«Калі былі кадры затрымання Ігара, я проста адвярнулася». Кацярына Андрэева — пра фільм «Пад шэрым небам», натхнёны яе гісторыяй

Прэм’ера ў Нью-Ёрку. Стос намінацый і ўзнагародаў ад беларускіх, польскіх і агулам еўрапейскіх кінематаграфістаў. Паўнавартасны пракат у Польшчы. Лічбавы рэліз на стрымінгу HBO Max.

За два гады з моманту першай дэманстрацыі дэбютнай поўнаметражнай драмы Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» адбылося шмат цікавых, натхняльных і эмацыйна насычаных падзей, звязаных з фільмам.

Але паказ у варшаўскім кінатэатры Elektronik 7 траўня апынуўся сапраўды асаблівым, бо ў ім, апроч творчай каманды, брала ўдзел журналістка тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева. Менавіта гісторыя яе жыцця і асабістых стасункаў з мужам Ігарам Ільяшом, палітычным аналітыкам і палітвязнем, сталі натхненнем для драматургічнага падмурка праекта.

На гэтым паказе Кацярына ўпершыню пабачыла стужку і шчыра адказвала на ўсе пытанні, якія задавала Мара Тамковіч і гледачы з зала. Ці падобная гераіня фільма на Кацярыну? Якой была воля пасля пяці з паловай гадоў зняволення? Ці будзе працяг гісторыі «Пад шэрым небам»? Калі б Кацярына была Марай, які б фільм яна зняла?

Budzma.org распавядае пра самыя цікавыя моманты з гэтай вялікай размовы.

20260507_id_under_the_grey_sky_warsaw_2026_lookby.media_013.jpgКацярына Андрэева і рэжысёрка фільма «Пад шэрым небам» Мара Тамковіч. Фота: lookby.media

Ці не шкадуе Кацярына пра тое, што яе асабістая гісторыя стала фільмам

— Канешне, я не шкадую, бо гэта гісторыя не столькі пра мяне і не толькі пра мяне, як ты [Мара Тамковіч — Budzma.org] зазначыла, а гэта гісторыя пра ўсіх нас.

Пра той стан, у якім апынулася Беларусь у 2020 годзе. Пра тое, што прайшлі мы ўсе ў пэўнай ступені. І той шлях, што прайшла беларуская незалежная журналістыка, якая пацярпела наймацней, хіба за ўвесь час найноўшай гісторыі Беларусі. Таму гэта пра нас пра ўсіх.

І дзякуй табе, што ты змагла распавесці гісторыю ўсіх нас праз гісторыю гэтай пары — Іллі і Алены [так у фільме завуць галоўных герояў — Budzma.org].

Што было найбольш пазнавальным падчас прагляду

— Ігар, пакуль быў на волі, мог нейкія падрабязнасці распавесці [cвайго і майго] побыту. Мне было цікава паглядзець на ўсё, што было пасля майго затрымання.

Так, мы не кажам, што гэта дакументальны фільм, што кожная падзея мела месца. Але для мяне было цікава паглядзець сваімі вачыма на тое, што адбывалася ў маю адсутнасць.

Было вельмі балюча глядзець на кватэру пасля вобшуку. І калі былі кадры затрымання Ігара, я проста адвярнулася. Спадзяюся, што ты не пакрыўдзілася. У тыя некалькі секунд я проста адвярнула твар ад экрану, бо не магла глядзець. Гэта было праўда балюча. Гэта гісторыя жывая, і таму яна так баліць.

Ці адчувае зараз Кацярына надзею? І на што, пасля пяці з паловай гадоў у зняволенні?

— Мая галоўная надзея, што Ігар будзе вольны неўзабавае. І я не проста так у кожным сваім інтэрв’ю і кожным сваім выступе кажу цяпер пра Ігара.

Для мяне вельмі важна данесці да перамоўшчыкаў, да амерыканскага боку, які мае ўплыў на рэжым Лукашэнкі, аб вызваленні Ігара. Канешне, для мяне як жонкі ў першую чаргу, але і для ўсіх журналістаў, якія застаюцца за кратамі. І я нагадаю, што гэта больш за 20 чалавек. Яны мусяць быць вызвалены.

Надзея ёсць на вяртанне ў вольную Беларусь, таму што мы ў 2021 годзе сутыкнуліся з такой з’явай, як прымусовая дэпартацыя грамадзян са сваёй жа краіны. І я не ведаю, які лёс чакае Ігара.

