Чаму ў часы Другой сусветнай у СССР знялі табу на Каліноўскага? Новы вобраз: не рэвалюцыянер, а партызан-падпольшчык, баец рэйкавай вайны? Колькі было савецкіх падраздзяленняў, названых імем паўстанца? Як эвалюцыянаваў адзін з камандзіраў атрада імя Каліноўскага?
Вайна ў Іспаніі выявілася ўсяго толькі рэпетыцыяй глабальнага канфлікту. У хуткім часе пасля таго, як Германія заняла тэрыторыю Беларусі, табу на імя Каліноўскага ў Саюзе было знята. Гэта не ўнікальны выпадак, бо для патрэбаў «усенароднай барацьбы» Сталіну давялося ўзяць на ўзбраенне і Праваслаўную царкву, і нават вярнуць залатыя пагоны ды званні часоў царскай Расіі. Тое самае тычылася і наратываў з нацыянальных рэспублік СССР.
«І ляжа, пабітая, ўпокат пачвара...»
Невядома, ці Каліноўскага «рэабілітавалі» загадам зверху, ці гэта адбылося стыхійна. Але чырвоных партызанаў — «народных мсціўцаў» — пачалі параўноўваць з паўстанцамі 1863 года. Так, Каліноўскі «пераапрануўся» ў чарговы раз: з рэвалюцыянера і ідэолага ў партызана-падпольшчыка. Акурат на ўгодкі Паўстання — у 1943-м.
Пачалі з’яўляцца адпаведныя вершы. Адзін з іх напісаў Пятрусь Броўка. У яго Каліноўскі — няўлоўны партызан, які «помсціць фашыстам за здзек з народа» (наратыў пра «антыпольскага» Каліноўскага сышоў у нябыт як неактуальны, бо новы Каліноўскі — «антынямецкі»):
На Беларусі
Па вёсках ідуць пагалоскі —
З’явіўся Кастусь Каліноўскі.
Чаму так назвалі хлапца — невядома,
Ці, можа, што ў світцы ён шэрай знаёмай?
Ці, можа, што мае блакітныя вочы?
Ці, можа, што тайна з’яўляецца ўночы,
Што мужны ён з твару,
Што ворагам — кара:
Як прыйдзе, успыхнуць у катаў пажары
І ляжа, пабітая, ўпокат пачвара...
Верш быў надрукаваны ў 1943 годзе і распаўсюджаны сярод партызан. Вялікая частка партызанскай агітацыі тады выходзіла па-беларуску. Яе маглі не разумець дасланыя з Масквы камандзіры, але мясцовыя — разумелі. Так па Беларусі пачалі з’яўляцца атрады імя правадыра паўстанцаў.
Зборнік Пятруся Броўкі які пачынаецца з верша пра Кастуся Каліноўскага 1945
Два расійцы і ўкраінец — камандзіры атрадаў імя Каліноўскага
Большасць партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі насілі імёны Сталіна, Суворава, Дзяржынскага і так далей. Але дакладна зафіксавана дзейнасць як мінімум чатырох атрадаў і адной брыгады імя Каліноўскага.
Цікава, што першы арганізаваў расіец па нацыянальнасці авіяцыйны тэхнік Іван Хімічаў, народжаны ў Свярдлоўску. Ён пачынаў з падполля ў акупаваным Бабруйску, але напрыканцы 1941-га быў вымушаны сысці «ў лес». У красавіку 1943-га Хімічава накіравалі ў Любанскі раён (каля сённяшняга Салігорска).
Іван Хімічаў расееца камандзір аднаго з атрадаў імя Каліноўскага
Там ён і арганізаваў атрад імя Каліноўскага. Атрад займаўся дыверсіямі на Палескай чыгунцы: знішчаў палатно. За год павялічыўся да 240 чалавек — у такім выглядзе злучыўся з Чырвонай Арміяй улетку 1944-га. Сам Хімічаў меў цяжкое раненне, узнагароды. Цікава, што ўпершыню рэйкавай вайной у Беларусі займаліся... акурат паўстанцы 1863 года! Але Хімічаў наўрад ці пра гэта ведаў.
Узнагародны ліст Івана Хімічава камандзіра атрада імя Каліноўскага
Яшчэ адзін атрад імя Каліноўскага дзейнічаў у ваколіцах Мінска. Ён быў сфармаваны 1 красавіка 1944-га. Ядром атрада стала падраздзяленне падрыўнікоў брыгады Шчорса, якое ўзначальваў украінец Мікалай Крапіўка. Наводчык артылерыйскай гарматы, ён у кастрычніку 1941 г. трапіў у нямецкі палон і пасля года бадзяння па лагерах змог уцячы і далучыцца да партызан. Яго характарызавалі як смелага і вынаходлівага камандзіра.
За тры месяцы існавання атрад імя Каліноўскага павялічыўся з 4 да 86 чалавек. Крапіўка на чале атрада прыняў удзел у пяці баях супраць немцаў, знішчыў два эшалоны, тры грузавікі (адзін — захапіў). Пасля вайны Крапіўка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, жыў у Лідзе.
