Людзі абазнаныя кажуць, беларускае кіно — яно не пра фільмы, а пра бясконцыя нябачныя, але крывавыя бітвы, дзе пераможцаў няма. Адна просценькая гісторыя ў два радкі можа, калі пакапацца, расказаць пра супраціў імперскаму ціску, бюракратычныя канфлікты, бойкі эліт, сутыкненне эпох — і як усё гэта адбывалася адначасова. Гэта гісторыя пра тое, як у 1920-х — 1930-х у Беларусі будавалі кінафабрыку, каб здымаць сваё нацыянальнае кіно.
Белдзяржкіно ў эпоху «рабі што хочаш, а пасля адказвай як пашанцуе»
За кінематограф у БССР адказвала адмысловая ўстанова — Белдзяржкіно, альбо Упраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі пры Саўнаркаме БССР, заснаванае 17 снежня 1924 года. Заснавалі яе намінальна: ва ўласнасці Белдзяржкіно на момант заснавання не было нічагусенькі, акрамя аднаго пісьмовага стала ў адным кабінеце з Наркаматам асветы. Абаротнага капіталу — 25 рублёў, палова сярэдняй зарплаты сярэдняга служачага.
Адзінага заканадаўства, якое рэгулюе кінапракат, у краіне не было — рабі што хочаш, а пасля адказвай як пашанцуе. Заканадаўства аб кінавытворчасці таксама не было. Але тое не перашкодзіла нагрузіць Белдзяржкіно грандыёзнымі задачамі — кінафікаваць краіну і выпусціць нацыянальны фільм. Кадраў, абсталявання, грошай — ну вы зразумелі, нічога гэтага ў БССР не было.
Каб назапасіць капітал, упраўленню хуценька перадалі чатыры мінскія і віцебскія кінатэатры, якія належалі іншым ведамствам. У тых ведамстваў, вядома, ніхто не пытаўся, але, мяркую, яны і радыя былі пазбавіцца залішняга цяжару. Узначаліў Белдзяржкіно Абрам Галкін, які раней служыў у Віцебскай губернскай кінафотасекцыі і ў Віцебскім упраўленні відовішчных мастацтваў. У губкінафотасекцыі Галкін кіраваў эксплуатацыйным аддзелам, то-бок кінапракатам і матэрыяльнымі складамі. Карацей, Галкін быў «заўхозам».
Чаму ж менавіта віцебскага «заўхоза» прызначылі кіраўніком Белдзяржкіно? А проста Віцебская секцыя лепш за ўсіх збераглася ў часы Грамадзянскай вайны і ўсталявання савецкай улады. Да рэвалюцыі і пасля вайны яна падпарадкоўвалася наўпрост Петраградскаму кінакамітэту. Сувязі з ім асаблівай не было, але ж прамы кантакт з «калыскай рэвалюцыі» даваў такое-сякое забеспячэнне, лепшае, чым у астатніх рэгіёнаў Беларусі. У 1919 годзе Віцебская губкінафотасекцыя была нават абавязаная забяспечваць матэрыяламі Гомельскую, Смаленскую і частку Пскоўскай абласцей, а таксама бліжэйшы фронт.
Да таго ж, пакуль Галкін працаваў у Віцебскай губкінафотасекцыі, ён правярнуў немалыя справы — нацыяналізаваў віцебскія кінатэатры і гомельскія прыватныя пракатныя канторы, абсталяваў кінатэатр у Лёзне і наладзіў рэгіянальную сетку кінапракату, выпісваючы фільмы напрамую з Петраграда. Калі пачалася Першая сусветная, Галкін нават ездзіў на бліжэйшы да Віцебска фронт разам з кінааператарам у распараджэнне XV войска здымаць баі (па ўсёй верагоднасці, стужкі не захаваліся).
Дык вось, прызначаючы Галкіна кіраваць рэспубліканскім кіно, народныя камісары нават не здагадваліся, наколькі трапнае іхняе рашэнне — і разам з тым колькі праблем напаткае іх праз колькі гадоў. Да першай пяцігодкі заставалася ўсяго нічога — палітычная эпоха вось-вось зменіцца, і энергічныя людзі, якія заўзята ствараюць утопію, паціху саступяць старанным, а галоўнае, безгалосым выканальнікам, ды і сама інтэрнацыянальная ўтопія з адноўленай сілай праявіць імперскія звычкі.
