Некалькі палітычных цэнтраў у выгнанні. Беларускія часткі ў чужых арміях. Чужыя войскі на Беларусі. Бежанства і немагчымасць планаваць заўтрашні дзень... 25 сакавіка 2022-га Беларусь сустракае ў стане, максімальна падобным да часоў БНР.
Паралелі таго часу з нашым настолькі яскравыя, што застаецца хіба Ціханоўскай пачаць выдаваць беларусам свае пашпарты ў консульскіх аддзелах ва ўсім свеце — накшталт пашпартоў БНР. Бо сінія пашпарты РБ ужо сталі па ўсім свеце «чорнай меткай» для ўласнікаў.
Першая выснова — скрушная. Нейкая закальцаваная рэальнасць. Часовая пятля, пра якую Крыстафер Нолан мог бы зняць фільм. Больш за 100 гадоў мы ходзім па коле. А маглі б, па прыкладзе Фінляндыі ці краінаў Балтыі, паспець збудаваць уласны паспяховы нацыянальны праект.
Дык можа... гэтыя сто год былі марнымі? Можа, беларускі нацыянальны праект нежыццяздольны, а беларушчына — гэта субкультура, накшталт аматараў Цоя, якія будуць заўсёды, але без магчымасці ўплываюць на музычны мэйнстрым? Усё было дарэмна?
Даруйце, Вацлаў Юстынавіч і Іван Дамінікавіч, мы ўсё пра...
А зараз — цвяроза. Як бы там не было, але беларускі дзяржаўны праект адбыўся. Наўпрост, улічваючы рэгіён, усе хваробы маладой дзяржавы ў нас расцягнуліся на доўгія гады. Маск запускае ракеты ў космас, а мы дагэтуль яшчэ не перажылі нацыянальнага рэнесансу, не перараслі эпоху дыктатуры, якую Польшча ці Латвія прайшлі ў 1920-х — 1930-х гадах.
Але так бывае. БНР, з усёй павагай, была дэкларатыўнай дзяржавай, сатканай з маніфестаў, ідэяў, вершаў і мноства прыгожых словаў. Што казаць, калі дзяржавы з плоці і крыві — сапраўдныя — часам заходзяць у тупік. Робяць фатальныя памылкі. Капітулююць. Калапсуюць эканамічна. Перажываюць здраду лідараў.
Узгадайце Чэхаславаччыну, якая паддалася бяззбройна. Прыклад Аўстрыі, дзе Гітлера віталі кветкамі. Прыклад магутнай Францыі, якая пераўтварылася ў незразумела што пад нямецкім кіраваннем. Прыклад той самай Польшчы, якая гераічна баранілася, але ўрад дзяржавы збег у першыя дні вайны. Гэта дарослае жыццё. Бывае.
Галоўнае, што чэхі, французы, галандцы, бельгійцы, палякі ды іншыя не зракліся сваіх нацыянальных праектаў. Не зракліся сябе. І — выстаялі. Дастаткова было, каб хаця б невялікая частка эліты ўзяла на сябе адказнасць. Каб хоць невялікая частка народа — супраціўлялася.
Калі вярнуцца да тэмы БНР, давайце ўзгадаем і прааналізуем асноўныя памылкі нашых бацькоў-заснавальнікаў 1918–1920 гадоў. Мы не можам іх вінаваціць, бо яны былі першымі — піянерамі. Зараз жа, магчыма, гісторыя дае нам другі шанц. Другі падыход да таго самага турніка — праз 100 год. Шанц здаць нарматыў.
Дзіўна, але айцы БНР грэбавалі вайсковым пытаннем. Нават калі грошы былі, іх не давалі на войска. На румынскім фронце стаялі часткі расійскай арміі (імперыя ўжо ляснулася), складзеныя з беларусаў, але іх ніхто не вяртаў у Беларусь. З войскам Балаховіча кантакт так і не атрымаўся, хоць «бацька-атаман» быў гатовы ўпісацца за БНР.
Таму асобныя баяздольныя прабеларускія часткі паўставалі адно ў складзе іншых арміяў. Армія Балаховіча — пад крылом палякаў. Першы беларускі полк у Гродне — пад крылом літоўцаў. Беларускай Вайсковая Камісія — польскі Генштаб. І г. д.
