Год кнігі ў Пухавіцкім раёне

20 сакавіка паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк з творчым візітам наведалі Пухавіцкі раён, дзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі тры творчыя сустрэчы: у Шацкай СШ, у Зоркаўскай СШ і Абласным дзіцячым медыцынскім рэабілітацыйным цэнтры, што ў Мар’інай Горцы.


“Усе тры сустрэчы аб’яднала адна тэма — Год кнігі, таму галоўны акцэнт у сваіх выступах мы зрабілі на гісторыі беларускага кнігадрукавання, яго пачынальніках і значэнні кнігі ў развіцці чалавека як асобы. Варта зазначыць, што ў Шацкай і Зоркаўскай СШ сустрэчы з беларускімі аўтарамі праводзіліся ўпершыню, таму нам задавалі шмат пытанняў не толькі па тэме сустрэч, але і асабістага характару. У Абласным дзіцячым медыцынскім рэабілітацыйным цэнтры нас сустракалі як даўніх сяброў. Справа ў тым, што тут за апошнія тры гады мы выступалі некалькі разоў, бо ў цэнтры праходзяць аздараўленне дзеці з усёй Міншчыны, і слухацкая аўдыторыя пастаянна абнаўляецца. Усе сустрэчы прайшлі дынамічна і інтэрактыўна, чаму спрыялі літаратурныя віктарыны і конкурсы на найлепшага чытальніка з прызамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, — падзяліліся ўражаннямі выступоўцы.