«Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто» (Васіль Быкаў).
Распачаўшы ў 2011 годзе выданне 25-томнага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча, выдаўцы планавалі, што яно завершыцца ў 2020 годзе. Але спраўдзіць гэтыя намеры не ўдалося. Збор аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў друкуецца дасюль. Канчатковае завяршэнне яшчэ недзе наперадзе, пакуль жа відавочна, што апошнія тамы чытачы атрымаюць са значным спазненнем. Выглядае неяк сімвалічна, бо гістарычныя блуканні і іх супярэчлівыя вынікі дазваляюць называць беларусаў запозненай нацыяй. Нават да вернага разумення найбольш папулярнага аўтара нацыянальнай класікі мы амаль не наблізіліся і праз 40 гадоў пасля яго смерці.
Уладзімір Караткевіч у 19 год
«Здаваўся проста нейкім цудам»
Уладзімір Караткевіч яшчэ пры жыцці стаў знакавай постаццю беларускай літаратуры і тагачасных грамадскіх рухаў. Гэта выдатна ўяўлялі яго сучаснікі, для якіх ён быў жывым увасабленнем іхніх мараў пра сапраўдную несавецкую Беларусь. Мастацкі талент пісьменніка адчыніў для іх асаблівы і непадроблены свет нацыянальнай гісторыі і культуры. Для шмат каго Караткевіч назаўжды застаўся прыкладам самаахвярнага служэння Радзіме і народу, самапавагі і годнасці ў стасунках з уладамі.
Ва ўспамінах і праз дзесяцігоддзі можна адчуць захопленыя ўражанні ад сустрэч з непаўторнай і самабытнай асобай. «Быў ён тады ў самай лепшай форме і здаваўся проста нейкім цудам» (гісторык Генадзь Кісялёў). «Ніколькі не перабольшваючы, скажу — для мяне адкрылася новая планета» (кінарэжысёр Юрый Цвяткоў). «Я проста багатвару гэтага чалавека і вельмі яму ўдзячны. Увогуле сустрэць у жыцці такого чалавека — вялікае шчасце» (кампазітар Дзмітрый Смольскі). Рыгор Барадулін, успамінаючы самыя першыя размовы, прызнаваўся: «Уладзімір здзіўляў мяне і ашаламляў і развагамі і задумамі. Глядзеў я на яго, як тубылец на касманаўта».
Падобныя высновы не адзінкавыя, сябры і знаёмыя Караткевіча адзначаюць, што не заўважыць выразныя прыкметы геніяльнасці было проста немагчыма. «Чалавек энцыклапедычных ведаў», «даравітасць незвычайная», «усебаковая адукаванасць», «меў фенаменальную памяць», «універсалізм яго ведаў проста ашаламіў». Зноў працытуем Барадуліна, які кажа: «Ён мне іншы раз здаваўся сейфам, у якім захоўваюцца падзеі, факты, даты. На цяперашні час яго можна назваць і камп’ютарам, у чыю памяць закладзена як не ўся гісторыя за шмат стагоддзяў».
Уладзімір Караткевіч на Палессі, апошні прыжыццёвы здымак, 1984 г. Аўтар фота Валянцін Ждановіч. Крыніца: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа
Сёння мы непараўнальна лепш ведаем творчасць Уладзіміра Караткевіча, яго жыццёвы і пісьменніцкі лёс. Вершы і апавяданні вывучаюцца ў школах, не залежваюцца на паліцах кніжных крам, перакладаюцца ў іншых краінах. У архівах не засталося ненадрукаваных твораў, скрупулёзна збіраецца эпісталярная спадчына, увайшлі ў грамадскі ўжытак дзённікі і малюнкі. Асаблівай падзеяй стаў выхад персанальнай энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч», якая падняла караткевічазнаўства на якасна новы ўзровень. І ўсё ж часцяком узнікае пытанне, наколькі добра мы разумеем матывы і ўчынкі чалавека, які, без сумневу, з’яўляецца нашым нацыянальным суперкласікам.
Энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч»
«Гісторыя — яна павучае!»
Пачнем з таго, што Караткевіч выпадае з тых рамак і шаблонаў, у якія яго ўціснула акадэмічнае літаратуразнаўства. У падручніках і дапаможніках, у біяграфічных нарысах і аглядах творчага шляху скрозь паўтараецца, што для яго характэрна рамантычнае асэнсаванне мінуўшчыны. Таму ён, зразумела, пісьменнік-рамантык, пiсьменнiк рамантычнага тыпу або вялікі пострамантык. Але ж сам творца катэгарычна адмаўляў падобную трактоўку. Вось яго ўласныя словы: «Я не пісьменнік рамантычнага складу. Хто хоча, каб я яго паважаў — хай здасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў». Пра тое ж неаднаразова згадваюць бліжэйшыя сябры Уладзіміра Караткевіча. «Чамусьці вельмі не любіў, калі крытыкі называлі яго рамантыкам...» (Генадзь Кісялёў).