У палітычнага кіраўніцтва наўпрост не было сталага кантакту з вайскоўцамі. А без войска ў стане вайны дзяржавы няма. Магчыма, не хапіла граматнага медыятара-перамоўніка паміж палітычнай і вайсковай элітай. Ці досведу. Але вынік апынуўся фатальным.
Цудоўная рэч — «Архівы БНР». Там прапісана багата чаго, у тым ліку грашовыя пытанні, выдаткі. У бацькоў БНР грошы час-почас з’яўляліся, прычым немалыя: атрымлівалася прадаваць лес украінцам, нейкую рэквізаваную маёмасць, дапамога ў форме крэдытаў.
Пытанне, куды яно выдаткоўвалася. Па дакументах — на заробкі ўрадоўцам, падарожжы, памяшканні ды нават крутыя аўто. Тыя самыя аўто ўрадоўцы пасля прадавалі за меншыя сумы, калі грошы сканчаліся. А яшчэ — на безліч брашураў, газет-аднадзёнак і бюлетэняў. Апошняе мела сэнс хаця б часткова, але якасць тых СМІ была досыць слабой нават на той час.
Зразумела, што рэсурс урада ў выгнанні ці на бацькаўшчыне, але на «птушыных правах», гэта не бюджэт нармальнай дзяржавы. Тым не менш у грашовых справах мае быць пытанне прыярытэтаў. У выдатках мае прапісвацца: ці канвертуюцца дадзеныя сродкі ў чарговы крок да перамогі?
Чаго багата ў архівах БНР, дык гэта сведчанняў сварак і канфліктаў між урадоўцамі, дыпламатамі, сябрамі камісіяў і камітэтаў. Хто каго назваў непісьменным, недастаткова свядомым, крадуном, інтрыганам, агентам — поўны кораб.
Дзеячы БНР у 1918 годзе. Злева направа: сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка, стаяць — Смоліч, Крачэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц
Прыгожы здымак бацькоў БНР вясны 1918-га, дзе ўсе яшчэ разам, натхнёныя, вясёлыя. Яго можна было б парэзаць на кавалкі: кожны пасля абраў сваю Раду БНР — Вышэйшую ці Найвышэйшую, Ковенскую, Пражскую ці яшчэ якую. Людзі, якія меліся дамаўляцца са сваім народам і з усім светам, не змаглі паразумецца паміж сабой.
У выніку кожная асобная «партыя» абірала сабе моцнага патрона — Польшчу, Літву ці нават Савецкую Расію, дзейнічала ўжо пад іхным крылом. Беларускія пралітоўскія партызаны ваявалі супраць Польшчы, беларускія прапольскія аддзелы супраць СССР, а прасавецкія дзеячы ўрэшце сабралі ўсіх на Берлінскую канферэнцыю і ...зачынілі праект БНР.
Увесну 2018-га ў Нацынальным гістарычным у Мінску прайшла выстава да 100-годдзя БНР. Галоўнымі экспанатамі былі газеты і дакументы, фотаздымкі, паштовыя маркі, пячаткі, сцяжкі, пашпарты, лісты... На той самай выставе было ўсяго некалькі вайсковых цешак з выявай Пагоні. Вобмаль аўтэнтычнай зброі, узятай хутчэй для антуражу.
Калі вельмі груба, то спадчына БНР — гэта купа паперы. Наша першая «эксперыментальная» дзяржава пакінула па сабе шмат словаў — правільных ці не, гучных ці прапісаных дробным курсівам, пафасных і не вельмі, але — словаў. Дзяржава апынулася паветраным замкам, каляровым сном.
«Словы мацней» — прыгожая метафара. Словы могуць быць мацней іншых словаў. Але толькі зрэдку — мацней справаў. І ўжо зусім зрэдку на фоне вайны, геапалітычных разломаў і новага перадзелу свету...
Дзякуем, Вацлаў Юстынавіч і Іван Дамінікавіч, мы не забудзем.
Алесь Кіркевіч, budzma.org