Аналізуючы хроніку аўтарытарных рэжымаў Еўропы, адчуваеш, нібыта рухаліся ўсе яны па зачараваным коле гістарычных шаблонаў, пэўных падобных шляхах, збочыць з якіх папросту немагчыма.
Большасць такіх рэжымаў заўжды мела свае этапы «ўсенароднай падтрымкі», крызісаў на міжнароднай арэне, эканамічнага заняпаду, палітычнай і знешнепалітычнай адлігі, эскалацыі і скачкападобнай мілітарызацыі, нарастання рэпрэсіяў.
Не будзем далёка хадзіць у часавым ці геаграфічным вымярэнні, застанёмся на еўрапейскім кантыненце. Вельмі цікавым і аўтэнтычным быў рэжым «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі, які існаваў на поўдні Еўропы з 1967 да 1974 года.
Ідэалагічныя адрозненні і ў той жа час падабенства да сённяшняй сітуацыі ў Беларусі наводзяць на думкі пра магчымую падобную да грэчаскіх падзеяў будучыню.
Грэцыя на шляху да вайсковай дыктатуры
Бо прыхільнікі сацыялістычных ідэяў, што набралі палітычнай вагі, прагнулі павелічэння значнасці свайго ўдзелу ў пабудове пасляваеннага палітычнага ладу, ім супрацьстаялі ўлады, якія працягвалі забараняць дзейнасць камуністаў і крайніх сацыялістаў.
У Грэцыі 1960-х працягваўся палітычна-эканамічны крызіс. Змяняліся ўрады, але гаспадарка знаходзілася ў занядбаным стане, прамысловасць, большасць якой належала дастаткова вялікаму дзяржсектару, не развівалася, пры ўдзеле левых актывістаў прафсаюзны рух арганізоўваў шматлікія страйкі.
На хвалі пратэстаў і небяспекі ўзнаўлення грамадзянскай вайны, пры маўклівай падтрымцы Захаду частка эліты Грэцыі пачала гаворку аб празе «моцнай рукі». Якая б дазволіла пераадолець палітычны хаос, «запусціць заводы». Як гэта неаднаразова бывала ў новай гісторыі краіны, калі
вайскоўцы бралі ўладу на некаторы час дзеля «стабілізацыі сітуацыі».
«Чорныя палкоўнікі» скарысталіся стомленасцю грамадства і прыхаванымі жаданнямі «навядзення парадку». Грэчаская дыктатура форы ў часе не мела і не стала хаваць свой твар пад маскамі «запускальнікаў заводаў» і «абаронцаў простых людзей».
Рэпрэсіі супраць прыхільнікаў дэмакратычных сілаў і нацыянальных меншасцяў не нарасталі павольна: пасля захопу ўлады вайскоўцамі ў 1967 г. адразу была аб’яўленая «вайна камуністам».
Была забароненая любая палітычная актыўнасць, фактычна дзейнасць любых палітычных інстытутаў прыпынялася, за 7 гадоў пры ўладзе «хунта» кінула ў вязніцы больш за 5 тысяч палітычных апанентаў. Нягледзячы на парушэнні правоў грамадзянаў і відавочную антыдэмакратычнасць, неафіцыйным саюзнікам палкоўнікаў былі ЗША. Лічыцца, што амерыканцы зрабілі стаўку на вайскоўцаў дзеля спынення памкненняў камуністычнай Югаславіі і СССР пашырыць свае ўплывы на Балканах за кошт падтрымкі камуністаў Грэцыі. Фармальна такую ж пазіцыю займалі і вядучыя еўрапейскія краіны, якія ў тыя часы змагаліся з моладзевымі крайне левымі выступамі не менш радыкальнымі і крывавымі метадамі.
Неканстытуцыйнасць праўлення «чорных палкоўнікаў» зусім не бянтэжыла частку грамадства. «Хунта» мела магутную падтрымку сярод часткі грэкаў, якая прагнула больш істотных захадаў па пабудове краіны на нацыянальна-кансерватыўных каштоўнасцях. Варта ўлічваць, што падзеі закраналі часы станаўлення Грэцыі як рэспублікі, што трансфармавалася з манархіі. Таму нават большасць моладзі ўспрымала вайсковы рэжым як неабходны элемент пераходнага перыяду. І эканамічныя рэформы, уздым прамысловасці, рост інвестыцыяў і заробкаў некаторы час былі на баку палкоўнікаў.
Пошук ворагаў і вайна як метад захаваць уладу
Нягледзячы на відавочны аўтарытарны стыль кіравання краінай, палкоўнікі ў Грэцыі не перарывалі кантактаў з былым палітычным істэблішментам і намагаліся ўключыць эліты ў рэформы, разумеючы бесперспектыўнасць цалкам вайсковага адміністравання.
Але асаблівага плёну перамовы не давалі. Першапачатковы эканамічны ўздым аказаўся залежным ад сталых інвестыцыяў і заходніх крэдытаў. Таму гаспадарку Грэцыі ў пачатку 1970-х напаткаў даволі істотны крызіс.
Амаль што першы за 5 гадоў студэнцкі пратэст у Афінах прывёў да трагедыі. Дзясятак бяззбройных студэнтаў раздушылі танкамі на тэрыторыі ўніверсітэта.
Страціўшы падтрымку нават былых ідэалагічных саюзнікаў і прыхільнікаў, каб утрымаць кантроль над грамадствам, вайскоўцы паспрабавалі імітаваць палітычную адлігу, але сутыкнуліся з супрацівам найбольш радыкальнага крыла «хунты». І ў Грэцыі ў 1973 г. адбыўся вайсковы пераварот супраць рэжыму палкоўнікаў. Як выявілася з далейшых падзеяў, абвастрэнне супрацьстаяння стала апошнім этапам дыктатуры.
«Новыя палкоўнікі» за год паспелі ўзмацніць рэпрэсіі, амаль пераўзысці сваіх папярэднікаў па колькасці палітычных працэсаў. А кропкай стаў фактычны захоп Кіпра — незалежнай дзяржавы з вялікай колькасцю грэцкамоўнага насельніцтва. Гэта прывяло да ўвядзення Турцыяй войскаў на гэтую выспу, фактычнай гучнай паразы Грэцыі і чарговага вайсковага перавароту ў Афінах, які перадаў уладу цывільнай адміністрацыі.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by