«Ад гэтага крывадушша ванітуе. Бачыць, што ў краіне ёсць людзі з тысячамі падпісчыкаў у інстаграмах, якія транслююць салодкае жыццё, нават не балюча, а брыдка». Пісьменніца і публіцыстка Ганна Златкоўская дзеліцца сваімі эмоцыямі, выкліканымі навіной пра тое, што беларускіх блогераў звазілі на Валадарку, каб паказаць, як ідзе рэканструкцыя.

Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Навіна пра тое, што Валадарку, а дакладней, Пішчалаўскі палац зробяць прасторай для сустрэч, піцця кавы ды розных іншых мерапрыемстваў не так абурае, як рэакцыя на гэта беларускіх мясцовых блогераў.
Гэтае месца пакуль яшчэ памятае людзей, якія гадамі сядзелі ў камерах без магчымасці дыхаць вольным паветрам. І людзі таксама памятаюць, як чакалі сваіх сяброў ды блізкіх, што апынуліся ў гэтым месцы. Пакуль мінчукі прабягалі міма палаца, палітзняволеныя жылі часам, калі ім нарэшце скажуць, што будзе з імі далей. Калонія альбо доўгачаканая свабода. І гэтыя пачуцці немагчыма перафарбаваць у яркія колеры. Яны жывуць у змрочных сценах Пішчалаўскага замка.
Візуалізацыя рэканструкцыі Пішчалаўскага замка. Эскіз УП «Минскпроект»
Магчыма, сама практыка ператварыць такое месца ў нешта пазітыўнае мае сэнс. Але ўсё павінна здарацца ў свой час.
Гэты час выглядае так:
У краіне больш няма затрыманняў і палітзняволеных. Працуе закон, мяняецца ўлада. Няма больш страху, што чорныя маскі пагрукаюць у дзверы на світанку і на вачах тваіх дзетак павалакуць цябе ў аўтазак. Здаровая краіна для жыцця, а не для выжывання ва ўмовах татальнага тэрору.
Пакуль гэты час не настаў.
Пакуль працягваюцца рэпрэсіі, пакуль у турмах знаходзяцца тысячы беларусаў ды беларусак — гэта выглядае, як здзек. Так пачварная ўлада паказвае народу, што можна ўсё забыць, перагарнуць старонку і жыць далей, быццам нічога страшнага не адбывалася. Гэта моцны мэсэдж усім — лепей не думаць, пахаваць ваш боль назаўсёды недзе ўнутры вашай душы, бо толькі так выжываюць у дыктатуры. Няма памяці, няма і злачынстваў. Вось так проста.
Гэты мэсэдж падмацоўваецца дзеяннямі беларускіх блогераў, якія здымаюць на камеру свае шчаслівыя твары на фоне будынка, распавядаючы, як хутка тут будзе прыгожа. Гістарычнае месца! Можна піць лавандавы раф альбо піва і ні аб чым не думаць. Яны не ўзгадваюць, што яшчэ нядаўна па калідорах палаца хадзілі людзі ў кайданках. Не ўзгадваюць, колькі лістоў не дайшлі да адрасатаў, знішчаныя рукамі цэнзараў. Колькі слёз пралілі бацькі ці дзеці, чакаючы родных на волі.

Блогерка Raidensy. Скрыншот відэа зрабіла «Наша Ніва»
Ад гэтага крывадушша ванітуе. Бачыць, што ў краіне ёсць людзі з тысячамі падпісчыкаў у інстаграмах, якія транслююць салодкае жыццё, нават не балюча, а брыдка. Мы змірыліся з тым, што шмат грамадзян падтрымліваюць дыктатуру, разумеем маўчанне тых, хто супраць — інакш «добро пожаловать в тюрьму», але глядзець на ўгодлівую клаўнаду немагчыма. Дзякуючы ім будуецца новы імідж Беларусі, дзе не тое што старонка перагорнута, а ўся кніга спалена ў вогнішчы нежаданай рэфлексіі пра тое, як мы марылі пра перамены і сапраўдныя выбары.
Сёння выбар адзін — цалаваць уладу ў дупу і здымаць гэта на камеру айфона, радасна ўсміхаючыся. Потым абавязкова, калі рэканструкцыя скончыцца, паказаць фаловерам, як цудоўна сядзець у кавярні, гледзячы на блакітнае неба. Стары палац, асаблівы вайб, Мінск — лепшы горад на зямлі. А сябры, якія былі тут жа ў засценках, — ужо даўно не сябры, а здраднікі. Яны альбо за мяжой, альбо ў калоніях, альбо выйшлі, але не агучваюць свае думкі, бо гэтыя думкі не пасуюць рэжыму.
Жыць у дыктатуры цяжка — так. Але чамусьці шмат хто выбірае ва ўмовах кантролю і рэпрэсій усё роўна дапамагаць сем’ям палітзняволеных, дапамагаць адно аднаму і заставацца людзьмі. Я ведаю такіх людзей і кожны раз адчуваю неверагодную павагу за іх мужнасць і гонар.
А ёсць і такія, хто выбраў слепату, здрадзіўшы звычайным чалавечым каштоўнасцям. Трохі дзіўна, што ім не сорамна, але каб было сорамна, то і не было б хвалебных водгукаў і паказальных выступленняў на тле былога СІЗА. Толькі ёсць нюанс — мы ўсё бачым, а гісторыя такія выпадкі памятае заўсёды.
Ганна Златкоўская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org