З гэтага года адзінаццацікласнікі замест звыклых школьных іспытаў будуць здаваць цэнтралізаваныя. CityDog.io пагутарыў з экспертам у адукацыі і настаўнікам матэматыкі Сяргеем Альшэўскім пра тое, для чаго гэта трэба. І наогул: што цяпер адбываецца ў сістэме беларускай адукацыі?
Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст — голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.
Што яшчэ за цэнтралізаваныя іспыты?
2 снежня 2022 года стала вядома, што цяпер выпускнікі 11 класаў будуць здаваць замест звыклых выпускных іспытаў два цэнтралізаваныя (ЦІ). Адзін, абавязковы, — па рускай ці беларускай мове, другі — па выбары з тых прадметаў, па якіх цяпер праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ).
Тым, хто плануе паступаць у ВНУ, трэба здаваць яшчэ адзін дадатковы іспыт у форме ЦТ. Гэта значыць цяпер, каб стаць студэнтам, давядзецца прадставіць два сертыфікаты — па ЦІ і па ЦТ.
Навошта замянілі выпускныя іспыты цэнтралізаванымі: «Гэта спосаб замяць праблему няякаснай школьнай адукацыі»
Cяргей Альшэўскі, настаўнік матэматыкі
— Па сутнасці, калі глядзець чыста тэхнічна, не ўнікаючы, што за гэтым стаіць, цэнтралізаваныя іспыты — гэта проста невялікая карэкціроўка формы выпускнога іспыту. Але калі ўсё ж разабрацца ў пытанні — гэта дзікі жах.
Прычыны гэтай праблемы ляжаць крыху глыбей. Справа не ў цэнтралізаваным або звычайным выпускным іспыце. Змяненне формы — гэта ўсяго толькі спосаб замяць існуючую праблему няякаснай беларускай школьнай адукацыі. Многія моманты мы самі ж і замоўчваем.
Вось прыклад: кожны год Нацыянальным інстытутам адукацыі праводзіцца Рэспубліканскі маніторынг якасці адукацыі, па выніках якога даюць рэкамендацыі школам аб тым, як павысіць узровень пісьменнасці. І мінулы год (маніторынг па матэматычнай пісьменнасці праводзіўся за 9 клас) можна апісаць мемам «Гэта фіяска, братка». Да методыкі, у якой яны адсочваюць 6 узроўняў матэматычнай пісьменнасці, давешваюць два дадатковыя, каб паказаць, што не ўсё так дрэнна. А па факце больш за палову не дацягваюць нават да першага ўзроўню.
Калі ўважліва паглядзець на табліцу і пралічыць, што стаіць за «парогавым узроўнем» («Выкананне простых матэматычных заданняў, арыфметычных вылічэнняў з натуральнымі чысламі, заданняў на пазнаванне, па ўзоры. Рашэнне задач у 2-3 дзеянні без абгрунтаванняў»), то адразу становіцца страшна. Бо 68% дзяцей могуць справіцца толькі з найпрасцейшымі задачамі, якія не патрабуюць абгрунтаванняў.
Але гэта яшчэ не ўсё. Калі параўнаць «узроўні» ў лісце з рэкамендацыямі з «узроўнямі» матэматычнай пісьменнасці, якія выкарыстоўваюцца, напрыклад, у PISA (Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў), то акажацца, што ў другіх няма ні парогавага ўзроўню, ні ніжэйшага за парогавы. Ад гэтага становіцца яшчэ больш сумна: 68% дзяцей не дацягваюць да першага ўзроўню, з якога можна ў прынцыпе казаць аб матэматычнай пісьменнасці ў міжнародным кантэксце.
З апошніх заяў Міністэрства адукацыі: па выніку ЦІ вучням выдадуць сертыфікаты, якія будуць выкарыстоўвацца для паступлення ва ўніверсітэт. Але вось нюанс: у ЦТ заданні разбіты на пяць узроўняў складанасці. А прадстаўнікі Мінадукацыі паведамляюць, што на ЦІ не будзе заданняў пятага ўзроўню. Груба кажучы, гэта тыя заданні, якія ацэньваюцца ў 9-10 балаў. То бок дзеці, якія ведалі на 8, прэтэндуюць на 10, а дзеці, якія ведалі на 7, прэтэндуюць на 9.
