Галоўныя перамогі беларусаў: Літаратура

Мы працягваем знаёміць вас з галоўнымі перамогамі беларусаў у розных сферах – усё ж такі мы слаўныя не толькі ваеннымі поспехамі. Пра тры галоўныя літаратурныя перамогі мы распыталі паэта, перакладчыка, старшыню беларускага ПЭН-цэнтра Андрэя Хадановіча.

Першай еўрапейскай ці, можна нават сказаць, сусветнай перамогай беларускай літаратуры можна назваць творчасць Васіля Быкава. Гэта той рэдкі выпадак, калі беларускі пісьменнік пачаў успрымацца і на прасторах рэспублік Савецкага Саюза, і ў Еўропе – яго актыўна перакладалі і чыталі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Зразумела, гаворка ідзе пра ягоныя ваенныя раманы, якія цалкам кладуцца ў трэнд экзістэнцыялізму. Яго шанавалі, як шанавалі Камю і Сартра. Мне трапляліся розныя замежныя падручнікі па літаратуры ХХ стагоддзя, дык вось з савецкіх пісьменнікаў там згадвалі звычайна двух чалавек – Чынгіза Айтматава і Васіля Быкава, што, безумоўна, вельмі прыемна.

Другое месца мы падзелім паміж прадстаўнікамі двух пакаленняў беларускай паэзіі. Алесь Разанаў і Вальжына Морт. Абодва гэтыя імёны вядомыя і еўрапейскаму, і амерыканскаму чытачу ў трывала асацыююцца з якаснай паэзіяй. Разанава добра ведаюць у нямецкамоўных краінах Еўропы, спадар Алесь нават пераходзіў моўныя межы – выдаваў кнігі па-нямецку, а нядаўна здзівіў літоўскага чытача нізкаю вершаў, напісаных па-літоўску. Часам на яго нават абражаюцца некаторыя беларускія патрыёты, але вершы на іншых мовах у яго таксама атрымліваюцца выдатна.

Зразумела, яшчэ адна наша перамога – творчасць Вальжыны Морт: яна друкуецца ў прэстыжных часопісах, яе кнігі выходзяць у далёка не апошніх амерыканскіх выдавецтвах. У Амерыцы вельмі проста згубіцца сярод тысяч літаратараў, а Вальжына Морт не згубілася. Яе актыўна запрашаюць на фэсты, яна выкладае літаратуру. І надзвычай важна, што яна пазіцыянуе сябе менавіта як беларускую паэтку.

Поспех у самых розных краінах свету, вялікае кола чытачоў, прэміяльныя гонкі – усё гэта звязана з імем беларускай літаратаркі Святланы Алексіевіч. Бадай што сёння яна самы вядомы беларускі пісьменнік, адзначаны ўзнагародамі ў Францыі і Нямеччыне, Польшчы і Швецыі. Кожны год аматары нобелеўскай варажбы згадваюць яе імя. Рэч у тым, што спадарыня Алексіевіч належыць не толькі беларускай культуры, ёсць падставы адносіць яе і да культуры расійскай, часам яна пазіцыянуе сябе як расійскую пісьменніцу. Але яе цалкам можна назваць постсавецкім літаратурным феноменам дзякуючы тэмам, якія яна ўздымае.

Але галоўная перамога беларускай літаратуры адбылася ўнутры Беларусі і светам пакуль заўважаная амаль не была. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Караткевіча, чалавека які ў чымсьці нават большы, чым літаратура. Гэта быў фенаменальны выбух любові публікі да пісьменніка, да створанага ім прыўкраснага міфу пра Беларусь. Яшчэ за савецкім часам чэргі па кнігі Караткевіча стаялі пад кнігарнямі. Ніколі чытанне па-беларуску не выклікала такога ўсплёску любові. Кнігі Караткевіча шмат каму змянілі свядомасць, накіравалі па сцежцы беларускага патрыятызму ў добрым сэнсе слова. Пры ўсёй павазе да сённяшніх літаратурных чэмпіёнаў, на сёння мы такога феномена не маем.

Запісаў Мікалай Левертаў