Працягваем публікацыю матэрыяла Аляксея Гайдукевіча, прысвечаную вытокам грамадскай актыўнасці на футбольных трыбунах. Гэтым разам гаворка пойдзе пра тое, якім чынам футбольныя фанаты сталі актыўнай часткай грамадства. Пачатак тут.
Дзякуючы развіццю марскога транспарту брытанскі спорт вёў экспансію па ўсім свеце, а развіццё глабальнай перадачы інфармацыі яшчэ больш падштурхнула гэтыя працэсы. Разам з імпартам уласна гульняў і фармату іх правядзення і папулярызацыі распаўсюджвалася і “культура падтрымкі” на трыбунах і будаўніцтва сацыяльнага жыцця вакол каманд-клубаў.
“Футбольная культура” трапляла на грунт “гарадскіх культур”, змяняла іх, падмяняла ці спрыяла развіццю і трансфармацыі.
Гаворка не толькі пра футбол (які ў Англіі яшчэ называюць “сокер”): напрыклад, рэгбі ў Францыі найбольш папулярнае ў сельскіх мясцовасцях, невялікіх мястэчках. Некаторыя каманды прадстаўляюць этнічныя рэгіёны (каталонскія, брэтонскія, баскскія). Футбольныя клубы такога месца ў сацыяльным жыцці не займаюць. Але гэта зусім іншая гісторыя.
Новая Зеландыя — супольнасць, аб’яднаная спортам
Ва ўсіх краінах Еўропы футбол як самая “народная гульня” інтэграваўся ў гарадскую культуру і займеў вельмі важкае значэнне. Нават у такіх не зусім футбольных краінах, як Данія “прыналежнасць” да пэўнага футбольнага клуба, што звязвае некалькі пакаленняў, стала часткай лакальнай самасвядомасці.
Брытанскі досвед. Еўрапейскія трансфармацыі
Мясцовы патрыятызм у Германіі, дзе моцна развіты рэгіяналізм, з цягам часу стаў элементам клубнай культуры. Можна сказаць, што дзве гэтыя з’явы гарманічна дапаўняюць адна адну. І з’яўляюцца асаблівасцю “клубнай культуры”.
У краінах паўднёвай Еўропы традыцыі згуртаванняў футбольных прыхільнікаў маюць свае асаблівасці, абумоўленыя гісторыяй і этапамі развіцця футбола. Напрыклад, у Грэцыі, дзе на найвышэйшым узроўні гуляюць 2 каманды, створаныя ў пачатку ХХ стагоддзя ўцекачамі з Канстанцінопаля і Малой Азіі.
Фактычна, спартыўныя клубы (ПАОК у Салоніках і АЕК у Афінах) былі і застаюцца элементамі захавання традыцый грэкаў, што маюць карані з рэгіёнаў сённяшняй Турцыі.
Многія лічаць, што культурныя і моўныя асаблівасці “турэцкія грэкі” даўно страцілі, а спартыўныя клубы і супольнасці вакол іх не толькі дэманструюць унікальную ідэнтычнасць, але і нагадваюць пра трагічную гісторыю, захоўваць нацыятворны кантэкст “Вялікай Грэцыі”.
Не сакрэт, што менавіта дзякуючы сваёй гісторыі супольнасці аматараў ПАОК і АЕК — адны з самых уплывовых у краіне, дзе ў клубаў вялікая колькасць рэгіянальных згуртаванняў. Традыцыйна ў Грэцыі вялікія клубныя аб’яднанні заўзятараў ёсць агульнай справай невялікіх груповак. Напрыклад, у кожным раёне Афінаў існуе па некалькі “філіялаў” сталічных клубаў, якія маюць свае памяшканні, таверны, спартыўныя залы, касы ўзаемадапамогі. Можна сказаць, што менавіта ў Грэцыі такога кшталту арганізацыі (афіцыйныя ці не) больш за ўсё адпавядаюць нашаму разуменню грамадскіх аб’яднанняў. Некаторыя з іх, нават лакальныя, маюць уласныя статуты, пячаткі і іншыя атрыбуты “легальнай дзейнасці”.
Акрамя аб’яднання прыхільнікаў пэўнага спартыўнага клуба (бо ў Грэцыі большасць каманд традыцыйна мае па некалькі секцый папулярных камандных відаў) згуртаванні займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, многія ангажаваныя ў палітычныя працэсы.