Але што рабіць рабятам, якія рэальна ведаюць на 9-10 балаў? Іх праца і веды абясцэньваюцца. Далей гэтыя таленавітыя дзеці павінны будуць канкурыраваць з тымі, хто аб’ектыўна не дацягвае. Рыба шукае дзе глыбей; адпаведна, на мой погляд, прагноз па адтоку абітурыентаў за мяжу будзе толькі павялічвацца.
Мне здаецца, цяпер усё накіравана не на тое, каб стварыць роўныя ўмовы, прыбраць спаборніцтва, убачыць дзіця, — за гэтымі прыгожымі словамі мы хаваем тое, што адбываецца па факце. І самае крыўднае тое, што бацькі гэта прапускаюць, ніяк не процідзейнічаюць.
Я не ідэаліст: вышэйшая адукацыя не вырашае, станеш ты паспяховым ці не, але гэта рэальна сацыяльны ліфт, асабліва для рабят, якія вераць у сілу адукацыі. І зараз яны сутыкаюцца з самай вялікай несправядлівасцю, калі ім кажуць, што іх 9-10 роўныя 7-8.
— У адным з інтэрв’ю вы казалі, што да гэтага часу ў Міністэрства адукацыі няма канчатковага бачання, як будзе праходзіць уступная кампанія...
— Цікава назіраць, якія заявы хто робіць цяпер.
Вось я адкрыў матэрыял Мінадукацыі: напісана, што пры выбары навучальнага прадмета для здачы ЦІ не трэба прымаць да ўвагі, з’яўляецца прадмет першым ці другім. А на сайце прыёмнай камісіі БНТУ да нядаўняга часу вісела аб’ява, што на некаторыя спецыяльнасці прымаецца па першым прадмеце (матэматыцы) ЦТ або ЦІ, а па другім — фізіцы — толькі сертыфікат ЦТ. Гэта значыць калі дзіця здасць фізіку ў рамках ЦІ, то яно не трапляе на шэраг спецыяльнасцей. Зараз з сайта ВНУ гэта аб’ява ўжо знікла.
Каб зразумець, як гэта ўсё павінна выглядаць, трэба зразумець, куды мы ўвогуле рухаемся. Напрыклад, характарыстыка на вучня, пра якую гаворыць Мінадукацыі. Так, быццам бы яна недзе не будзе ўлічвацца, але пры аднолькавай суме балаў яна ўсё роўна патрэбна.
І вось для чаго? Якую праблему яна вырашае? Давайце глядзець на важнейшыя рэчы: удзел у алімпіядах, напрыклад! Таму што я зараз гэта бачу як інструмент для чарговага ціску на дзяцей. Бо тут як: калі ў дзіцяці дрэнныя адносіны з настаўнікам, то ён піша яму дрэнную характарыстыку. Сістэма адукацыі — адна з самых карумпаваных сістэм у Беларусі. Вось вам яшчэ адна нагода для карупцыі, з якой вы так змагаецеся. Для чаго? Для таго каб схаваць праблему, каб было зручна і выгадна, каб ні вальнадумства, нічога такога не было.
У чым праблема беларускай школьнай адукацыі: «Гэта не тая школа, якая выхоўвае моладзь, якая думае»
— У Беларусі ёсць стандарты навучальных прадметаў — і ў прынцыпе там усё нармальна: прапісана, што павінны ведаць дзеці, што павінны ўмець. Праблема ў рэалізацыі, у людзях, якія працуюць, у сістэме, у адносінах. Беларускай сістэме адукацыі не хапае эмпатыі — яна наогул не разумее, што адбываецца, яна варыцца ў нейкім уласным замкнёным свеце і, на мой погляд, стала нечалавечай.
