У постапакаліптычным вестэрне Guns of Eschaton будзе беларуская мова. Лакалізацыю прафінансавалі два беларусы

Адбыўся афіцыйны анонс новага шутара Guns of Eschaton, над візуальным стылем якога працаваў мастак культавых гульняў Half-Life 2 і Dishonored. Адной з галоўных адметнасцей рэлізу стане поўная беларуская лакалізацыя, якую за ўласныя сродкі ініцыявалі і аплацілі два беларусы, каб падтрымаць родную мову ў сусветнай індустрыі, паведамляе «Наша Ніва».

hulnia-01.png
Кадр геймплэя Guns of Eschaton. Фота: Eschatology Entertainment

Як расказаў на сваёй старонцы ў LinkedIn дырэктар па прадукце студыі Eschatology Entertainment Аляксей Герасімовіч, ідэя дадаць беларускую мову і яе фінансаванне належаць яму асабіста, а таксама заснавальніку студыі перакладаў Riotloc Уладзіміру Канапліцкаму. Каб пераклад не быў зроблены для птушачкі, да працы прыцягнулі прафесіяналаў, якія забяспечылі высокую літаратурную якасць тэксту. У выніку з першага дня рэлізу ўвесь інтэрфейс і ўсе дыялогі будуць даступныя па-беларуску.

Па словах Герасімовіча, з камерцыйнага пункта гледжання дадаваць беларускую мову ў гульні не заўсёды мэтазгодна, бо аўдыторыя адносна невялікая. Аднак менавіта таму вельмі важна, каб яна з’яўлялася ў новых праектах.

hulnia-02.png
Кадр геймплэя Guns of Eschaton. Фота: Eschatology Entertainment

Ён адзначыў, што апошнім часам студыі з беларускімі каранямі ўсё часцей дадаюць родную мову ў свае рэлізы, прывёўшы ў прыклад гульні Hollywood Animal і Replaced.

Распрацоўкай Guns of Eschaton займаецца кіпрская студыя Eschatology Entertainment пры падтрымцы выдаўца 4Divinity. Сам праект уяўляе сабой шутар ад першай асобы з элементамі жанру soulslike.

Сюжэт пераносіць гульцоў у альтэрнатыўную версію Дзікага Захаду, які паглынуў містычны апакаліпсіс. Галоўны герой — звычайны стралок, які спрабуе выжыць і вярнуцца дадому з дапамогай кольта і ўласных інстынктаў.

hulnia-03.png
Кадр геймплэя Guns of Eschaton. Фота: Eschatology Entertainment

Стваральнікі абяцаюць складаны геймплэй: гульцам давядзецца вывучаць паводзіны ворагаў, падбіраць для іх пэўныя тыпы куль і старанна эканоміць боепрыпасы. У арсенале будзе больш за 20 відаў зброі на аснове рэальных прататыпаў XIX стагоддзя. Гульню можна будзе прайсці як у адзіночку, так і ў кааператыўным рэжыме, таксама заяўлены фармат PvP-бітваў.

hulnia-04.png
Кадр геймплэя Guns of Eschaton. Фота: Eschatology Entertainment

Варта асобна адзначыць, што студыя Eschatology Entertainment была заснаваная пры ўдзеле легендарнага арт-дырэктара Віктара Антонава, які нядаўна пайшоў з жыцця. Ён удзельнічаў у стварэнні Guns of Eschaton з самых ранніх этапаў і сфарміраваў унікальны візуальны стыль праекта.

Рэліз гульні запланаваны на PC (Steam), PlayStation 5 і Xbox Series X/S, аднак дакладная дата выхаду пакуль не называецца.