Творчы тандэм у складзе Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка наведаў Любань 5 верасня, дзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыліся дзве літаратурна-музычныя сустрэчы: у Любанскай гімназіі №1 і СШ №1.
“Сустрэчы ў Любані – гэта працяг урокаў ведаў, прымеркаваных да пачатку новага навучальнага году. Галоўнай тэмай нашых выступаў стала беларуская мова як аснова духоўнай культуры Беларусі. На дзвюх сустрэчах прысутнічала больш за трыста вучняў. Мяркую, што нашыя ўрокі ведаў прайшлі ўдала, аб чым сведчаць прапановы аб далейшым творчым супрацоўніцтве паміж беларускімі пісьменнікамі і навучальнымі ўстановамі Любаншчыны. На сустрэчах прысутнічалі карэспандэнты газеты “Голас Любаншчыны”, – паведаміў паэт і бард Эдуард Акулін.
На здымках:
1. Падчас выступу ў Гімназіі №1.
2. Прыз ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” уручае Э. Акулін.
3. Урок ведаў у СШ №1.