У літаратурны музей Петруся Броўкі ягоны сын летась перадаў сямнаццаць валізак з уласнымі рэчамі, здымкамі і лістамі пісьменніка. Цяпер навукоўцы разбіраюць скарбы і размотваюць нітачкі невядомых гісторый. А пакуль мы чакаем сенсацыйных адкрыццяў, вось некалькі цікавых фактаў з жыцця аднаго з самых забранзавелых людзей мінулага стагоддзя.
За Броўку!
Падчас камандзіроўкі ў Чэхаславакію* сябры вырашылі пажартаваць з пісьменніка, прыйшлі да яго ў пакой і паведамілі, што тутэйшыя ва ўсіх барах выпіваюць за яго. Броўка пайшоў праверыць — і сапраўды: людзі падыходзілі да бара, замаўлялі напой, казалі “За Броўку”. Пісьменнік быў вельмі ўсцешаны сваёй папулярнасцю, але пасля высветлілася, што ў бары замаўлялі зуброўку.
*”Бровка тянулся к молодым, поддерживал их охотно. К примеру, первую книгу Игоря Шкляревского “Я иду” из-под ножа спас — цензура отдала распоряжение разобрать набор… Ходила веселая шутка, что и молодые слишком любят Бровку. Как ни зайдем в винно-водочный отдел, только и слышно, как юная смена выкрикивает: “За Броўку!” (это просят “Зуброўку”)”, — успаміны Рыгора Барадуліна “И лавры вянут”.
Як Маякоўскі
У сталым узросце Пётр Усцінавіч казаў, што не варта было так пачынаць кар’еру, але! За юнацкімі часамі ён так захапляўся творчасцю Маякоўскага, што капіраваў не толькі яго стыль (“Гады як шторм” складзены з твораў “лесвічкай” і з адпаведным рытмічным ладам), але і выгляд. Пятрусь галіў галаву і насіў гарнітур, таму быў даволі падобны да свайго эталона. Праўда, з манеры апранацца трохі кпіла будучая жонка пісьменніка.
Рамантычныя гісторыі
За часамі працы загадчыкам аддзела акруговага камітэта камсамола ў Полацку на адным са здымкаў ён напісаў прыгожы верш невядомай адрасатцы. Праўда, тады Броўка яшчэ не лічыў сябе паэтам. Была і другая невядомая спадарыня, якой Пятрусь падпісваў сваю фотакартку, але тут ён абмежаваўся агульнымі словамі. Яшчэ адну рамантычную нітку можна знайсці ў невялічкай кніжцы “Разам з камісарам”, дзе Броўка праз прыгоды Федзі Марцінёнка апісвае свае юнацкія гады. У адным з апавяданняў расказваецца, як юнак зацікавіўся на вечарыне прыгожай дзяўчынай, але да яе таксама заляцаўся бухгалтар. Ад злосці Федзя (Пятрусь) ледзь не адстрэліў таму вусы.
Галоўная рамантычная гісторыя
Алена Міхайлаўна яшчэ да знаёмства з Броўкам некалькі разоў бачыла пісьменніка. Неяк ён сустракаўся з паэткай Яўгеніяй Пфляўбаўм і цалаваў ёй руку. Тады будучая жонка здзівілася, якія арыстакратычныя ў іх адносіны. Але насамрэч паэты таго часу проста імкнуліся выдзяляцца. Само ж знаёмства будучых сужэнцаў адбылося так: Броўка са сваім сябрам Глебкам былі ў творчай камандзіроўцы (жылі ў пятай самарскай дывізіі ў Ждановічах). І вось Пятра Глебку вырашыла наведаць жонка Ніна Іларыёнаўна, а яна ўзяла з сабой сяброўку – Алену Міхайлаўну. Яны цягам дня купаліся, палілі вогнішча і запякалі бульбу, а калі Броўка пайшоў праводзіць дзяўчыну дадому, то на развітанне сказаў: “А цяпер я пайду халоднымі губамі цалаваць жалезную краваць”. З таго часу ў іх і пачаліся рамантычныя адносіны.
(“У гэтым самым пасёлку Ждановічы, дзе калісь былі лагеры 5 Самарскай дывізіі, Пётр Усцінавіч пабудаваў сабе дачу, дзе аж да 1980 года абавязкова жыў усё лета, а часам захопліваў кавалак восені, вясны, а то і зімы. Гэта была яго любімая мясціна…” — успаміны жонкі)
Усё яму жартачкі
Петруся Усцінавіча складана ўявіць смяшлівым чалавекам, хаця ў яго насамрэч было добрае пачуццё гумару. Цягам той самай камандзіроўкі ў Ждановічы Броўка і Глебка начавалі ў казарме, хадзілі ў форме і жылі паводле вайсковага статута. З тых часоў застаўся фотаздымак, які Броўка падпісаў: “За нашаю спінаю працуй смела — ад ворага заўсёды абаронім”. Так-так, маладзецкія абаронцы там матэрыял для літаратурных твораў збіралі.
Continental з літарай “ў”
Пасля ВАВ Панамарэнка загадаў, каб кожнаму сябру Саюза пісьменнікаў выдалі трафейную друкарскую машынку, гадзіннік і радыёпрыёмнік. На тых “Кантыненталях” памянялі літары, там нават былі ё, і, ў. Але Броўка ўсё часцей пісаў ад рукі, а друкавала тэксты Алена Міхайлаўна. Яны часцяком дзялілі адно працоўнае месца на дваіх.
Дэпутат ад Опернага
Як і цяпер, тады дэпутатаў вылучалі не толькі ад тэрыторый, але і ад калектываў. Кандыдатуру Броўкі ў Мінскі гарадскі савет вылучыў менавіта Оперны тэатр. Цікава, што Пятрусь Броўка напісаў лібрэта да першай беларускай нацыянальнай оперы «Міхась Падгорны», пастаўленай у Вялікім тэатры оперы і балета яшчэ ў 1939 годзе. Операй “Міхась Падгорны” быў урачыста адкрыты новы будынак БДТОіБ 10 сакавіка 1939 года, а Броўка быў вылучаны 11 снежня 1939. Таму тут хутчэй атрымалася наадварот: не Броўка падзякаваў, а тэатр.
Броўка і купалаўцы
Броўка і Купала шчыльна сябравалі (што ў некаторых нават выклікала зайздрасць), ёсць некалькі іх агульных здымкаў. Адзін з такіх Пятру Усцінавічу падарылі на 60-годдзе акцёры Купалаўскага тэатру. Сярод сарака подпісаў у цэнтры ёсць аўтограф і Стэфаніі Станюты.
Таямніцы Броўкі
Пётр Усцінавіч распавядаў пра сябе шмат цікавых гісторый, але так і не пакінуў аўтабіяграфіі. Нават Васіль Быкаў ва ўласных успамінах адзначыў, што прасіў Броўку запісаць яго такія цікавыя выпадкі, якія ні з кім больш не маглі адбыцца. А Броўка ўсё адказваў, што няма часу на гэта і што часам лішняе ведаць — бяда. Што хаваў пісьменнік, так і засталося невядомым.
Цікавымі гісторыямі падзяліўся малодшы навуковы супрацоўнік літаратурнага музея Петруся Броўкі Дзмітрый Андрэеў.
Марыя Грыц
Глядзіце таксама: