Вельмі цікавую ілюстрацыю оруэлскага масштабу перапісвання памяці бачым у сённяшніх СМІ. Як усе ведаюць, у Расіі дзень народнага адзінства быў уведзены замест 7 лістапада — дня Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Згодна з прынцыпам: не можаш перамагчы — падмяні сэнс. Той самы чалавек, які кіруе РФ і сёння, падпісаў загад аб федэральным свяце і загадаў з 4 лістапада 2005 года ўсім радавацца у блізкую да ранейшай дату — на дзень іконы Казанскай божай маці. Маўляў, з ёй апалчэнцы Мініна і Пажарскага ўвайшлі ў Маскоўскі Кітай-горад і паклалі канец Рускай Смуце. Калі так, узяў ікону — абярэг, завязалі сімвал на сімвал — ок. Тыя, хто напісалі тэкст закона, былі пісьменныя, хаця і паланафобныя людзі. Планавалі стратэгічна, як у XIX ст., супрацьставіцца еўрапейцам — палякам, на падмурку праваслаўя. Як царадворцы ў XIX ст. яны не бачылі ані ўласнай краіны, ані беларусаў і ўкраінцаў. Але д’ябал схаваны ў дэталях.
А калі не разабрацца з датамі, а потым запусціць на масы праз ідэалагічны апарат, пачынаюцца спрэчкі, якія коцяцца як ком з гары, спрашчаюць усё да амёб, а з лянівых людзей робяць ці чарцей, ці ахвяр прапаганды.
Помнік Кузьму Мініну і Дзмітрыю Пажарскаму ў Ніжнім Ноўгарадзе, адкрыты 4 лістапада 2005 года. Фота з Вікіпедыі
Глянуў сёння з раніцы даты і падзеі 7 лістапада і ашалеў. У інтэрнэт-медыя не б’юцца яны ні па фактуры, ні па змесце з кніжкамі, якія надрукавалі раней за 2022 г. Тым больш энцыклапедыямі. Прыгадалася колішняя беларуская гісторыя пра кіпучага дзеяча, які сказануў, што нарадзіўся ў адзін дзень з сынам, і яшчэ больш кіпучыя кінуліся выпраўляць паўсюль, не зважаючы на калісьці афіцыйна пададзеныя і зафіксаваныя паўсюль даныя...
Дык вось да даты, адзінства і Крамля
На момант увядзення сучаснага, грыгарыянскага календара замест юліянскага (старога) розніца складала 10 дзён (у нас, у ВКЛ новы каляндар увялі за 1582 — 1586 г. пры Стэфане Баторы, у Расіі пры Леніне з 1918 г.). У маскоўскія гарадскія ўмацаванні — Кітай-горад прадстаўнікі халопаў і казакоў з невялікай колькасццю рэгіянальнага баярства ўвайшлі 22 кастрычніка 1612 г. — то-бок 1 лістапада па новым стылі. Але з наступнай, больш прынцыповай для ідыёлухаў датай, здачай гарнізона Крамля — канчатковай датай перамогі над «палякамі» — пачынаецца цырк.
Калі сёння пачытаць вікіпедыю (нават англійскую, а не толькі расійскую, бо, як вядома, тэкст там можа правіць хто заўгодна), вы ўбачыце дату капітуляцыі маскоўскага замка 28 кастрычніка — 7 лістапада. У энцыклапедыях і кніжках гісторыкаў датай выхаду гарнізона за сцены з Траецкай брамы Крамля будзе па старым стылі 26 кастрычніка 1612 г. Пасля даўгіх баёў вакол, спробаў дэблакады і аблогі, якая цягнулася ў фазе поўнага закрыцця кантактаў са светам па-за мурамі з 3 верасня, то-бок — амаль 2 месяцы і прывяла сярод абаронцаў нават да канібалізму. На мяжы галоднай смерці гарнізон караняжаў і літвінаў на маскоўскім крамлі адчыніў брамы. Адпаведна з дамовай, цішком эвакуявалі альбо вывелі першымі проста ў рукі рэгулярных частак Пажарскага з Крамля большасць прадстаўнікоў Сямібаяршчыны, радавітай маскоўскай арыстакратыі. Прадстаўнікам Рэчы Паспалітай пашчасціла менш, апалчэнцы на іх напалі і большасць перабілі.
27 кастрычніка 1612 г. адбыўся ўрачысты ўвод апалчэнцаў на Крэмль. Яшчэ раз для тых, каму лянотна лічыць: гэта адбылося 5 і 6 лістапада 1612 г.
