Новы альбом Вольнага Хору пад назвай «Наша песьня» складаецца з 16 беларускіх твораў у выкананні змешанага хору a cappella. Гэты альбом — вынік працы хору і пашырэння рэпертуару апошніх 2-х гадоў. Палова гэтых твораў — беларуская харавая спадчына, якая захоўвалася ў Скарынаўцы.
«Маё знаёмства са Скарынаўкай пачалося ў жніўні 2023 году, калі я ўпершыню «нырнула» у музычныя архівы. Гэта былі 10 дзён шоку, адкрыццяў, шчасця, ўздыму і няспыннай працы. Было адчуванне, што я знайшла скарб, беларускае золата! Вярнулася я адтуль з кіпай нот, дагэтуль мне невядомых, з імёнамі, пра якіх таксама нічога не чула. Абсалютным адкрыццём стаў Дзмітрый Верасаў — беларускі кампазітар, які быў вымушаны з’ехаць пад час другой Сусветнай вайны, жыў і працаваў у Ныю Джэрсі, ствараў буйныя музычныя творы. Вельмі мала ягонай спадчыны захавалася і нават з таго, што захавалася многае ніколі не выконвалася», — кажа мастацкі кіраўнік і дырыжор Вольнага Хора Галіна Казіміроўская.
Таксама Галіна Казіміроўская адзначае:
«Некаторыя творы з архіву можна было браць і развучваць адразу, некаторыя патрабавалі апрацоўкі. Вельмі хацелася хутчэй пачуць гэтыя творы, мы прагна развучвалі новыя песні і гімны, плакалі ад шчасця і пяшчоты, ад сучаснасці зместу і сэнсаў, ад трапляння ў наш боль і сэрцы. Музыка павінна гучаць, а не пыліцца на паліцах, таму гэтая справа вельмі важна для мяне асабіста і для нашага хору».
Некалькі твораў з новага альбому належыць аўтарству Галіны Казіміроўскай:
«Заціхла бура» на верш Міхася Чарота,
«Завяжу я думкі ў вузел» на верш Алеся Дудара,
«Наша песьня» на верш Міхася Кавыля.
«Мяне даўно бянтэжыла адсутнасць акадэмічных музычных твораў на тэксты расстраляных паэтаў, я шукала, запытвалася ў іншых кампазітараў і неяк проста пачала пісаць сама. Я думаю прыйдзе час і з’явяцца буйныя творы мастацтва, прысвечаныя гэтым страшным падзеям і памяці аб іх: оперы, фільмы, музычныя цыклы... А што тычыцца твора «Наша песьня» — з ім вельмі кранальна атрымалася. Пад час маёй апошняй вандроўкі ў Лондан і працы над архівам Міколы Куліковіча, сярод нот і папер я знайшла 2 абарваных аркушы з рукапісным вершам Міхася Кавыля «Наша песьня». Я вярнулася ў Варшаву і амаль сходу напісала твор, гэты было так хутка, я быццам толькі занатоўвала, пісалася само. У хоры адразу песня прынялася і палюбілася, здаецца стала нашай-нашай. Так неяк і вырашыла, што у гонар гэтага твора і назаву новы альбом — «Наша песьня»»!
У альбоме таксама гучаць творы сучасных кампазітараў, якія вядомыя ў выкананні беларускіх артыстаў, але ў харавых апрацоўках Вольны Хор надаў ім іншае жыццё. Адзін з твораў на верш Сяргей Ціханоўскага «Наш путь». Калі запісвалася гэта песня Сяргей яшчэ быў у турме, музыкі вельмі хацелі падтрымаць яго сям’ю хаця б такім чынам.
«Верш пераклаў на беларускую мову Макс Шчур і ўсё добра лягло на харавую фактуру», — кажа Галіна Казіміроўская.
У альбом увайшла «Пагоня» аўтарства Міколы Равенскага, менавіта гэтай версіяй гімну адчыняліся першыя праграмы радыё Вызваленне (сёння Свабода). Увогуле, вядома мінімум 5 версій музыкі на верш Максіма Багдановіча «Пагоня», але на сёння беларусам больш вядомая Пагоня Міколы Куліковіча, запісаная ў першым альбоме Вольнага Хору.