— У чым гэта праяўляецца?
— Канец мінулага навучальнага года: на аднаго з вучняў выклікаюць міліцыю з-за таго, што ён выказаў сваю пазіцыю па вайне ва Украіне. За мінулы год па краіне былі 3-4 апублічаныя сітуацыі, калі на вучняў за іх грамадзянскія перакананні выклікалі міліцыю. Тое, што адбываецца, — гэта не сістэма адукацыі, гэта не тая школа, якая выхоўвае моладзь, якая думае. Гэта тая школа, якая ператварылася ў нешта незразумелае.
Пры гэтым я не хачу пакрыўдзіць нікога з настаўнікаў, бо і зараз у беларускіх школах ёсць класныя педагогі. Але мы цудоўна разумеем, што іх заслугі перакрэсліваюцца такімі гісторыямі. Вось яна — школа, вось наша педагагічная супольнасць, вось як мы працуем і рэагуем на ўсё, што адбываецца.
— А што з гэтым рабіць? Перамены здаюцца непад’ёмнымі.
— Пачаць з сябе. У многіх беларусаў ёсць дзеці — схадзіце ў школу, пагутарыце з настаўнікам пра вучобу. За жыццё: без наездаў, без усяго. Даведайцеся, што там адбываецца, разбярыцеся, што такое ЦІ, што стаіць за гэтымі гучнымі заявамі. Зразумейце, што такое сістэма адукацыі.
У сістэме адукацыі дастаткова вялікая колькасць удзельнікаў і бакоў: ёсць вялікі заказчык у асобе дзяржавы, ёсць асобная світа чыноўнікаў, ёсць настаўнікі (каля 100 000), вучні (1 мільён), бацькі (2 мільёны). Розныя бакі, розныя погляды. Каму з гэтых бакоў фактычна не пляваць на гэту адукацыю? У большасці сваёй усім пляваць. Дык як мяняць? Ды і навошта?
Разбіваемся мы не першы год, паднімаючы гэтыя пытанні (відавочныя і аб’ектыўныя), але колькі можна біцца аб сцяну? Я сябе суцяшаю, што калі ты пастукаўся ў дзверы, а табе не адчынілі, то гэта не значыць, што цябе не чакаюць. Але колькі такіх няўдалых спроб трэба зрабіць? Без уключэння ўсіх бакоў, якія рэальна павінны быць зацікаўлены ў вырашэнні гэтай праблемы, нічога не зменіцца.
Пра бясплатную адукацыю і прыватныя школы: «Ёсць попыт у бацькоў на больш якасную адукацыю — і ён неяк будзе задавальняцца»
У размове Сяргей адзначыў, што, калі прымалася канцэпцыя развіцця сістэмы школьнай адукацыі, адзначалася, што да 2030 года ўсе беларусы будуць забяспечаны бясплатнай агульнай сярэдняй адукацыяй: «Асноўныя задачы: забяспечыць поўны ахоп бясплатнай, якаснай агульнай сярэдняй адукацыяй». На гэта эксперт звяртаў увагу яшчэ год таму: маўляў, фактычна ўсё гаворыць аб тым, што прыватныя школы будуць закрыты.
— Што далей будзе з прыватнай адукацыяй, як лічыце?
— Раней прыватныя школы выжывалі насуперак. Цяпер у гэтым напрамку створаны ўсе ўмовы, каб ніхто з беларусаў не ўкладваўся ў прыватную адукацыю. Але як толькі пачалася хваля дзяржаўнага хейту ў дачыненні да прыватных беларускіх школ, тут жа на рэкламным рынку з’явілася з дзясятак аб’яў аб прыватных расійскіх анлайн-школах.
