Альбом «ТАМ» — пра боль, пра зламаныя лёсы, пра падзеі апошніх 3-х год, і канешне ж, пра агеньчык надзеі і веры ў лепшае, які дапамагае перажываць змрочныя часы.
Сяргей Башлыкевіч
Да яго выхаду гурт ужо паспеў даць слухачам сінгл «Emigrant Song», а самыя кемлівыя тут жа зразумелі, на які вектар наладзіўся Сяргей Башлыкевіч і каманда. Усе песні аб’яднаны адной агульнай тэматыкай і агучваюць думкі кожнага, каму даводзіцца быць у эміграцыі.
Паралелі са слімаком, якому зручна, бо носіць усе свае рэчы пры сабе — адна са шматлікіх метафар і яркае таму пацверджанне. Не сакрэт, што Башлыкевіч выдатна працуе са словам і ад песні да песні мяняе амплуа. Вось тут ён добры сябра, які ляпае цябе па плячы і кажа: «Не гаруй! Усё добра будзе», а вось тут ужо злосны дзядзька, які зусім не па-бацькоўску журыць і крычыць у самае вуха: «Чытай навіны, сволач!».
«ТАМ» — гэта альбом-самарэфлексія, споведзь і, калі хочаце, смех скрозь слёзы. Хоць увесь твор — гэта пра тэкст з сэнсам, прасякнуты адсылкамі і метафарамі, але музычны складнік не дае слухачам сумаваць, падкрэсліваючы агульны настрой выразнымі аранжыроўкамі.
«ТАМ» — суворая праўда жыцця кожнага беларуса па-за межамі Беларусі і нават унутры самой краіны. Нібыта прамая трансляцыя з галоваў тысяч неабыякавых.
Хатні Томпсан, budzma. org
Чытайце яшчэ:
Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: ТОП-5 беларускіх трэкаў ад Сяргея Башлыкевіча