У Італіі адбыўся фінал конкурсу «Еўрабачанне-2022». Выступалі прадстаўнікі 25 краін. Перамаглі ў конкурсе украінцы з песняй Stefania.
Пераможцу выбіралі журы і тэлегледачы. Пасля галасавання журы ўкраінскі гурт Kalush Orchestra знаходзіўся на чацвёртым радку, аднак гледачы далі калектыву 439 балаў з 468 магчымых. У выніку гурт атрымаў 631 бал і перамог ў конкурсе.
На другім месцы апынулася Вялікабрытанія (466 балаў), трэці радок заняла Іспанія (459 балаў). Таксама ў пяцёрцы лепшых апынуліся Швецыя і Сербія.
Яшчэ да суботняга фіналу Украіна была фаварытам конкурсу. Букмекеры ацэньвалі верагоднасць яе перамогі ў 70-75%.
Гэта трэцяя перамога Украіны ў конкурсе за ўвесь час яго правядзення. У 2004 годзе перамогу краіне прынесла спявачка Руслана, у 2016-м на першым месцы апынулася Джамала.
Па правілах конкурсу, наступнае «Еўрабачанне» павінна прайсці ва Украіне, паколькі яна перамагла ў конкурсе. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паабяцаў, што краіна зробіць усё, каб у наступным годзе прыняць «Еўрабачанне» ў Марыўпалі.