На ўсходзе Еўропы вельмі моцная агульнапольская супольнасць таварыстваў футбольных аматараў. Клубныя згуртаванні дзейнічаюць цалкам легальна. Вялікую ролю палякі надаюць захаванню і фармаванню традыцый у моладзевых асяродках, бо ў заходнім разуменні “каляфутбольнай культуры” яна ў Польшчы дасюль не сфармавалася, хаця стаіць на нашмат вышэйшым узроўні ў параўнанні з Беларуссю.
Грамадскі спартыўны рух у Польшчы, Чэхіі і Славакіі
Асаблівасць польскіх аб’яднанняў прыхільнікаў — праваабарончая дзейнасць. Што абумоўлена спецыфікай: каляфутбольны гвалт і беспарадкі здараюцца ў краіне вельмі часта, як падчас спаборніцтваў самых папулярных каманд, так і на матчах у ніжэйшых дывізіёнах.
Вялікі рэзананс у грамадстве выклікала агульнапольская акцыя, арганізаваная асацыяцыяй фанацкіх аб’яднанняў, па байкоце самага папулярнага СМІ ў краіне. Што адметна, гэта не палітычная кампанія, а, на думку спартыўных аматараў, антыпрапагандысцкая.
Маюць польскія фанаты таксама досвед па абмеркаванні ўвядзення розных абмежаванняў падчас наведвання стадыёнаў з боку паліцыі і ўладаў, хаця і не вельмі станоўчы.
У адрозненне ад сучасных заходніх асацыяцый, большасць з якіх наўпрост залежныя ад пэўных палітычных сілаў, на ўсходзе Еўропы арганізацыі спартыўных прыхільнікаў пакуль можна назваць больш незалежнымі.
У Венгрыі фанаты “Ферэнцвараша” праз байкот дамагліся скасавання сістэмы электроннага кантролю за наведнікамі спартыўных мерапрыемстваў на сваім стадыёне, што з’яўляецца агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй. Зніжэнне прыбыткаў ад продажу квіткоў на матчы і інфармацыйная кампанія вымусілі кіраўніцтва пайсці на саступкі.
Такім дасягненнем не могуць пахваліцца астатнія прыхільнікі больш папулярных еўрапейскіх каманд, чые правы парушаюць, ажыццяўляючы незаконны кантроль на трыбунах.
Што ў нас?
Пра такія прыклады самаарганізацыі беларускім аматарам футбола застаецца толькі марыць.
Па-першае, спорт у нашай краіне, як і ў большасці постсавецкіх, ёсць нашчадкам мінулага — прафесійна-ведамственнага. Клубы і каманды ствараліся па ініцыятыве чыноўнікаў, грамадская актыўнасць адсутнічала. Таму традыцый існавання клубаў, параўнальных нават з былымі краінамі “савецкага блоку”, у нас няма ўвогуле.
Па-другое, аб’яднанні прыхільнікаў не існавалі і не існуюць да сёння, і шырэй — слабая грамадская актыўнасць і адсутнасць у грамадстве яе разумення.
Беларусь і суседзі: як спорт уплывае на станаўленне нацый
У выніку большасць прыхільнікаў футбольных клубаў (якіх, паводле некаторых ацэнак, у краіне каля 10 000) не знаёмая з досведам існавання згуртаванняў фанатаў і аматараў спорту, не разумеюць мэтаў такіх арганізацый.
Нягледзячы на парушэнне правоў на стадыёнах і каля іх, за шмат гадоў так і не ўзнікла ініцыятыўная група людзей, якія б ставілі за мэту прававую абарону фанатаў як актыўнай часткі грамадства.
Адзіны станоўчы прыклад дзейнасці згуртаванняў прыхільнікаў, які быў цалкам рэалізаваны, — адраджэнне футбольнага клуба фанатамі “Тарпеда-Мінск” пасля знікнення каманды з беларускай спартыўнай мапы.
Невялікай групе энтузіястаў спатрэбілася 6 гадоў, каб зразумець неабходнасць існавання аматарскай каманды сярод прыхільнікаў “Тарпеда”, былых футбалістаў каманды, якія сёння займаюць адказныя пасады ў структуры федэрацыі. Пасля столькіх гадоў у аматарскім статусе футбольны клуб працягнуў выступленне на вышэйшым узроўні, атрымалася знайсці інвестара. З добрымі спартыўнымі вынікамі клуб трансфармаваўся ў прафесійны.
Але такі вынік дзейнасці — хутчэй выключэнне з агульнай карціны, хоць менавіта развіццё грамадзянскай актыўнасці праз спартыўныя ініцыятывы ў Беларусі падаецца вельмі перспектыўным.
Аляксей Гайдукевіч