Фрагмент узнагароднага ліста Мікалая Крапіўкі камандзіра атрада імя Каліноўскага
Падобны лёс быў у іншага камандзіра атрада імя Каліноўскага — Якава Антонава (расіец, з Браншчыны). Ён таксама прайшоў нямецкі палон, уцёк і далучыўся да партызан брыгады імя Аляксандра Неўскага, якая дзейнічала на поўначы Мінска. У верасні 1943 г. Антонаву даручылі стварэнне атрада імя Каліноўскага ў Юрацішкаўскім раёне Баранавіцкай вобласці. Атрад узяў удзел у разгромах нямецкіх гарнізонаў у мясцовасцях Лугавамічы і Маркіняты.
Узнагародны ліст Якава Антонава камандзіра атрада імя Каліноўскага
Брыгада Каліноўскага на Беласточчыне: па мясцінах Кастуся
Найбуйнейшае партызанскае злучэнне імя Каліноўскага — партызанская брыгада, якая ваявала на Беласточчыне ў 1943–1944 гадах. Яе камандзір — ленінградскі інжынер Мікалай Вайцяхоўскі, які быў закінуты ў Беларусь разам са спецгрупай. Брыгада складалася з пяці атрадаў, разам — больш за 700 байцоў. Сімвалічна, што брыгада дзейнічала акурат у тых мясцінах, дзе вёў паўстанцкую працу сам Каліноўскі!
Адзін з атрадаў брыгады таксама насіў імя Каліноўскага. Яго камандзір — 23-гадовы Аляксей Карпюк, які незадоўга да таго ўцёк з канцлагера ў Штутгофе.
Аляксей Карпюк фота канца 1940-х Горадня
Карпюк паходзіў з асяроддзя КПЗБ-оўцаў, хоць сам па ўзросце не мог быць у падпольнай арганізацыі. Лясныя прыгоды Карпюка, будучага савецкага пісьменніка, можна прачытаць у ягонай «Пушчанскай адысеі». Вось некалькі эпізодаў з яго баявой біяграфіі:
«...15 мая асабіста ўзарваў нямецкі эшалон каля паўстанку Крынкі. У выніку крушэння знішчаны паравоз і 14 вагонаў з харчаваннем для нямецкай арміі. Рух на ўчастку спынены на 36 гадзінаў. 18 мая каля прыпынку Страшава быў спушчаны кур’ерскі цягнік праціўніка. У выніку крушэньня, зробленага тав. Карпюком, быў знішчаны адзін паравоз, восем кур’ерскіх вагонаў з салдатамі і афіцэрамі войскаў СС. (...) 10 чэрвеня пад непасрэдным камандаваннем тав. Карпюка 14 партызанаў з яго атраду ажыццявілі налёт на чыгуначную станцыю Сакола, у выніку бою былі забітыя 3 немцы з чыгуначнай аховы, знішчаная ўся станцыённая аппаратура, стрэлкі...» І так далей.
Партызаны брыгады імя Каліноўскага ў Крынках. Ліпень 1944 г.
Сімвалічны далейшы лёс Аляксея Карпюка. Скончыўшы вайну у Берліне, той вяртаецца на радзіму. Аўтамат мяняе на пяро і пачынае пісаць. Спачатку па-расійску, пасля — па-беларуску. У Горадні стварае адзін з трох у Саюзе музеяў гісторыі рэлігіі і атэізму (іншыя — у Львове і Вільні). Але самае цікавае, што ў 1980-х яго камуністычныя перакананні даюць трэшчыну.
Асабістую споведзь ён уклаў у твор «Развітанне з ілюзіямі». Камуністычная ўлада, пра якую ён ды такія як ён, заходнебеларускія камуністы, марылі ў маладосці, аказалася зусім не тым раем з песняў і вершаў... Падчас хвалі цкавання польскай супольнасці ў Горадні Карпюк заступаўся за мясцовых палякаў. Калі гарадскія ўлады вырашылі знесці будынак архіва XVIII ст. — начаваў у ім на знак пратэсту. Хавалі Карпюка ў 1992 годзе: з ганаровай вартай і бел-чырвона-белым сцягам на труне.
Хавалі былога камандзіра партызанскага атрада Каліноўскага Аляксея Карпюка пад дзяржаўным сцягам і з ганаровай вартай. 1992 г (1)
Кола замкнулася: камуністы пачыналі з выкарыстання Каліноўскага як «антыпольскага героя», але адзін з камандзіраў атрада ягонага імя, хай і пад канец жыцця, абараняў палякаў ды вітаў незалежнасць... Зерне, кінутае ў глебу, рана ці позна ўзыходзіць.
Эпілог
Гэта апошні артыкул з серыі «Чырвоны Каліноўскі». Мы паспрабавалі паказаць, як і чаму беларусы-камуністы карысталася імем нацыянальнага героя. Як да гэтага ставіцца? Спакойна.
Гэта гісторыя не пра ідэалогію, але пра вышыню асобы: кожнае пакаленне беларусаў, змушанае браць зброю ў рукі, раз за разам падымала на сцяг акурат Каліноўскага. Рэальнага ці міфалагічнага?.. Зусім іншая размова.
Сяргей Васковы, Алесь Кіркевіч