Я разлічваю на хуткае вызваленне. Але ведаючы іх, ведаючы, як яны хацелі разлучыць нас на апошнім этапе зняволення, я не здзіўлюся, калі нейкія штучныя перашкоды і бар’еры на шляху нашага ўз’яднання будуць працягвацца.

Якой была воля пасля пяці з паловай гадоў зняволення

— Незвычайнай. Няма ніякіх перашкодаў. Няма ніякага бар’еру, зялёнага плота. Ён у фільме шэры. Хто сядзеў, той гэты колер добра памятае і ніколі не забудзе.

Няма гэтых штучных абмежаванняў — ты можаш вольна рухацца. І гэта самае прыемнае. І дае адчуванне волі. Нядаўна нават удалося з’ездзіць на мора і ўбачыць яго ўпершыню за 7 гадоў. І мяне моцна ўразіла гэтая прастора, магчымасць руху без абмежаванняў.

Рэакцыя на дакументальныя кадры са стрымаў, паказаныя ў канцы фільма

— Мне чамусьці смешна глядзець на свае ўласныя стрымы тых часоў. Не ведаю, чаму так смешна, калі глядзіш сама на сябе на экране. У мяне ёсць такое. Я нават тады, калі вяла стрымы ў 2020 годзе, заходзіла пасля ў каментары і чытала кепскія меркаванні, каму што не спадабалася.

Канешне, ёсць боты, розныя хэйтары, але большасць была добрых каментароў. А калі была канструктыўная крытыка, то я да яе, канешне, прыслухоўвалася. Таму што гэта рэакцыя гледача. І канэкт з аўдыторыяй і гледачом для мяне заўжды быў важным. І я спадзяюся, што я яго не згублю.

Што ў гераіні з фільма падобна на характар Кацярыны, а што не падобна

— Саша [Вайцяховіч], так. Выдатная праца, мастацкая, акторская. Дзякуй табе вялікі.

У цябе атрымалася больш праўдападобная Алена, чым я чакала. Але яна вельмі рэзкая. Я думаю, што я ў сваім сямейным атачэнні не настолькі рэзкі чалавек. І калі я сыходзіла на той апошні стрым...

Дарэчы, я ніколі не сыходзіла з дому, не абняўшы Ігара. І заўжды, нават калі гэта кароткае развітанне, нават калі ў краму пайсці па ежу, я ўсё роўна яго абдымала. А вось так схапіць рэчы і пабегчы — ну не, гэта значыць, што мы нібыта пасварыліся.

<...> Добра вытрыманы тэмперамент у той момант, калі яна адмаўляецца ісці на нейкія саступкі. Калі яна пагаджаецца запісаць «пакаяльнае» відэа, але ўсё адно не можа. Гэтыя яе ўнутраныя кіданні — гэта вельмі падобна і сапраўды праўдападобна перададзена.

Але нашы спатканні з Ігарам праходзілі ў вельмі спакойнай і разняволеннай, душэўнай атмасферы. Мы заўсёды жартавалі. Мы на гэтых кароткіх спаткананнях [у турме], не зважаючы на ахову, спявалі песні.

Песня [«Я нарадзіўся тут»] выдатная. Песня абраная проста шыкоўная. І дзякуй Лявону Вольскаму за тое, што ён дазволіў гэтую песню выкарыстаць. Яна добра пасуе, яна дарэчная.

Але гэтыя спатканні праходзілі ў іншай атмасферы. У мяне хіба не было гэтых слёз у вачах, часцей за ўсё. Акрамя момантаў, калі я даведвалася пра хваробы сваіх родных. Такія рэчы, з-за якіх варта плакаць.

Але тое першае доўгае спатканне, паказанае ў фільме... Ігар ніколі не прывёз бы мне такую вопратку. Ён прывёз мне чырвоную сукенку з дэкальтэ.

<...> Усё праходзіла [cустрэчы ў турме] вельмі жыццярадасна. І маё стаўленне да нейкага досведу, акрамя пераломных момантаў, было больш жыццярадасным, вясёлым і аптымістычным проста таму, што я такі чалавек.

20260507_id_under_the_grey_sky_warsaw_2026_lookby.media_010.jpg
Кацярына Андрэева, 7 траўня 2026 года, Варшава. Фота: lookby.media

Чаму змяніла рашэнне паглядзець фільм да моманту вызвалення Ігара

— Я змяніла рашэнне, таму што мне падавалася, што я не змагу. Не здолею. Што я буду моцна плакаць, не змагу стрымаць свае эмоцыі. Навошта гэта паказваць на публіку. Саромелася, можа, сваёй магчымай рэакцыі.

