У дзяцінстве дарослыя казалі нам, што мы першае пакаленьне беларусаў, якое жыве без вайны. Схлусілі: вайна ў нашым Краі працягваецца ўжо веееельмі даўно, папросту перацякаючы з аднае ў наступную ды зьмяняючы раз-пораз сваё аблічча. Ці скончыцца яна калі-небудзь? І ці хоць нейкае з пакаленьняў беларусаў здолее пажыць безь яе? Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» спрабуе знайсьці адказы.
Вось здавалася б, які цудоўны месяц — травень! Яшчэ не абпаленая сонцам зеляніна, кветкі, цеплыня, даўжэйшыя дні — жыві, радуйся! Выбірайся на прыроду, сустракайся зь сябрамі, плянуй адпачынак, паездку ці яшчэ якую прыгоду — хараство!
Між тым штогод у нашай краіне менавіта ў траўні нязьменна даецца ў знакі Вайна. Тая самая, што, здаецца, усё аніяк ня скончыцца — дарма што дата яе завяршэньня як раз-ткі ў гэтыя дні напісаная ці не на кожным плоце. І штораз на тле ўсіх гэтых пампезных парадаў, мэдыйнага гвалтаваньня усё радзейшых вэтэранаў, пераапрананьня дзяцей у смершаўцаў і ў танкі, надзіманьня брсмаўскіх і прафсаюзаўскіх шчокаў ды пабедабесных вычварэнстваў у рэгіёнах я пільную адное і тое ж:

«Бессмертный полк» у Менску, 2019 год. Тады ўлады дазволілі прайсьці шэсьцем усяго 200 мэтраў — ад музэю 1-га зьезду РСДРП да Плошчы Перамогі. Фота Ўладзя Грыдзіна (RFE/RL)
Прачытаў, што сёлета Менгарвыканкам заяўку рускамірцаў на акцыю не ўхваліў. Уффф, адзін каменьчык з сэрца скаціўся: гэтым разам расейскі фашызм афіцыйна ня пройдзе. Дарма што прыцягнуцца з партрэтамі і кветкамі на Плошчу Перамогі ды будуць раздаваць свае «калярадзкія» стужкі. А ў абласных цэнтрах памаршыруюць разам з удзельнікамі афіцыйных шэсьцяў «Беларусь памятае».
Асобнае санкцыяванае мясцовымі ўладамі акцыі сёлета ня будзе. Гэта важна. Гэта азначае, што дзяржава, якая б яна прарасейская і антыбеларуская ні была, усё яшчэ захоўвае рэшткі нашага агульнага нацыянальнага непрыманьня вайны. Хай нават і нясьведама.
Аніякіх «можем повторить»! Ніколі зноў!

Мапа спаленых вёсак у Беларусі. Афіцыйна ў часе Другой усясьветнай вайны было спалена каля 9200 беларускіх вёсак, неафіцыйна — нашмат больш. Якое тут можа быць «можем повторить»?! Ніколі зноў!
Зрэшты, на колькі яшчэ Дзён Пабеды хопіць ува ўладаў гэтага генэтычнага непрыманьня вайны, як доўга пратрывае гэты апошні агульнабеларускі бастыён перад ашалелай крывавай ардою з усходу — цяжка сказаць. А таму трывога ўсё адно не адпускае. Могуць жа ж рускамірцы зладзіць і несанкцыянаванае шэсьце — ну а ўлады могуць на тое заплюшчыць вочы. Як тое было неаднойчы. Альбо й наагул перадумаць і дазволіць акцыю ў апошні момант. Дазвалялі ж раней.
У ненадзейных руках гэты фронт зь беларускага боку, што тут сказаць...

Валера Руселік. Травень-2026, Варшава. Фота з архіву аўтара
Зрэшты, каму як ня нам, беларусам, ведаць, што апошняе слова ўсё-ткі не за дрэнным камандаваньнем ці яшчэ якім начальствам, а за народам. Пакуль тыя, хто сёньня кіруе Краем, цягнуць нас усіх у расейскую бездань, мы з вамі, сябры, можам і павінны трымаць уласны беларуска-расейскі фронт. Куды шырэйшы за ўсе санкцыі Менгарвыканкаму разам узятыя.
Бо насамрэч усё вельмі проста. Як той казаў, варона — з куста, пяць — на куст.
А таму каб у Беларусь не прышла Расея, у Беларусі мусіць быць Беларусь.
Ці завершыцца калі-небудзь гэтая беларуска-расейская Вайна — хто ведае. Між тым адзіны шанец перамагчы ў ёй і, адпаведна, яе скончыць на нашую карысьць — гэта змагацца.
Як? Быць беларусамі. Размаўляць па-беларуску. Вывучаць уласную гісторыю і культуру й выхоўваць у беларушчыне нашых дзяцей. Трымацца адно аднаго.
Тут і цяпер.
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org