Самы элегантны бюракратычны супраціў у гісторыі Беларусі
Беларускае кіно — дзіцятка НЭПу і той першапачатковай інтэрнацыянальнай палітыкі, якая дала плённы штуршок нацыянальнаму ўздыму ў Беларусі ды іншых рэспубліках. Пад гучныя апладысменты інтэрнацыяналізму беларускія ўлады паціху-паціху выцяснялі з краіны расейскі кантроль.
Напрыклад, вось так.
Белдзяржкіно імгненна выдалі манаполію на кінапракат у Беларусі — а парушэнне манапольнага права каралася па артыкуле 136 Крымінальнага кодэкса. Але ж во якая штука: прыблізна тым жа самым займалася ў нас беларуская філія саюзнай інстытуцыі Пралеткіно. І ў красавіку 1925 года Кінакамітэт пры Агітпалітаддзеле ЦК КП(б)Б элегантна пастанавіў лічыць існаванне Пралеткіно ў БССР немэтазгодным — бо ёсць жа Белдзяржкіно.
Будынак тэатра «Крывое люстэрка»
Пакуль Пралеткіно не ачухалася, з ім хуценька дамовіліся пра сумеснае паевае кінатаварыства — і так нацыянальная структура Белдзяржкіно прыгожа паглынула тую, што кіравалася з Масквы, і з маскоўскім кантролем, лічы, было скончана. Да нейкага часу так яно і было. Запомнім гэтую падзею як ці не самы элегантны бюракратычны супраціў у гісторыі Беларусі.
Але ж Галкіну, вы памятаеце, трэба стварыць нацыянальны фільм. І ў кожнай дакладной запісцы Саўнаркаму і Наркамату асветы ён настойліва бубніць: калі беларускае кіно хоча развівацца, трэба будаваць кінафабрыку, то-бок вытворчае кінапрадпрыемства з уласнымі плошчамі і магутнасцямі (не кожная кінастудыя, творчая адзінка, мела ўласную кінафабрыку, адзінку вытворчую, — павільёны маглі, напрыклад, арандаваць у іншай кінафабрыкі, і наадварот, адна кінафабрыка магла забяспечваць рэсурсамі некалькі кінастудый).
Выдаткі на будоўлю ён, падзяляючы адзін стол з Наркаматам асветы, заклаў у вытворчы план Белдзяржкіно ўжо на другі, 1926/27 год працы трэста — 110 тысяч рублёў. Сума па-бэндараўску фантастычная: сярэдняя зарплата была рублёў 45–70. Мяркуючы па ўсім, кінафабрыка мусіла стаць адной з першых буйных будоўляў у БССР. Рэзалюцыя Саўнаркама ахалоджвала: «Пабудову кінафабрыкі і вытворчасць сваіх фільмаў у наступным годзе не пачынаць з прычыны немагчымасці выдаткаваць неабходныя для гэтага сродкі».
Прыехалі: як стварыць нацыянальны фільм «тэрмінова», калі вытворчасць — не пачынаць?
Здымкі ў крэдыт і прадстаўніцтва Белдзяржкіно ў Маскве
Для Беларусі гэта ўвогуле звычайная сітуацыя: тэрмінова трэба сігаць праз галаву, але ж сродкаў на гэта не прадугледжана. Пакуль урад марудзіць з тым пытаннем, адначасова патрабуючы нацыянальнага фільма, Галкін мусіць шукаць часовыя рашэнні. Першыя гульнявыя фільмы «Лясная быль» і «Прастытутка» ён здымае ў крэдыт на маскоўскай фабрыцы Савкіно (скарочана ад «Савецкае кіно»).
Абрам Галкін
Прытым незадоўга да заканчэння здымак «Лясной былі», у кастрычніку 1926 года, Белдзяржкіно нават адкрывае ў Маскве прадстаўніцтва. Гэта шалёна дорага, і ў гэтым няма асаблівай неабходнасці: фільмы амаль завершаны вытворчасцю — што там яшчэ рабіць? Але падобна на тое, Галкін вырашыў трошку ўціснуцца ў цесныя стасункі паміж Масквой і Мінскам і быць бліжэй да тых, хто прымае буйныя рашэнні — а будаўніцтва кінафабрыкі, зразумела, рашэнне менавіта такое.