Але я зразумела, што Ігар глядзеў фільм, калі я была ў зняволенні. І ён здолеў, ён змог, значыць, і я змагу. А яшчэ мне важна скарыстацца такой магчымасцю паказаць гэты фільм менавіта цяпер, калі рыхтуюцца чарговыя вызваленні палітвязняў.

Каб прыцягнуць увагу да ягонага кейсу. І я не проста так узяла з сабой гэты фотаздымак [свайго мужа]. Я б вельмі хацела прыцягнуць увагу ўсёй міжнароднай супольнасці і беларускіх дэмакратычных інстытутаў да кейса Ігара.

Я нагадаю, што ён зараз знаходзіцца ў Бабруйскай калоніі № 2. Ён асуджаны на 4 гады. Яму застаецца яшчэ два з паловай. І ён знаходзіцца ва ўмовах, якія значна цяжэйшыя за мае. Я не маю з ім ніякага кантакту. Але я маю магчымасць ведаць, у якім ён стане. Яго здароўе патрабуе пільнай увагі цяпер.

20260507_id_under_the_grey_sky_warsaw_2026_lookby.media_006.jpgКацярына Андрэева з фотаздымкам мужа Ігара Ільяша. Фота:  lookby.media

Мара Тамковіч пра тое, як паўстаў фільм «Пад шэрым небам»

— Для мяне праца над гэтым фільмам пачалася ў спецыфічны момант, калі асабіста я адчувала абсалютную бездапаможнасць і бязраднасць. Насамрэч праца над вашай [Кацярыны і Ігара] гісторыяй у кароткім метры «У жывым эфіры», з якога пачаўся поўны метр, пачалася з маёй унутранай патрэбы пашукаць сілу праз тых, хто гэтую сілу ў сабе знаходзіць.

Пашукаць шлях да моцы і надзеі ў сітуацыі, калі акалічнасці настолькі дамінуюць і настолькі пераважаюць эмоцыі, што нам проста няма што супрацьпаставіць. І робячы гэты фільм, я ў пэўным сэнсе знайшла. Не ведаю, ці гэта прагучала для цябе як цытата, але адна з фразаў ёсць наўпроставая цытата Ігара пра тое, чаму ён застаўся ў Беларусі.

І я задавала яму ўсе гэтыя пытанні, якія гучаць у фільме, якія мы таксама задаем. І якія абсалютна ўзважаныя, разумныя і лагічныя: «Ігар, чаму ты застаешся? Гэта абсалютна не мае сэнсу. Ты нічога не зробіш у Беларусі. Ты кожны раз будзеш азірацца на кожнае сваё слова. Дык чаму ты застаешся?».

Ён адказаў мне: «Мара, ты глядзіш на гэта абсалютна з памылковага боку. 

Табе падаецца, што я застаюся геройстваваць, змагацца, абараняць краіну ці працягваць маю грамадзянскую справу.

А я застаюся, таму што, калі я з’еду, то застануся на іншай планеце. Я застаюся таму, што калі я з’еду і адарвуся ад рэчаіснасці, праз якую цяпер праходзіць мая жонка, мы страцім тое асабістае і асаблівае, што нас аб’ядноўвае. Я хачу застацца з ёй на адной планеце».

Кацярына пра тое, чаму не з’ехала з Беларусі раней

— Так, ён [Ігар] пісаў мне пра гэта [пра жаданне застацца на адной з ёй планеце] у лістах. Дарэчы, калі мы не з’язджалі з ім абое, яшчэ да затрыманняў, яшчэ да ўсіх падзей, прычына не з’язджаць была такая ж самая. 

Мы хацелі застацца на адной планеце з нашым народам, з беларусамі. Мы проста зрабілі гэта, як змаглі.

Мара пра тое, ці будзе працяг гісторыі «Пад шэрым небам»

— Калі сіквел і будзе, то толькі ў выглядзе рамантычнай камедыі пра мора, дзетак і сукенкі. Будуць чырвоныя сукенкі і дэкальтэ. І больш аганьку ва ўсіх спатканнях магчымых.

