Гісторыя Навагрудскага вучылішча бярэ пачатак з сярэдзіны XVII ст., калі ў горад па запрашэнні літоўскага ваяводы Хрыстафора Хадкевіча прыбылі манахі-дамініканцы. У 1624 годзе ў самым цэнтры горада быў пабудаваны драўляны касцёл св. Яцэка (кананізаванага каталіцкай царквой дамініканскага місіянера). Праз 100 гадоў на месцы старога драўлянага касцёла быў пабудаваны новы мураваны касцёл у стылі барока, піша Анатоль Сланеўскі ў «Звяздзе». У 1751-м храм пацярпеў ад моцнага пажару. Аднавілі яго толькі ў 1805 годзе. Біскуп Валянцін Валчэцкі асвяціў яго ў гонар архангела Міхаіла, захавальніка і абаронцы Навагрудка. Побач з касцёлам быў пабудаваны манастыр, дзе была арганізавана дамініканская школа ці, як часам казалі, Калегіюм дамініканаў.
Гравюра адлюстроўвае від на дамініканскі касцёл і манастыр з боку Гандлёвай плошчы. Злева — касцёл (захаваўся да нашага часу). За ім — дамініканскае вучылішча, якое размяшчалася на тэрыторыі манастыра. У будынку вучылішча пазней размяшчаўся клуб, а потым, у пачатку 1860-х гг., — публічная бібліятэка (будынак не захаваўся). Справа, з другога боку вуліцы, — асабняк Радзівілаў (не захаваўся)
Гэта школа знакамітая тым, што з 1807 па 1815 гады ў ёй вучыліся два самыя вядомыя ўраджэнцы Навагрудчыны — паэт Адам Міцкевіч і фалькларыст Ян Чачот.
Міцкевіч, дарэчы, вучыўся добра. З чацвёртага класа імя Адама, як выдатніка, было ўнесена ў спецыяльны рапарт. У 1815 годзе ён скончыў Навагрудскую дамініканскую школу і атрымаў дыплом, які абвяшчаў: «Усім, хто павінен пра гэта ведаць, мы сведчым, што пан Адам Міцкевіч на працягу года хадзіў у шосты клас нашай Навагрудскай дзяржаўнай школы, да ўсіх навук ставіўся старанна і нічога не рабіў супраць маральнасці, а наадварот, адзначаўся набожнасцю і бездакорным паводзінамі». Пасля заканчэння вучобы выпускнікі школы мелі права вучыцца ў Віленскім універсітэце.
Большасць вучняў, якіх звалі студэнтамі, жылі каля школы пры кляштары ў келлях. Раніцай у 6 гадзін звінеў званок для прабуджэння студэнтаў, а ў палове сёмай — на кароткую службу. А сёмай гадзіне быў сняданак.
Лекцыі праходзілі з 8.00 да 10.00, а потым быў вялікі перапынак да 14.00, прызначаны для асабістых спраў студэнтаў і абеду. Днём лекцыі працягваліся з 14.00 да 16.00. Астатак дня быў прысвечаны дамашняму заданню і гульням.
Лепшыя вучні мелі права сесці на першыя лаўкі. Акрамя таго, яны насілі спецыяльныя адзнакі: вучні, якія вучыліся на выдатна — кукарду, якія вучыліся добра — стужкі за веданне спецыяльных прадметаў: чырвоную — добрае веданне рэлігіі, сінюю — латынь, жоўтую — матэматыка.
У 1832 годзе, пасля паўстання 1830-1831 гадоў, дамініканская школа была зачынена, а ў 1834 годзе пераўтворана ў гарадское вучылішча, затым у гімназію. У 1858 годзе манастыр быў зачынены. У 1864 годзе ў Беларусі не засталося дамініканцаў.
Прыкладна ў гэты ж час на грошы мясцовага дваранства для вучылішча будуецца новы каменны будынак «каля самых валоў старога замка, на маляўнічым узгорку, на адным узроўні з крапаснымі сценамі», дзе вучылішча і затым гімназія будуць размяшчацца да самага закрыцця.
У сярэдзіне пяцідзесятых гадоў там навучалася каля 100-120 выхаванцаў. Курс пяцікласных дваранскіх вучылішчаў адпавядаў першым пяці курсам гімназій, і вучні гэтых вучылішчаў прылічаліся да гімназістаў. Нягледзячы на тое, што вучылішчы называліся «дваранскімі», туды прымалі дзяцей з усіх саслоўяў, а не толькі з дваран (хоць на практыцы, вядома, дваранскіх дзяцей была абсалютная большасць). Здавалася б, арганізацыйныя адрозненні іх ад гімназій былі невялікія. Тым не менш, выкладчыкі там атрымлівалі менш, чым у гімназіях, карысталіся меншымі службовымі правамі і ў цэлым займалі як бы прамежкавае становішча паміж гімназічнымі і павятовымі настаўнікамі.
Трэба сказаць, што Навагрудак да таго часу прыйшоў у заняпад і ўяўляў сабой невялікае мястэчка Паўночна-Заходняга краю імперыі. Ці ледзь не галоўную яго вартасць бачылі ўгледжвалі ў тым, што ён ляжыць у маляўнічай мясцовасці. Пра славу старажытнай сталіцы Вялікага княства Літоўскага нагадвалі толькі дзве напаўразбураныя вежы замка, якія тады, як і сёння, узвышаліся на ўзгорку над горадам. Жыццё кіпела тут толькі падчас штогадовага кірмашу 19 сакавіка. Увесь астатні час Наваградак быў пагружаны ў сон. Пісьменнік Вінцэсь Каратынскі, ураджэнец гэтых мясцін, які ў чарговы раз наведаў Навагрудак у 1858 годзе, паўжартам заўважыў: тут настолькі ціха, што няма нават вулічнай шпаны, гэтага няшчасця любога больш-менш буйнога горада.