Па сутнасці мы робім Караткевіча такім, якім ён сам сябе не бачыў і не хацеў бачыць. Калі ў яго творах сюжэтныя лініі развіваюцца ў далёкіх стагоддзях, то не дзеля рамантызацыі мінуўшчыны, а каб паказаць годных і свабодных людзей, выклікаць у чытачоў гонар за ўчынкі продкаў. Звяртанне да мінулага патрэбна для ўсведамлення сучасных рэалій.
У 1979 годзе Адам Мальдзіс занатаваў адказы Уладзіміра Караткевіча на сустрэчы з аматарамі яго апавяданняў. Там спыталіся: «Якая мэта вашых гістарычных раманаў?», на што было сказана: «Прышчэпка супраць памылак... Гісторыя — яна павучае!» У тым жа годзе ён піша ўкраінскаму пісьменніку Раману Іванычуку, што думае пра дасланую кнігу: «І гістарычна цікавая, і (што заўсёды самае каштоўнае для мяне) з вялікім сэнсам для сённяшняга дня». Кінарэжысёр Юрый Цвяткоў выказвае абсалютна слушнае меркаванне: «Асаблівасць творчасці Караткевіча — праз гістарычныя падзеі і калізіі вяртаць свайго чытача да праблем сучаснасці».
Уладзімір Караткевіч як ніхто разумеў, што веданне гісторыі дапамагае пазбегнуць трагедый і памылак, што адбываліся ў былых эпохах. І менавіта таму ў яго не было аніякіх ілюзій наконт камуністычнай сістэмы і савецка-партыйных кіраўнікоў. «Наконт лагераў і ўсяго такога — Вы маеце рацыю. Гэта — язва, хто б гэта ні рабіў. I ніякія вышэйшыя меркаванні апраўдаць такога не могуць, наадварот, драты канчаткова кампраметуюць кожны ўрад і паказваюць, што ад яго больш няма чаго чакаць» (з ліста Ларысе Геніюш у 1963 годзе).
Родныя Караткевіча таксама пацярпелі ў сталінскія часы. Быў арыштаваны муж бацькавай сястры Вольгі Мікалай Садавы, які працаваў загадчыкам аблана на Камчатцы. Яна з двума сынамі была вымушана прыехаць у Беларусь, дзе жыла ў сям’і брата ў Оршы. Малому Валодзю тады было каля 10 гадоў, але ён назаўсёды запомніў атмасферу страху і несправядлівасці. Фларыян Няўважны, які вучыўся ў Кіеўскім універсітэце разам з Караткевічам, успамінаў, што той «лепш за мяне валодаў сітуацыяй — у яго дзядзька быў рэпрэсіраваны, пра якога ён мне часта згадваў і хваляваўся з-за яго». Па яго словах: «Былі подлыя, цяжкія часы. Караткевіч заставаўся для мяне адзіным чалавекам сярод маіх новых знаёмых, хто так ненавідзіў сталінізм, таталітарызм, усялякі прыгнёт...».
Хаваць свае погляды Уладзімір Караткевіч прынцыпова не збіраўся. Казаў тое, што думаў, крытыкаваў бездараў і падхалімаў, не меў пачцівасці перад вышэйшымі начальнікамі БССР, якія ва ўсім залежалі ад загадаў Крамля. Змагаючыся за раман «Нельга забыць», як потым сам прызнаваўся, «разоў дваццаць да сакратара ЦК па прапагандзе званіў», што само па сабе было выклікам.
Сярод пытанняў, якія разглядаў Прэзідыум СП БССР 60 гадоў назад, быў і раман У. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі», які выйшаў асобнай кнігай пад новай назвай толькі ў 1982 годзе. Фота: газета «Звязда».
Адкрыта чытаў Біблію і самвыдат, ганіў афіцыёзную савецкую паэзію і ўвогуле сацрэалізм, прапаноўваў, каб на месцы зруйнаванага манумента Сталіну ў Мінску ўзвялі помнік Янку Купалу. Распавядаў знаёмым пра малавядомую дзейнасць Леніна, ведаў пра расстрэл дэманстрацыі ў Новачаркаску, абараняў тых, хто падвяргаўся пераследу карных органаў. Васіль Сёмуха прыгадваў, што калі ім заняўся КДБ, то Караткевіч хаваў яго цэлае лета ў дзедавай хаце ў Рагачове.
