Сітуацыя з помнікам Касцюшку і змененым надпісам спарадзіла фантастычную колькасць дыскусій у інтэрнэце. Акрамя спрэчак на тэму, браты нам палякі ці не браты, з’явіліся і нашат больш арыгінальныя развагі: наш Касцюшка ці не наш?..
Здаецца, беларускасць Касцюшкі і далучанасць яго да нашага пантэону герояў даўно стала нацыянальнай аксіёмай, дзе Тадэвуш займае месца паміж Каліноўскім і Янушам Радзівілам. Нарадзіўся ў Беларусі, лічыў сябе ліцвінам, ваяваў за свабоду краю супраць Расіі – здаецца, што тут незразумелага?
Але калі прыслухацца да “анлайн-экспертаў”, то бачым наступную карціну: напрыканцы XVIII ст. ніякай Беларусі не было. Касцюшка – паляк, прынамсі, па поглядах: падтрымліваў Канстытуцыю 3 траўня, якая замацоўвала ўнітарнасць – лічы, “польскасць” – Рэчы Паспалітай. Калі ж Касцюшка лічыў сябе ліцвінам (тут на сцэну незаўважна выходзяць сучасныя прыхільнікі Літваніі), то да Беларусі тым больш дачынення не мае… Такое простае пытанне, здаецца, а чорт нагу зломіць!
Канечне, усё можна было б спісаць на інтэрнэт-троляў: сядзіць такі сабе знаўца ў майтках перад маніторам і піша пра “дрэнных палякаў”, “Касцюшку-небеларуса”, “дыктатуру” і г.д. – абы пісаць. Маўляў, хто быў нічым, той стаў паўсюдны: інтэрнэт даў магчымасць выказацца кожнаму, вось і чытайце.
Разам з тым, праглядаецца пэўная тэндэнцыя. У 1990-я склаўся пэўны нацыянальны пантэон: Каліноўскі, Касцюшка, Астрожскі, Балаховіч і г.д. – усе яны нашыя, усе набліжалі як маглі час паўстання сённяшняй Беларусі. Аднак прыйшлі часы постмадэрну, на герояў пачалі глядзець праз шкельцы мікраскопа: гэты наш, гэты так сабе наш, а гэты – не наш, прыбіраем!
Так было з Балаховічам (яўрэйскія пагромы, служба ў расійскім, а пасля польскім войску), з Вітушкам (служба ў нямецкіх вайсковых фармаваннях), а тут дабраліся і да Касцюшкі: нашто ён нам, праўда?
Так, гістарычны міф 1990-х, які часам называюць “адраджэнскім” або “бэнээфаўскім”, мае свае хібы: можна спрачацца пра колькасць расійскага войска ў бітве пад Оршай альбо пазітыўныя і негатыўныя бакі “шляхецкай вольніцы” ў Рэчы Паспалітай. Але ёсць пэўныя слупы, без якіх Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве проста абрынецца. Яны і ёсць нашымі нацыянальнымі героямі.
Магчыма, дэгераізацыя сёння – агульнаеўрапейская тэндэнцыя. Гісторыкам цікавая штодзённасць, сэкс у сярэднявеччы альбо нацыянальная кухня, а вось “рыцары ў бліскучых даспехах” – гэта мінулае стагоддзе, прыгожая казка нанач.
З такой логікай на першы план маюць выйсці не ўмоўны Касцюшка ды Балаховіч, а старка, вэнджаны кумпяк ці вараны шчупак: яны, маўляў, і зрабілі беларусаў беларусамі, гэта наша ўсё! Прыкладна такая логіка прасочваецца ў крытыцы Алеся Белага на кнігу “Айчына” Арлова і Татарнікава: зашмат рыцараў, а вось тэма шчупакоў і старкі не раскрытая.
Але ці не ёсць гэта адкатам назад, ад даследавання гісторыі дзяржавы да чыстай этнаграфіі, даследавання народа без прыкметаў дзяржаўнасці? Падаецца, мы так даўно былі суб’ектамі на палітычным і ваенным полі, так даўно ўжо ні на што не ўплываем, што змірыліся: гэта немагчыма. Таму цікавымі могуць быць адно кулінарыя ды вышыванка – этнарэканструкцыя на сучасны манер.
Адсюль і біццё герояў камянямі: спачатку ў каментарах пад артыкуламі, пасля – у артыкулах, пазней – у працах з прэтэнзіяй на навуковасць. Як вядома, фармуючы міфалогію, чалавек ляпіў багоў і герояў з саміх сябе альбо, хутчэй, з уяўлення пра “сябе ідэальнага”. А калі жыць, кахаць і ваяваць як Касцюшка ці Балаховіч немагчыма, застаюцца адно дранікі пад гарохавае піва – гэта цалкам рэальны кантэнт на кожны дзень.
Што ж атрымліваецца – Касцюшка прайграў у гэтым двубоі, гераічнае саступіла месца штодзённаму? Спадзяюся, што яшчэ не, бо інакш прайграем усе мы, прайграе Беларусь. Рэч у тым, што размыванне тэмы асобы ў гісторыі аўтаматычна здымае і пытанне пра нашу суб’ектнасць: не будзе герояў – не будзе і дзяржаўнасці. Таму, з усёй павагай да вэнджанага кумпяка і старкі, я ўсё ж такі на баку Касцюшкі: каб штодня казаць “Смачна есці”, важна часам гукаць і “Героям слава!”
Алесь Кіркевіч