На канец 1850-х гг. у Навагрудку пражывала каля 6 тыс. чал., з якіх 40% складалі яўрэі, 20% — католікі і 35% было праваслаўных, г. зн. беларусы. У той жа час у цэлым па Навагрудскім павеце доля праваслаўных (у пераважнай колькасці сялян-беларусаў) перавышала 70 працэнтаў. Такая структура гарадскога і сельскага насельніцтва была тыповая і для іншых паветаў гэтага краю.
Калі казаць пра штодзённыя клопаты гараджан, то трэба адзначыць, што ў Навагрудку адсутнічалі крыніцы пітной вады (з-за яго размешчанасці на высокіх узгорках), і яе даводзілася купляць у вадавозаў, якія напаўнялі бочкі ў наваколлі і потым везлі ў горад на конях.
У гэтым рэгіёне склалася своеасаблівая сітуацыя, калі вышэйшыя пласты грамадства цалкам складаліся з палякаў, сярэднія (гарадскія — гандлёвыя і рамесныя) пласты — з яўрэяў, а велізарная сялянская большасць насельніцтва — з беларусаў. Хоць паўночна-заходнія губерні фармальна з’яўляліся часткай Расіі і не ўваходзілі ў Царства Польскае, але ў культурных і палітычных адносінах тут дамінавалі мясцовыя палякі, якія лічылі гэтую тэрыторыю сваёй спрадвечнай вотчынай, несправядліва адарванай правінцыяй Польшчы. Уся інтэлігенцыя краю, усё больш-менш адукаванае яго насельніцтва размаўляла на польскай мове. Беларуская мова заставалася доляй толькі сялян; нават мясцовае праваслаўнае духавенства ў побыце вельмі часта гаварыла па-польску.
Вось чаму летам 1858 года Міністэрства народнай асветы прыняло рашэнне рэфармаваць пяцікласныя дваранскія вучылішчы, унесці змены ў адукацыйны працэс: некаторыя з іх былі зачынены, а некаторыя, у тым ліку і навагрудскае, пераўтвораны ў сямікласныя гімназіі. Для Навагрудка гэта была значная падзея; яна палепшыла матэрыяльнае становішча мясцовых педагогаў і значна павысіла прэстыж навучальнай установы. Адкрыццё гімназіі адбылося 1 верасня 1858 года і суправаджалася адпаведнай нагодзе цырымоніяй, на якую быў запрошаны і літаратар Каратынскі. У лістападзе таго ж года ён апублікаваў у варшаўскай «Gazeta Codzienna» нататку «Навагрудчына і Навагрудак», дзе, у прыватнасці, апісаў цырымонію адкрыцця гімназіі.
Урачыстасці пачаліся ў дзевяць гадзін раніцы, калі ўвесь штат гімназіі — 15 чалавек выкладчыкаў і адміністрацыі, а таксама 174 вучні — накіраваліся ў былы дамініканскі касцёл. Пасля імшы ксёндз Ф. Бядржынскі, школьны каплан, сказаў належную прамову на «выразнай і правільнай мове». А трэцяй гадзіне дня выкладчыкі, вучні і запрошаная публіка сабраліся ў школьнай зале. Законанастаўнік праваслаўнага веравызнання святар Іаан Ігнатавіч Чудоўскі асвяціў будынак і звярнуўся да прысутных з кароткім словам. Затым выступіў «пасівелы, але яшчэ бадзёры» князь Канстанцін Радзівіл, які на працягу многіх гадоў быў ганаровым наглядчыкам вучылішча і распараджаўся грамадскімі ахвяраваннямі. Затым выступіў дырэктар вучылішча В. Лебедзеў.
Пасля дырэктара слова было дадзена выкладчыку Міхаілу Аляксеевічу Дзмітрыеву, і ён прачытаў даклад, прысвечаны сучасным тэндэнцыям у рускай літаратуры. Гэтыя тэндэнцыі, на яго думку, былі такія: «надышоў разрыў з класіцызмам, адбываецца злучэнне з народнымі элементамі і інтарэсамі чалавецтва».
Увечары князь Радзівіл запрасіў да сябе настаўнікаў гімназіі, а таксама некаторых жыхароў і гасцей горада. Пералічваючы імёны педагогаў — інспектара і выкладчыка вышэйшай матэматыкі Э. Бяляўскага, гісторыі П. Чайкоўскага, натуральнай гісторыі і польскай мовы Р. Кабецкага, рускай літаратуры М. Дзмітрыева — Каратынскі заўважае, што «ўсе гэтыя людзі — маладыя, таленавітыя, поўныя любові да навукі і гатоўнасці да працы на грамадскай ніве».
Артыкул Каратынскага фіксуе для нас, у прыватнасці, вобраз М. А. Дзмітрыева ва ўсёй чароўнасці яго маладосці. Навагрудскі перыяд жыцця Дзмітрыева быў і самым прадуктыўным для яго этнаграфічных заняткаў. Менавіта тут, у Навагрудку, у 1854-1860 гг., ён запісвае асноўную масу фальклорных тэкстаў, якія потым будзе публікаваць, жывучы ў працуючы ўжо ў Санкт-Пецярбургу, усё жыццё да самай смерці.