Імя Галіны Казіміроўскай стала для многіх беларусаў сінонімам мужнасці. Сёння Галіна, якая перажыла арышт, допыты, суткі на Акрэсціна і вымушаную эміграцыю, сутыкнулася з ворагам, якога нельга перамагчы песняй, – з анкалогіяй.
У 2020 Галіна Казіміроўская стварыла «Вольны хор» беларусаў. Так музыка і спевы сталі інструментам мірнага пратэсту. Калі калектыў прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», Галіна з сям’ёй, як і мнгія іншыя ўдзельнікі хору, вымушана была з’ехаць у эміграцыю.
У Варшаве яна адкрыла школу мастацтваў, каб выратаваць калег ад некваліфікаванай працы эмігрантаў, а дзяцей і дарослых аб’яднала ў іх любові да мастацтва і беларускай культуры. Акрамя таго, сам «Вольны хор» працягвае сваю дзейнасць, выступаючы з канцэртамі ў розных гарадах Еўропы.
Нягледзячы на каласальную занятасць, гэтая дзейнасць амаль не прыносіла Галіне даходу. Адзінай крыніцай сродкаў для жыцця былі прыватныя ўрокі вакалу. Але ў пачатку гэтага года ўсё змянілася.
Дыягназ «анкалогія» стаў для Галіны тым выпрабаваннем, якое патрабуе дапамогі і падтрымкі. Прайшоўшы праз шок і адмаўленне, яна прыняла выклік і змагаецца з хваробай з усіх сіл. Зараз яна праходзіць курс хіміятэрапіі, наперадзе аперацыя і яшчэ курсы хімія- і радыётэрапіі.
«Кожны курс хіміятэрапіі – гэта знясільваючая бітва. На кожнае аднаўленне сыходзіць некалькі дзён, і толькі ты прыходзіш у сябе, як новая доза моцных прэпаратаў пазбаўляе цябе сіл».
У такім стане Галіна не можа працаваць, і на дадзены момант проста не мае грошай на базавыя запатрабаванні сям’і – аплату жылля і харчавання.
Хіміятэрапія моцна паўплывала на стан здароўя ў цэлым. Таксічнасць хіміі разбурае печань і іншыя органы, пагаршае агульны стан і нясе з сабою шмат болю. На працягу ўсяго лячэння патрэбны даволі дарагія лекі, якія дапамагаюць падтрымліваць арганізм, змяншаюць моцныя болі.
Хвароба пазбавіла Галіну магчымасці выкладаць, а гэта азначае – пазбавіла сродкаў на існаванне.
У яе няма магчымасці аплачваць арэнду кватэры, купляць базавыя прадукты і аплачваць дарагія лекі для аднаўлення арганізма паміж курсамі хіміі. Каб працягваць лячэнне і перамагчы рак, Галіне патрэбна падтрымка на найбліжэйшыя 6 месяцаў, пакуль доўжыцца актыўная фаза лячэння.
Дапамагчы Галіне Казіміроўскай можна па спасылцы.