У літаратурна-музычнае падарожжа па сярэднявечнай Нарвегіі змогуць адправіцца ўсе аматары класічнай музыкі – 28 студзеня ў каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага адбудзецца канцэрт, прысвечаны вялікаму кампазітару Эдварду Грыгу.
У выкананні сімфанічнага аркестра горада Гомеля прагучаць дзве сюіты да п’есы «Пер Гюнт», якая належыць аўтарству іншага знакамітага нарвежца – Генрыка Ібсена. Бліскучая па задумцы драма знайшла выдатнае адлюстраванне ў кампазітарскім таленце Грыга, без чаго, магчыма, не была б такой папулярнай і ў нашы дні. Загадкавае і таямнічае падарожжа звычайнага вясковага хлопца, які на сваім шляху сустракае горных троляў, знаёміцца з невядомым Усходам, атрымлівае асалоду ад краявідаў роднай Нарвегіі, і дагэтуль цесна пераплятаецца з прыгажосцю сімфанічнага ўвасаблення. «У пячоры горнага троля», «Арабскі танец», «Раніца» і іншыя кампазіцыі «Пер Гюнт» з’яўляюцца аднымі з самых выконваемых на канцэртных пляцоўках усяго свету.
Таксама са сцэны каледжа мастацтваў прагучыць «Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам ля-мінор» – выдатны па мелодыцы цыкл, які яшчэ доўгі час будзе лічыцца крытыкамі неперасягненым рамантычным апавяданнем у музыцы.
Саліраваць сімфанічнаму аркестру будзе адзін з лепшых беларускіх піяністаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Юрый Бліноў.