Чаму ў Беларусі не было кінафабрыкі
Давайце пакуль разбяромся, а ў чым жа праблема — узяць і пабудаваць у Беларусі кінафабрыку. Вядома, дорага, але ж: краіна, якая ўзялася будаваць утопію, можа сабе дазволіць і зусім маленечкую беларускую кінафабрычку. Савецкія гісторыкі кіно звычайна тлумачылі так: у Беларусі не было кінастудыі, таму што не было кадраў і рэсурсаў, кропка. Але ж падобна на тое, што ёсць тут і іншыя абставіны.
Па-першае, відаць, не цывільна лезці папярок бацькі ў пекла: годных кінафабрык не мелі тады нават модныя маскоўскія кінастудыі накшталт Савкіно. Легендарнага «Браняносца "Пацёмкіна"», напрыклад, Сяргей Эйзенштэйн манціраваў у сырым, цесным, састарэлым кінаатэлье, якое да рэвалюцыі належала кінавытворцу Ханжонкаву. Будаваць уласную новенькую кінастудыю Мінску навыперадкі Маскве — ну, вы разумееце. У чаргу, таварышы.
Па-другое, а ці бяспечна ўвогуле размяшчаць цэлую кінафабрыку на тэрыторыі вельмі падазронай, памежнай краіны, якая адной нагой таўчэцца ў варожай Польшчы? Мяжа якраз за Мінскам — знесці каштоўныя, а можа, і сакрэтныя стужкі замежным ворагам можна нават пехатой не надта напружваючыся (а вы ж ведаеце, што ўсе кіназдымкі ў 1920-я гады праходзілі ў Беларусі пад чэкісцкім наглядам і з чэкісцкага дазволу?). Ці не з гэтае прычыны на будоўлю ўпарта не маглі знайсці грошы? Ці не праз гэта ў рэшце рэшт студыю абсталявалі ў Ленінградзе, каб і ад Масквы падалей, але і ад Беларусі таксама?
Там пры асабістай дапамозе Сяргея Кірава, які сябраваў з Іосіфам Адамовічам, Белдзяржкіно наймае непрыстасаваныя скляпенні былога тэатра «Крывое люстэрка» на набярэжнай канала Грыбаедава, 88 і паўтара гады абжывае плошчы — кінастудыя «Совецкая Белорусь» у Ленінградзе афіцыйна адчыняецца толькі ўвосень 1928 года.
Увесь гэты час Галкін, як той салдат, настойліва патрабуе будаваць кінафабрыку. БССР, паўтарае ён, адзіная савецкая рэспубліка, якая здымае кіно, але не мае ўласнай кінафабрыкі, — а гэта супярэчыць савецкай нацыянальнай палітыцы. Будаваць кінафабрыку ў Беларусі пачнем у 1930 годзе, плануе ён, і скончым у 1932–1933 гадах. Мяркуецца, кошт будаўніцтва — 2 350 000 рублёў (уявіце па гэтых лічбах, якім галопам панеслася інфляцыя са скасаваннем НЭПу). Гэта зноў задорага, ды і ў Маскве будаваць новую кінафабрыку толькі-толькі пачалі.
Добра, прапануе Галкін, калі мы не можам будаваць кінафабрыку ў Беларусі, давайце хаця б, каб не разарыцца раней часу, арандуем памяшканні не ў Піцеры, а ў Віцебску! Але ж гэты план нават не ўспрымаюць усур’ёз, і я не маю адказу, чаму так. Відаць, нервовыя бюракратычныя гульні Саўнаркама БССР з маскоўскім урадам патрабавалі нейкіх рычагоў, і кінафабрыка, магчыма, была адным з такіх. Будаваць трэба, але не зараз, — вось і ўся размова.
Кінаўтопія ў Крыму замест нацыянальнай кінастудыі ў Беларусі
Пастанову аб будаўніцтве кінафабрыкі Саўнаркам БССР прымае 9 сакавіка 1929 года — і нават вылучае на падрыхтоўчыя работы мізэрныя 25 тысяч рублёў. Далей неяк не вядзецца. Конкурс на архітэктурны праект аб’яўлены і нават праведзены — без асаблівых вынікаў. Але ж тут — вы будзеце смяяцца, — адмовіўшыся пераводзіць кінастудыю ў Віцебск на арандаваныя плошчы, беларускі ўрад пагаджаецца будаваць кінафабрыку менавіта у Віцебску з розных прычынаў, у тым ліку таму, што ў Віцебску знайшоўся ўчастак для будаўніцтва ў межах горада, была магчымасць забяспечыць дастаткова таннай электраэнергіяй, і Віцебск меў найлепшую сувязь з Масквой і Ленінградам.
