вынікі «замірэння» Казанскага краю і паволжскіх народаў адбіліся і на пачатку наступнага, XVII стагоддзя. Парадокс расійскай гісторыі палягае ў тым, што не крывавыя кампаніі ў стылі Івана Жахлівага, а толькі саступкі, подкупы і дыпламатычная апора наступных маскоўскіх уладароў на арыстакратыю былога Казанскага і Астраханскага ханстваў, дазволіла эліце паволжскіх народаў перайсці ў стан не зацятых ворагаў ці «другасных людзей», а верных хаўруснікаў і тым самым дапамагчы манархіі захаваць дзяржаву ў цэласнасці.
Гісторыя чэрэмісаў паказвае, з аднаго боку, як захопніцкія войны перакрываюць натуральныя гістарычныя працэсы трансфармавання грамадства і яго кансалідацыі ў дзяржаўную супольнасць, а з другога, падкрэсліваюць, наколькі кожнаму чалавеку, які вызнае сябе асобай, а не рабом, уласціва імкненне да свабоды і незалежнасці, нават эміграваўшы ў чужы край. Прыклад жа чамярысаў ілюструе, наколькі доўга можа захоўвацца самаідэнтыфікацыя ў іншаэтнічным асяроддзі. Ва Украіне імавернымі нашчадкамі чамярысаў з’яўляюцца людзі з прозвішчамі Чэмэрыс, Чэмэрысенка, Чамярысін.
Змітро Пілецкі, budzma.org