Гарнізон Крамля здаўся пад аблогай. Карціна мастка Эрнста Ліснера. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
Што да «адзінства» і «палякаў»
Расійская Смута была класічнай посттаталітарнай спружынай вайны рэгіянальных і цэнтральных эліт, якая стрэльнула пасля смерці Івана Жахлівага і Барыса Гадунова, які ўвёў дзеля баяр прыгон, але быў нават адносна той бакавой галіны Рурыкавічаў, якая кіравала Масквой, «бязродным». Пасля шэрагу змоваў і пераваротаў арыстакратычную часовую адміністрацыю Вялікага княства Маскоўскага з 1610 г. склала як раз Сямібаяршчына — прадстаўнікі мясцовых Рурыкавічаў, Гедымінавічаў і царкоўныя іерархі. У яе шэрагах, сярод сядзельцаў на абложаным Крамлі, быў і нізкародны «паповіч» Мішка Раманаў — сын-падлетак, Філарэта, прызначанага на маскоўскага патрыярха Ілжэдзмітрыя ІІ.
У пачатку XVII ст. былі катастрафічныя неўраджаі, войскі самазванцаў і бандыты пачалі няшчадна рабаваць сялян і гвалціць іх жанчын, а папы заклікаць абараняць веру і ісці ў апалчэнні. Толькі цэнтру не было. Усе цягнулі пад сябе. У выніку маскоўскія сяляне і казакі ўзяліся за вілы, а мясцовыя баяры іх узначалілі.
Пасля паразы пад Клушынам Сямібаяршчына скінула цара Васіля Шуйскага, кантралявала Маскву і дзейсна абараняла сталіцу ад войска Ілжэдзмітрыя ІІ з яго рэгіянальнымі апалчэннямі іншых баяр, татар і наймітамі з Рэчы Паспалітай.
Менавіта самі маскоўскія баяры, расіяне, заключылі дамову з Жыгімонтам Вазам, абралі царом Уладзіслава Вазу. Уласна з гэтай нагоды, мірна, не як акупант, а як саюзнік і падмурак іх законнай улады, гарнізон з жаўнераў Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага знаходзіўся на Крамлі разам з войскамі расійскіх арыстакратаў у 1610-1612 гг. Менавіта караняжаў, не «палякаў». Бо ў Карону ўваходзілі не толькі польскія, але ўкраінскія землі, а ў ВКЛ было асобнае войска.
Каменданты «замежнай» залогі Крамля змяняліся ў адпаведнасці з «альтэрнатай», характэрнай для заняцця супольных пасад у Рэчы Паспалітай (за «караняжам» — «літвін»). Спачатку кіраваў Жалкеўскі з Жолквы, каля Львова, потым літвін Аляксандр Гасеўскі, а апошняй ратацыяй гарнізона, афіцыйна камандаваў паляк, род якога жыў і меў маёнткі выключна на Падоллі і Галіччыне з 1484 г. — Мікалай Струсь. Другой асобай у гарнізоне быў мазырскі харужы Эзоп, па-польску Юзэф, па маскоўску — Осіп Будзіла. Менавіта з мазыранінам Пажарскі спрабаваў весці перамовы аб здачы. Той захаваў вернасць прысязе і пабрацімам. Пачытайце яго мемуары, яны яшчэ пры цары выдадзены.
Колькі было ўласна расійскіх сілаў на Крамлі
Паколькі пасля ўваходу апалчэнцаў Мініна і Пажарскага ў Маскву баяры з Сямібаяршчыны паціху спусцілі народную пару, зрабілі «дэмакратычныя» выбары цара на Земскім саборы 1613 г. зрабіўшы самадзержцам Мішу Раманава і адсунулі рэальных пераможцаў ад улады, мы ніколі не дазнаемся дакладнай лічбы ўласна расійскіх сілаў на Крамлі.
Цякучка войска, якое бунтавала і з’язджала з гарнізона, прарывалася праз аблогі на злучэнне, але памерла ад голаду ці было перабіта на выхадзе з крамля 26 лістапада, не дазволяць нам падбіць дакладную лічбу і этнічны склад гарнізона. Паводле крыніцаў, гарнізон Масквы на максімуме ў 1610 г. складаў прыблізна 5000 ваяроў з Рэчы Паспалітай. У верасні 1612 г. іх колькасць спала недзе да 2000 байцоў. Агулам з сем’ямі, лічыцца, што на Крамлі на 6 лістапада 1612 г. сучасным стылем было каля 20 000 чалавек.
Атрымліваецца, што збольшага залогу і насельніцтва складалі дзеці баярскія і халопы з Масквы і рэгіёнаў. Апроч іх паміж жорнамі і кавадлам у голад, аблогу восенню 1612 г. патрапілі збольшага продкі ўкраінцаў і беларусаў (не толькі казакі — запарожцы, але шляхта і пяхота з мяшчан). Ну і канешне, палякі, немцы і нават венгры з італьянцамі. Тых, каго з іх не забілі на выхадзе з Крамля, развезлі па вязніцах па далекіх паўночных і Заволжскіх землях. Падчас двух абменаў 1619 года вярнулі 190+96 чалавек не толькі камбатантаў, шляхту і пахолкаў, але жонак, дзетак, рамеснікаў.
Няма сёння ніякай гістарычнай нагоды ні адзінства святкаваць, ні нам сваіх аплакваць. Інтэрнэт усе памятае, ці папера ўсё сцерпіць і не згарыць хаця б ад сораму?
і, Budzma. org