Рэзалюцыя старшыні Саўнаркама Мікалая Галадзеда на звароце Саўнаркама наконт будаўніцтва кінафабрыкі такая: «Трэба конкурс. Не ведаю, чаму таварышы з Белдзяржкіно не выконваюць майго вуснага загаду і дагэтуль займаюцца лішняй пісанінай».
Дарэчы, я, у адрозненне ад таварыша Галадзеда, таварышаў з Белдзяржкіно добра разумею: час адчувальна станавіўся такі, што ўсе загады лепш трымаць на паперках, чым у вушах. Да таго ж, знерваваны таварыш Галадзед не мог не ведаць, што ў 1929 годзе пачалася маштабная і крыважэрная рэарганізацыя саюзнага кіно. Масква зноў пацягнула да сябе нацыянальныя рэспублікі. Белдзяржкіно, раней аўтаномнаму, давялося ўвайсці ў саюзнае аб’яднанне Саюзкіно. Тое і з іншымі кінастудыямі. Задаволеных такім рашэннем не было. Адзіная студыя, якая нейкім дзіўным чынам захоўвала аўтаномію ажно да 1936 года, — расійска-нямецкае таварыства «Межрабпамфільм», пазней перахрышчанае ў студыю імя Горкага.
На чале Саюзкіно Сталін якраз паставіў старога бальшавіка Барыса Шумяцкага. Гэта было штосьці накшталт ганаровай ссылкі. У мінулым жыцці Шумяцкі рабіў рэвалюцыю і абвясціў у Сібіры савецкую ўладу за колькі дзён да таго, як у Петраградзе пальнула «Аўрора». Са Сталіным ён пасварыўся яшчэ ў 1922-м, калі дамогся насуперак яму аўтаноміі Бураціі, а цяпер застаўся ледзь не адзіным, хто да гэтае пары называў Сталіна Кобай, і яму за гэта нічога не было. Пакуль што.
У кіно Шумяцкі не рубіў, але яго натхнялі ўтапічныя ідэі. Ён выступаў за «кінематограф мільёнаў», такі, каб разумелі і любілі ўсе — не вось гэтыя вашыя авангардныя выбрыкі. Яму вельмі падабалася ідэя, што кіно павінна пераўзысці па прыбытковасці гандаль гарэлкай (у краіне, дзе па статыстыцы ледзь не палова дзяцей да 18 гадоў рэгулярна ўжывала алкаголь і мела праявы алкагольнай залежнасці). Для гэтага кожны савецкі грамадзянін, ад немаўлят да старых, павінен быў хадзіць у кіно амаль 20 разоў на год.
Каб забяспечыць касмічныя маштабы спажывання фільмаў, патрэбная была магутная кінаіндустрыя, падобная да галівудскай. Галівудам Шумяцкі горача натхніўся і прыдумаў мегапраект — савецкі кінагорад у Крыму, дзе б здымалі фільмы для ўсіх савецкіх рэспублік. 22 кінастудыі, дзясяткі тысячаў служачых — канвеер кіназдымак недалёка ад мыса Фіялент. Вядома, нацыянальным кінастудыям гэта моцна не спадабалася. Яны адкрыта смяяліся і нават баставалі. Як здымаць Чукотку ў Крыму? (Вядома, пытані такога кшталту цалкам вырашальныя, але ж відавочна, што нацыянальныя кінастудыі былі абураныя не адсутнасцю снегу ў Крыму, а тым, што іх скручвалі па руках і нагах.)
«Кінематограф мільёнаў» азначаў, што ўласная кінастудыя ў Беларусі не з’явіцца ніколі. Кінагорад у Крыму нават пачалі будаваць, хаця толькі першая чарга будаўніцтва каштавала па смеце як увесь Чалябінскі трактарны.
