Падзеі 1917 года адбыліся больш за стагоддзе таму, але і сёння яны ўспрымаюцца як нешта актуальнае, злабадзённае, амаль сучаснае. Прычына ў тым, што грамадскія трансфармацыі, выкліканыя рэвалюцыйнымі зрухамі, дасюль уплываюць на лёс і шляхі развіцця постсавецкіх пакаленняў. Асабліва адчуваюць гэта беларусы, якія ўжо трэцяе дзесяцігоддзе жывуць ва ўмовах штучнага захоўвання савецкай ідэйнай спадчыны. У выніку па ўсёй краіне ўзвышаюцца помнікі Леніну, а на дзяржаўным узроўні святкуюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак якое дачыненне мае так званы Вялікі Кастрычнік да гісторыі Беларусі? Прапануем нашым чытачам разабрацца, што сапраўды здарылася восенню 1917-га ў тагачасным Мінску.
Інфаграфіка БелТА
Рэвалюцыя, пераварот ці звычайны ваенны путч?
У савецкі перыяд гістарычная навука ўжывала фактычна сакральнае паняцце «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя». Гэтага патрабавала камуністычная ідэалогія, якая забараніла крытычнае вывучэнне рэвалюцыйных падзей і па сутнасці пераўтварыла іх у ідэалагічны фетыш. Замест навуковага аналізу прымяняўся спрошчаны схематызм — бальшавікі падрыхтавалі ўзброенае паўстанне працоўных мас, зрабілі рэвалюцыю і прыйшлі да ўлады, каб будаваць сацыялізм.
Пасля распаду СССР падыходы да Кастрычніцкай рэвалюцыі радыкальна змяніліся. У навуковым асяродку яе ўсё часцей сталі называць бальшавіцкай змовай для звяржэння легальнага Часовага ўрада або проста ўзброеным пераваротам. Асобныя даследчыкі даволі слушна нагадвалі, што самі бальшавікі працяглы час характарызавалі свае дзеянні па захопе ўлады як пераварот. Таксама на той момант ужо мала хто сумняваўся ў тым, што гэтая рэвалюцыя не была ні вялікай, ні сацыялістычнай, бо яна не прынесла абяцанага народаўладдзя.
Аналагічныя працэсы асэнсавання грамадскіх пераўтварэнняў 1917 года назіраюцца і сярод прадстаўнікоў беларускай гістарычнай супольнасці. Навукоўцамі адзначаецца шырокая разнастайнасць вызначэнняў у адносінах да Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі Беларусі.
Напрыклад, шэраг гісторыкаў (Рыгор Лазько, Сяргей Траццяк) аргументавана лічаць яе салдацкай рэвалюцыяй, таму што галоўнай рухальнай сілай рэвалюцыйных зменаў былі ваенныя часці Заходняга фронту.
Калі скарыстаць тэрміны паліталогіі, можна сказаць, што бальшавікі арганізавалі ваенны путч, гэта значыць, дзяржаўны пераварот з дапамогай вайскоўцаў. Такім чынам, ніякай Кастрычніцкай рэвалюцыі рабочых і сялянаў супраць антынароднай улады ў Беларусі не было, што пацвярджаецца наступнымі доказамі.
Становішча ў Беларусі напярэдадні перавароту
З 1915 года тэрыторыя Беларусі ўяўляла сабой крывавую арэну для жорсткіх баёў Першай сусветнай вайны. Палова беларускіх земляў трапіла пад нямецкую акупацыю, фронт праходзіў каля 100 кіламетраў ад Мінска. Чатыры беларускія губерні (Мінская, Магілёўская, Віцебская і Віленская) сталі тылавой зонай Заходняга фронту. У Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у Мінску — штаб Заходняга фронту, у Гомелі — вайсковыя склады і майстэрні.
Імператар Мікалай II у Магілёве, студзень 1916 г.
Усяго ў трох арміях Заходняга фронту налічвалася 1 млн 620 тыс. чалавек, яшчэ 100 тыс. служылі ў тылавых гарнізонах. Ваеннае камандаванне з цяжкасцю трымала пад кантролем такую велізарную колькасць ваенаслужачых. Вайскоўцы пастаянна займаліся грабежніцтвам мясцовага насельніцтва, якое было запалохана шматлікімі забойствамі і згвалтаваннямі. А бальшавікі ўвесь час паспяхова агітавалі салдат, падбухторвалі іх братацца з немцамі і не выконваць загады афіцэраў. У бальшавіцкую партыю ўступіў нават камандзір 12-га Туркестанскага палка, падпалкоўнік Васілій Каменшчыкаў, якому потым новыя ўлады аддзячылі пасадай камандуючага фронтам.
