“Музыка для мамы” – праект ураджэнкі Гомеля Вікторыі Змітровіч. Яго сутнасць палягае ў тым, каб мамы разам з маленькімі дзецьмі маглі прыйсці і паслухаць добрую жывую музыку. Гомель – другі пасля Менску горад, дзе стартаваў падобны праект.
Аднымі з першых яго падтрымалі гурт “Рио” і Джэма Брайт. Супольны рок-н-рольны праект гурта і вакалісткі выканаў гадзінную праграму, у якую ўвайшлі як аўтарскія песні, так і кавер-версіі вядомых хітоў. Напрыканцы кожнае дзіця мела магчымасць адчуць сябе бубначом: паводле традыцыі, на падобным канцэрце музыкі дазваляюць памацаць маленькім слухачам свае інструменты.
– Калі нараджаецца малыш, не зусім зразумела, куды з ім можна схадзіць, – распавядае пра ўзнікненне ідэі ініцыятар праекта Вікторыя. – У Маскве ўжо даўно такі праект існуе, называецца ён “Разам з мамай”. Падобныя канцэрты праводзяцца і ў Менску. Мы з сынам хадзілі туды, бо я сама жыву ў Менску. Там ёсць вялікі выбар, куды схадзіць у вольны час. А ў Гомелі, на жаль, няма. І паколькі я родам з Гомеля, то падумала: чаму б не зрабіць такі праект тут?
Фота з канцэрта, які адбыўся ў фітнэс-студыі “Юла” 22 лютага.