Калі б Кацярына была Марай, то пра каго б зняла фільм

— Пра ўсіх жанчын палітзняволеных. Пра жыццё у калоніі № 4 у Гомелі. І кульмінацыяй фільма стаўся 2025 год, калі пачаліся масавыя вызваленні. Проста таму што гэта вельмі жывая гісторыя, яна проста пульсуе. І таму што там было шмат кінематаграфічных момантаў, нават з мастацкага пункту гледжання.

Ну вось уявіце — вы сядзіце шмат гадоў — і раптам уначы, а палове на другую, заходзяць у вашую секцыю [пакой у казарме — Budzma.org] супрацоўнікі цэлым натоўпам і пачынаюць па адной штурхаць жанчын збіраць асабістыя рэчы.

І калі я выглядваю з вакна і бачу, як [былая рэдактарка TUT.BY] Марына Золатава ідзе з валізкамі, а на мяне крычаць знізу «хопіць там ужо варочацца». Я займала другі ярус у турэмных ложках. І знізу мяне штурхаюць, «што ты там ужо скачаш, не можаш нарадавацца?». Вельмі кінематаграфічны момант — і іх вельмі шмат.

І, на шчасце, зараз ёсць вялікая колькасць сведак і кансультантаў у такой працы. Таму я думаю, што гэта мусіць быць фільм пра ўсіх нас — жанчын-палітзняволеных, якія прайшлі гэты цяжкі досвед. І я лічу, што мы годна сябе прадставілі. Я ганаруся знаёмствам са сваімі аднаатрадніцамі.

І для мяне натхненнем былі гісторыі, нашмат цяжэйшыя за маю. І тое, як жанчыны трымаюцца там, як яны ствараюць навокал прыгажосць, як яны падтрымліваюць адна адну.

Яны падтрымлівалі і мяне нават у момант, калі я была сапраўды ў роспачы. І гэтая падтрымка сапраўды давала мне натхненне. І давала штуршок, каб рухацца наперад.

Недзе 80% часу ты ўвогуле не адчуваеш нічога, бо эмоцыі заціраюцца, прыглушаюцца. І ў цябе ўнутры застаецца адна выпаленая зямля, што для чалавека жывога і эмацыйнага вельмі цяжка. І баішся, што гэта ніколі не вернецца зноў, ніколі не будзеш адчуваць жыццё напоўніцу. І я яго не адчуваю, пакуль не абдыму Ігара.

Ці атрымалася ў стужках «У жывым эфіры» і «Пад шэрым небам» перадаць эмацыйную праўду тых падзей

— Вельмі добра і яскрава ўдалося адлюстраваць эмоцыі падчас стрыму. Я нават падчас прагляду пераглядалася з Дашай [Чульцовай], і Мара сказала, што рассадзіць нас па розных кутах.

Мне падалося ўсё гэта вельмі праўдападобным, асабліва тое напружанне, як нацягнутая струна, гэта было сапраўды так. І кадры з падняццем дрону на ўзровень 14 паверху, каб ён нас не запеленгаваў, былі вельмі праўдападобнымі.

І тое, як я тэлефанавала Ігару перад самым затрыманнем — гэта было вельмі і вельмі. Што я казала падчас затрымання і ў час суду, зашмат той драмы, якой не было, але трэба разумець, што гэта эмоцыі і драма лірычнай гераіні фільма Алены.

А мне падаецца, што ў мяне быў узнёслы і натхнёны стан у дзень прысуду. Я была ўпэўнена, што стэнаграма суду будзе, яна захаваецца ў архівах. Мне было важна прыйсці на суд і сказаць, што я не прызнаю віну.

І так, гэта вельмі добра перададзена, бо я на другім прысудзе стаю ў чырвонай сукенцы. І вось там усё добра перададзена толькі позіркам, бо Ігара пусцілі ў залю толькі на агалошванне выніковай часткі, калі ты чуеш артыкул пра здраду дзяржаве і чуеш тэрмін, які далі тваёй жонцы.

Але мяне вельмі закранула, дзе ў расфокусе паказана, дзе герой Ілля плача. І я хацела б запытаць яго, ці сапраўды такі выпадак быў. На яго гэта вельмі не падобна, ён стрымлівае свае эмоцыі да апошняга. І [актор] Валянцін Навапольскі гэта выдатна адлюстраваў.

Ён [Ігар] вельмі стрыманы чалавек. І момант з плачам мяне моцна засмуціў, не змагла глядзець на экран. Як і тады, калі яго затрымлівалі. Але на 80% эмоцыі ў фільме адпавядаюць маім сапраўдным.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org