Кіраўніцтва БССР звяртаецца ў Маскву наконт узнагароды Караткевіча (дакумент апублікаваны на сайце «Архівы Беларусі»)
Не дзіва, што «за Караткевічам хадзіла цэлая армія стукачоў, мастацтвазнаўцаў у цывільным» (Рыгор Барадулін). Яго гадамі не друкавалі, прылюдна называлі творы нацыяналістычнымі, прымушалі жонку выступіць з пакаяннем за ідэйныя пазіцыі мужа. «Пры жыцці яго цкавалі амаль за кожны верш, за кожны нарыс, ужо не кажучы пра яго цудоўную прозу...» (перакладчыца Валянціна Шчадрына). Пісьменнік быў пад пастаянным пераследам і з душэўнай скрухай скардзіўся сябрам: «Ад адной думкі, што можна зламацца, стаць кан’юнктуршчыкам, робіцца страшна. А пісаць так, як пішу, — гэта нікому не патрэбна» (з ліста да Янкі Брыля ў 1960 годзе).
«Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе»
Караткевіча выратавала ўпэўненасць, што ён служыць святой справе. Дзеля гэтага ён быў гатовы адмовіцца ад шчодрых ганарараў і іншых матэрыяльных даброт, што абяцалі лаяльным пісьменнікам. Калі яго кнігі зусім перасталі друкаваць, апальны аўтар паведамляе Ларысе Геніюш, якая знаходзілася ў падобным становішчы: «Я чалавек не спешчаны, мне ад яго, ад жыцця, дач і машын не трэба. На хлеб з кавай зараблю. А ўрэшце, добра ўжо тое, што мне цяпер ніхто не прапануе, як шматлікім іншым, рабіць тое, што мне не падабаецца».
У апублікаванай у 1966 годзе аўтабіяграфіі Уладзімір Караткевіч абвяшчае сваё духоўнае крэда: «Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца».
Адчуванне сваёй высакароднай місіі натхняла яго на стварэннё ўсё больш дасканалых і велічных твораў. Пазней, калі да пісьменніка нарэшце прыйшла шырокая вядомасць, Караткевіч аднойчы падзяліўся набалелымі думкамі з гісторыкам Генадзем Кісялёвым: «Цяпер мяне ўжо з літаратуры так проста не выкінеш — я ва ўсіх энцыклапедыях...». Можна не сумнявацца, што ён дакладна прадстаўляў уласныя творчыя маштабы і дасягненні, якія ацэньваў без залішняй сціпласці: «Затое, можа быць, я — генералісімус беларускай літаратуры...» (з успамінаў пляменніцы Надзеі Кучкоўскай).
Для нас вельмі важна, што Караткевіч, які ўсё жыццё пражыў у савецкай рэчаіснасці, тым не менш, верыў у лепшую будучыню беларусаў і прадчуваў вольную незалежную Беларусь. Калі на пачатку 70-х яму давялося даваць тлумачэнні ў КДБ пра змест размоў са сваімі аднадумцамі, то сярод іншага прагучала наступнае: «Вполне возможно, что разговоры на тему о существовании Беларуси наподобие Болгарии или Польши и могли быть» (цытуецца на мове арыгінала па публікацыі ў часопісе «Нёман» № 11, 1993 г.). А паэтэса Данута Бічэль пакінула ўспаміны пра тое, як у Гародні вясной 1965 года Караткевіч прамаўляў проста неверагодныя па тых часах словы: «Сцяну ён абнімаў, гладзіў.
І кажа: «Калі буду прэзідэнтам, пабудую празрысты купал, каб захаваць гэты горад ад ветру, граду і разбурэння. Гэты горад будзе ратаваць мой народ ад бяспамяцтва і дурноты...».
Малюнак Уладзіміра Караткевіча (апублікаваны ў Зборы твораў у 25 тамах, том 18)
Усё гэта дае падставы называць Уладзіміра Караткевіча духоўным прарокам нацыі, успрымаць яго як недасягальную творчую вышыню ў гісторыі беларускай літаратуры. «Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто» (Васіль Быкаў). Будзем спадзявацца, што XXI стагоддзе стане стагоддзем Караткевіча, якога нанова адкрыюць у Беларусі.
* У артыкуле выкарыстана інфармацыя са Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 8 тамах, зборніка «Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду!: успаміны, інтэрв’ю, эсэ» (Мн.: Маст. літ., 2005), кнігі Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», сайта karatkevi.ch і шэрагу іншых друкаваных і інтэрнэт-крыніц.
В. С., Budzma.org