Важнай асаблівасцю для вырашэння будучыні Беларусі стала адчувальная змена этнічнага складу насельніцтва беларускіх губерняў за ваенныя гады. Не менш 700 тысяч жыхароў Беларусі мабілізавалі ў расійскую армію, і яны на той момант былі далёка ад родных гарадоў і мястэчак. Да таго ж прыкладна паўтара мільёна бежанцаў пераехалі адсюль углыб Расіі, каб пазбегнуць ваенных дзеянняў.
Калі ў верасні ў Мінску правялі перапіс, то высветлілася, што беларусы складаюць сярод гараджанаў усяго 2,4%. Усё гэта ў сукупнасці стала ўплывовым фактарам для паслаблення беларускага нацыянальнага руху ў лёсавызначальным 1917 годзе.
Арганізатары і рухальныя сілы захопу ўлады
Прапаршчык Аляксандр Мяснікоў, кіраўнік мінскіх бальшавікоў, выступіў у ліпені 1917 года на VI з’ездзе РСДРП (б), дзе зрабіў красамоўнае прызнанне: «Я — дэлегат ад горада Мінска. Наша арганізацыя існуе нядаўна... З прычыны блізкасці да фронту наша арганізацыя, па сутнасці, ваенная. Моцных сувязяў з рабочымі няма». Па яго словах, «большасць таварышаў, працуючых у Мінску — наезджы элемент».
Сапраўды, значная частка бальшавіцкіх кадраў прыехала сюды падчас вайны. У 1919 годзе аб тым жа ўспамінаў бліжэйшы паплечнік Мяснікова Вільгельм Кнорын: «палітычную афарбоўку як Мінску, так і ўсёй Беларусі надавалі элементы, якія выпадкова апынуліся на тэрыторыі Беларусі». Асноўнымі арганізатарамі здзейсненых падзей аказаліся прыезджыя бальшавіцкія дзеячы і вайскоўцы Заходняга фронту, якія ўступалі ў партыю пад уздзеяннем агітацыі. Дарэчы, Аляксандр Мяснікоў пазней шчыра казаў, што бальшавіцкія лозунгі «былі абсалютна дэмагагічныя, правакацыйныя... Мы іх давалі фронту з мэтай разлажэння яго».
Рэдактар першых бальшавіцкіх газет у Беларусі Вільгельм Кнорын
Калі пачалася восень, бальшавіцкія арганізацыі Беларусі і Заходняга фронту налічвалі 7000 членаў, з іх 4 тысячы — ваенаслужачыя армейскіх і франтавых падраздзяленняў.
У Мінску на той час было 1200 бальшавікоў, так што відавочна, што рухальнай сілай перавароту, які набліжаўся, з’яўляліся менавіта вайскоўцы.
Найбольш яскрава гэта выявілася ў верасні 1917 года на I Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РСДРП (б), дзе стварылі адзіную арганізацыю бальшавікоў Беларусі. У канферэнцыі ўдзельнічала 88 дэлегатаў, з іх 61 дэлегат прадстаўляў армейскія і франтавыя партыйныя арганізацыі.
На пачатку кастрычніка была праведзена II канферэнцыя, удзельнікі якой прадстаўлялі ўжо 28 тыс. членаў бальшавіцкай арганізацыі Беларусі. Колькасны склад істотна павялічыўся, але беларускае грамадства ўсё роўна не ўспрымала бальшавіцкія заклікі па змене ўлады. Доктар гістарычных навук Мікалай Сяменчык даследаваў, што з лютага па кастрычнік 1917 года ў Беларусі не адбылося ніводнага антыўрадавага выступлення. Кажучы інакш, рэвалюцыйная сітуацыя не саспела, умовы для рэвалюцыі адсутнічалі. Таму для мясцовых бальшавікоў кастрычніцкі пераварот у Петраградзе стаў поўнай нечаканасцю.
Змена ўлады з дапамогай бронецягніка
Вядома, што ЦК (Цэнтральны камітэт) бальшавіцкай партыі прыняў рашэнне аб узброенным паўстанні 10 кастрычніка. 12 кастрычніка ў Петраградзе ствараецца Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК), які займаецца падрыхтоўкай да паўстання. Таксама арганізуецца Чырвоная гвардыя з рабочых петраградскіх заводаў, якая атрымлівае некалькі тысяч вінтовак. 22 кастрычніка ВРК узяў на сябе кіраўніцтва Петраградскім гарнізонам, 23 кастрычніка — гарнізонам Петрапаўлаўскай крэпасці. 24 кастрычніка пачалося ўзброенае паўстанне, і ўжо да раніцы 25 кастрычніка Часовы ўрад быў звергнуты.
