Сапраўды, а ў чым каштоўнасць Анджэя Пачобута для Польшчы? Чаму Варшава столькі часу білася за чалавека з сінім беларускім пашпартам? Ён шпіён? Не. Палітык? Не. Кіраўнік грамадскай арганізацыі? Таксама — не. У чым тады соль?..
Капейкіны гэтага не разумеюць, бо кіруюцца савецкай логікай. Памятаеце фразу Сталіна: «Я солдата на фельдмаршала не меняю»? Паводле легенды, немцы ў 1943 годзе пасля Сталінградскай бітвы праз Чырвоны Крыж прапанавалі саветам абмен: свайго фельдмаршала Паўлюса — на сталінскага сына Якава Джугашвілі, які трапіў у палон на пачатку вайны.
Сталін адмовіўся, зрабіўшы акцэнт на несувымернасці абмену паводле вайсковай логікі: Якаў быў усяго толькі старлеем… Паўлюс — фельдмаршал. Кошт не той. Не канвертуецца Джугашвілі-малодшы ў Паўлюса.
Сталінская фраза стала легендай, бо мела падкрэсліць «жалезную волю» правадыра. Пра тое, што ў Сталіна людзі ў прынцыпе нічога не каштавалі, а таму і абмены палоннымі яму не былі цікавыя, казаць было не прынята…
Вось так і тут. Здаецца, палякі зрабілі «дзіўны» абмен. Беларусам і расіянам аддалі сапраўдных мацёрых шпіёнаў, а ў абмен — атрымалі… журналіста. Дзе логіка? А логіка ёсць. Толькі што не сталінская гэта логіка, не савецкая. Польшча — дэмакратычная дзяржава. А ў дэмакратычнай дзяржаве важны маштаб чалавека, а не яго фармальныя рэгаліі.

Першае фота Анджэя Пачобута на волі. Яго сустракаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Фота: Donald Tusk/ Х
Анджэй Пачобут — шмат разоў даводзіў сваю прынцыповасць, рашучасць, нязломнасць. Шмат разоў мог з’ехаць у Польшчу і там займацца гістарычнымі даследаваннямі ці журналістыкай. Але — застаўся. Бо навошта ў Польшчы бараніць польскасць? Польскасць трэба бараніць там, дзе ёй нешта пагражае. У сучаснай Беларусі, напрыклад.
Такія людзі выклікаюць павагу, нават калі не маюць званняў і пагонаў. Таму «каштоўнасць Пачобута» разумелі і ў Варшаве, і ў Мінску. Жывучы ў рэаліях неаб’яўленай вайны, усе мы разумеем, што
Пачобут па факце палонны «генерал», не меней. Таму і выцягнуць свайго генерала для Варшавы было — справай гонару.
Андрэй Пачобут (справа) з намеснікам галоўнага рэдактара выдання Gazeta Wyborcza Барташам Вяліньскім. Фота: facebook.com/roman.imielski
Магчыма, аргументы пра «справу гонару» гучаць непераканаўча ў наш прагматычны век. Маўляў, усё гэта «піяр», гульня з выбарцамі, не болей. А давайце глянем на сітуацыю па-іншаму: рацыянальна.
Выцягваючы сваіх, дзяржава інвестуе ў грамадства і — у яго ўстойлівасць. Польшча, выцягваючы Пачобута, інвестуе ў польскасць. Быццё палякам — мае каштоўнасць. Кожны паляк, які б пашпарт ён не меў, мае трымаць гэтую гісторыю ў галаве і ведаць: пра яго — памятаюць. Ён — ёсць. Ён не расходны матэрыял, але адзінка польскай супольнасці, расцярушанай па ўсім свеце.
Падыход сучасных беларускіх і расійскіх структур — зусім іншы. Каго яны выцягваюць? Шпіёнаў. Супрацоўнікаў прывілеяванага ведамства. Іх імёны мы наўрад ці калі пачуем, бо гэта — «адпрацаваны матэрыял». А «дома» яшчэ будуць разбірацца, як і на чым той трапіўся, што распавёў, а што не… Гэта канец кар’еры. У рэдкіх выпадках на радзіме такія людзі мецьмуць другі шанец і другое жыццё. А калі ты не палітык і не шпіён, то каму ты наогул патрэбны? Кошт — капейка.
У дзіўным пытанні пра «каштоўнасць Пачобута» чытаецца крыўда тых самых капейкіных: іх ніхто ніколі выцягваць ніадкуль не будзе.
Па-першае, няма дэмакратычнай Беларусі, якая б гэтым займалася. Па-другое, капейкіных мяняюць толькі на капейкіных — оптам. Фельдмаршалаў на капейкіных не мяняюць.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org
______________________________________________________________________
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.