«Адвечным шляхам» перавыдалі ў Польшчы

Выдавецтва «Полацкія лабірынты» перавыдала асобнай кнігай эсэ «Адвечным шляхам», якое ўпершыню было апублікавана ў 1921 годзе ў Вільні ў газеце беларускіх эсэраў «Наша будучына» пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч, піша bellit.info.

«Adviečnym šliacham»

Аўтар твору — вілянчук Ігнат Канчэўскі, які паходзіў з праваслаўнай шляхты, быў таленавітым эканамістам, паэтам, публіцыстам, філосафам. Поруч з малодшым братам Арсенем Канчэўскім стаяў ля вытокаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. У сваім знакавым эсэ ён сфармуляваў тры тэзы беларускай нацыянальнай ідэі, якія леглі ў падмурак найноўшай беларускай філасофіі і былі падхопленыя грамадствам у ХХІ стагоддзі. Гэта быццё паміж Усходам і Захадам, няспынная творчасць і кааперацыя.

Твор публікуецца на беларускай мове ў сучаснай стылістычнай і арфаграфічнай рэдакцыі, з навукова-папулярнымі каментарыямі, каб зрабіць прачытанне даступнейшым носьбітам беларускай мовы ў нашыя дні.

Набыць кнігу можна праз пляцоўку Allegro.pl.

У 2023 годзе філасофскае эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) «Адвечным шляхам» выйшла ў аўдыяфармаце.