Як бачым, бальшавікі ў Расіі мэтанакіравана рыхтаваліся да захопу ўлады. А што рабілі ў гэты час іх партыйныя аднадумцы ў Беларусі? Яны таксама выступалі за змену ўлады, але зусім не чакалі, што гэта адбудзецца так хутка. Справа ў тым, што расійскія змоўшчыкі не паведамлялі ім аб падрыхтоўцы паўстання.
У 1922 годзе Аляксандр Мяснікоў успамінаў, што «ніхто ў нас не ведаў, што захоп улады ў Петраградзе павінен быў быць такім чынам, ніякіх дырэктыў ад ЦК мы не мелі». Аб тым, што сувязь з ЦК партыі «ў нас амаль адсутнічала», засведчыў і Мендэль Хатаевіч, кіраўнік бальшавікоў Гомеля.
Кіраўнік бальшавікоў Беларусі Аляксандр Мяснікоў
Калі ў Мінск у гадзіну ночы 26 кастрычніка прыйшлі звесткі аб узброеным паўстанні ў Петраградзе, беларускія бальшавікі не ведалі, як на гэта рэагаваць. Нейкую канкрэтыку яны даведаліся з газет, якія ім прывезлі з Расіі. Было вырашана дзейнічаць па плане больш удалых петраградскіх таварышаў. Пачаў фарміравацца ВРК Заходняга фронту. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, дзе большасць дэпутатаў былі бальшавікамі, абвесціў, што бярэ ўладу ў сталіцы ў свае рукі. Савет узброіў 400 рабочых-чыгуначнікаў і сфарміраваў Першы рэвалюцыйны полк з вызваленых з гарадской турмы салдат.
Здаецца, усё было па плане, аднак яшчэ да вечара 26 кастрычніка становішча мінскіх бальшавікоў заўважна ўскладнілася. З асуджэннем іх дзеянняў выступілі розныя грамадскія і армейскія арганізацыі, у тым ліку частка дэпутатаў Мінскага Савету. У мэтах захавання парадку быў арганізаваны Камітэт выратавання рэвалюцыі (канешне, не кастрычніцкай, а лютаўскай). Вайсковыя часці, якія не падтрымалі пераварот у Петраградзе, узялі пад ахову ўстановы ў Мінску.
Гэта прымусіла бальшавікоў сцішыць сваю актыўнасць, а ВРК увогуле спыніў дзейнасць да пачатку лістапада. Мінскі Савет пачаў перамовы з Камітэтам выратавання рэвалюцыі і пагадзіўся ўключыць у яго склад двух сваіх прадстаўнікоў. Нейтралітэт паміж Саветам і Камітэтам пратрымаўся некалькі дзён, пакуль бальшавікі ліхаманкава шукалі ўзброеных саюзнікаў. У ноч на 1 лістапада ў Мінск прыбылі бронецягнік, бронемашыны і лаяльны да бальшавікоў Сібірскі полк, што адразу змяніла суадносіны сіл. Хутка аднавіў працу ВРК, які да сярэдзіны лістапада ўзяў рэальную ўладу ў Мінску, а потым і ў іншых гарадах. Саветы дэпутатаў, дзе бальшавікі не мелі колькаснай перавагі, проста распускаліся.
Бальшавік Васіль Пралыгін, які забяспечыў прыезд бронецягніка ў Мінск
У звязку з гэтым некаторыя гісторыкі падкрэсліваюць «параўнальна лёгкую перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі».
Аднак, на наш погляд, будзе вялікай нацяжкай называць рэвалюцыяй ваенны пераварот, які здолеў перамагчы толькі таму, што абапёрся на штыкі чужых вайскоўцаў.
Вільгельм Кнорын, адзін з вядучых арганізатараў перавароту, прызнаваў гэта. Ён пісаў, што бальшавікам Беларусі было зразумела, што пытанне аб перамозе Савецкай улады «вырашаецца не ў Мінску, а ў Петраградзе і Маскве», а ў зыходзе барацьбы значную ролю адыграла «франтавая ўзброеная сіла».
Кніга Вільгельма Кнорына пра 1917 год у Беларусі
В. С., Budzma.org