Разумееце, у чым праблема? Як той казаў, не будзеш ты, то будзе тры. Ёсць ніша, ёсць попыт у бацькоў на больш якасную адукацыю. І ён неяк будзе задавальняцца. Аб’ектыўна карціна зараз бачыцца так, што ў Беларусі гэта рабіць усё больш складана. Адпаведна, запыт гэты будзе задавальняцца нейкім іншым спосабам. Магчыма, не ў Беларусі. Толькі пры гэтым можна паспрабаваць у грошах палічыць упушчаную выгаду, колькі мы губляем (у адной толькі Польшчы вучыцца 26 тысяч беларусаў).
— А ці можна параўнаць узровень ведаў беларускіх і еўрапейскіх школьнікаў?
— Гледзячы чым і як вымяраць. Наогул параўноўваць, хто лепш здае тэсты, — гэта такое сабе вымярэнне. Давайце мераць эканомікамі, па ВУП на душу насельніцтва і іншых рэчах.
Але што кідаецца ў вочы — дзеткі ва Украіне, у Польшчы больш свабодныя і разняволеныя, больш дапытлівыя, больш адкрытыя: задаюць пытанні, не згаджаюцца, кажуць, ці падабаецца ім. Вынік гэта ці не?
У той жа час насуперак усяму многія з беларускіх рабят усё роўна застаюцца шчырымі, сумленнымі, са сваім пунктам гледжання, са сваёй пазіцыяй. За гэтых дзяцей, якія імкнуцца не быць прадуктам сістэмы, вельмі моцна хвалюешся. І адначасова задаешся пытаннем: як, адкуль гэта смеласць? Гэта такі феномен, калі насуперак, а не дзякуючы.
Хаця лічу, што галоўнае — знайсці падыход да вучняў, тады яны ўсе раскрываюцца і здольныя вучыцца. Праўда, калі ў цябе ў класе 30 чалавек, на падыход застаецца ў лепшым выпадку па 1,5 хвіліны.
— Але гэта ж таксама праблема?
— Праблема? А няма ўжо праблемы: унеслі ж змены ў Кодэкс аб адукацыі. Раней была дакладна прапісана норма: 20 і 25 чалавек у класе. А цяпер прывязалі колькасць вучняў да квадратных метраў. Так можна і ў спартзалі арганізаваць навучальны працэс.
Усё: праблема больш не праблема, прыбіраем норму — і вырашана. Але наступствы такіх рашэнняў мы ўбачым праз пару гадоў.
— У адным з інтэрв’ю вы казалі, што зараз у большасці настаўнікаў, якія працуюць у школе, выгаранне...
— У 2018 годзе на аснове методыкі дыягностыкі эмацыянальнага выгарання Бойкі мы з калегамі з ініцыятывы «Народны падручнік» апыталі 1000 настаўнікаў (гэта 1% ад усёй колькасці) — і 80% з іх былі ў жудасным стане. У іх была вельмі ярка выяўлена неадэкватная рэакцыя на сітуацыю, эканомія эмоцый і іншае — ва ўсіх паказчыках верхняя мяжа, негатыўная. Мы ўжо тады ўздымалі гэта пытанне і сустракалі хвалю супраціву. Але так, гэта праблема.
Помніце сітуацыю з гомельскай настаўніцай, якая ўзялася за стул? Хтосьці рэальна вывучаў гэту праблему — што стала прычынай? Окей, настаўніца замахнулася крэслам на вучня — гэта факт. Але прычына такіх яе паводзін у чым? Паглядзелі на грамадскую думку, адрэагавалі так, як было выгадна большасці, — і?..
Пры гэтым у школах працуюць псіхолагі, у якіх можна прайсці дыягностыку эмацыйнага выгарання. Але ці ёсць у настаўнікаў на гэта сілы, калі ў іх па 8 урокаў у дзве змены, а ў класе не 5-6 чалавек, а 30? Ёсць асцярогі, што стан настаўнікаў у Беларусі цяпер вельмі дрэнны.
Спадзяюся, гэта справакуе станоўчыя змяненні ўнутры школ, пачнуць звяртаць увагу на рэальныя праблемы і шукаць рэальныя прычыны, а не займацца касметычным рамонтам.