Галкін не пакідае надзеі
Пакуль Шумяцкі праектуе сваю кінаўтопію, Галкін упарта не пакідае надзеі на адну маленечкую кінафабрыку ў Беларусі — бо калі не паспеем зараз, дык калі ўвогуле? Кожны крок яму цяпер трэба ўзгадняць не толькі з родным Саўнаркамам, але і з Саюзкіно. Але ж і паміж двух агнёў Галкін працягвае ўсіх раздражняць ідэяй коштам ужо ў 2 885 000 рублёў. Гэтую суму і просяць у Саюзкіно. Але ж Саюзкіно занятае будоўляй фабрык для будучых «Масфільму» і «Ленфільму», яму не да нацыянальных кінематаграфій. Выдаткі на іх рэзка скарачаюцца. Сыходзяцца на суме 2 221 000 рублёў, а выдаткоўваюць, гледзячы па перапісцы, усяго толькі 543 750 рублёў.
Абрам Галкін вядзе поўную саспенсу перапіску адначасова з Саўнаркамам і Саюзкіно, па-геройску абскарджваючы кожнае рашэнне і кожнае ўразанне сумы на будаўніцтва: «Мы просім Вас, калі фактычна мае месца выдаткаванне нам сродкаў у суме 543 750 р., перагледзець і адпусціць нам раней намечаныя 840 000, хоць і апошняя сума нас гэтаксама задаволіць не можа». Справа безнадзейная. Прэзідыум Вышэйшага савету народнай гаспадаркі беларускую кінафабрыку з плану капітальнага будаўніцтва выкрэслівае. То-бок пакуль таварыш Галадзед плануе кінафабрыку будаваць, Саюзкіно плануе не будаваць. І хоць ты разарвіся.
А тым часам беларускай кінастудыі няблага жывецца ў Ленінградзе. У ёй абсталявана нават два сучасных гукавых атэлье. Можна весці па дзве здымкі адначасова («Масфільм», напрыклад, да сярэдзіны трыццатых такім пахваліцца не мог). Ёсць выдатная апаратура: пяць новых кінакамер «Дэбры», тры «Кінама» і адзін «Эклер». У штаце працуюць дзевяць рэжысёраў з рэжысёрскім стажам ад паўгода да трох гадоў (гэта ого-го!). З такім багаццем кінастудыя саманадзейна разлічвае, што можа здымаць 24 поўнаметражныя гульнявыя фільмы ў год, а то і ўсе 35. На справе добра, калі ўдаецца зняць тры поўныя метры. Тым не менш кінастудыя з дзіўным аптымізмам плануе, што з кінафабрыкай у Віцебску да 1937 года здолее здымаць увогуле 60 поўных метраў за год.
І вось тут аказваецца, што паміж кіраўніцтвам Белдзяржкіно і ўласна кінастудыяй у Ленінградзе таксама — бездань. У кінастудыі свае планы. Ёй не даспадобы ціск. А ціснуць жа ўсе. Ланцужок ціску выглядае прыкладна так: ЦК КП(б)Б цісне на Белдзяржкіно за тое, што на кінастудыі «Совецкая Белорусь» не праведзена беларусізацыя і ў штаце мала беларусаў, Белдзяржкіно цісне на кінастудыю за тое, што фільмы выпускаюцца толькі на рускай мове, кінастудыя апраўдваецца, што і радыя б здымаць па-беларуску, але ж Саюзкіно дае грошы толькі на рускія версіі фільмаў і паўплываць на гэта кінастудыя не можа, Саюзкіно прыкідваецца мёртвым, і ўсё пачынаецца спачатку. Пакуль не позна, з гэтай кінастудыяй час штосьці рабіць. Але што? Вяртаць на радзіму. Але куды? Кінафабрыкі ж няма!
Першыя званочкі катастрофы
У ліпені 1932 года на нарадзе па мастацтве пры Наркамаце асветы гучаць першыя званочкі катастрофы. Кінафабрыку, ледзь распачатую — вы памятаеце, па рашэнні ўрада — у Віцебску, кінафабрыку, на якую Галкін паклаў кілатонны высілкаў, вырашаюць... перанесці ў Мінск.
Але гэта яшчэ не канец: пакуль Мінск цягне кінафабрыку да сябе, Саюзкіно ў Маскве проста бярэ і кансервуе будаўніцтва — грошай няма. Саўнаркам БССР пратэстуе. Саюзкіно псіхуе і проста перакідае будаўніцтва ў ведамства Белдзяржкіно, маўляў, самі разбірайцеся, а грошай не дамо.
Барыс Шумяцкі
А на ўчастак, дзе будуюць кінафабрыку, ужо правялі водаправод, праклалі шашу, нарыхтавалі будматэрыялаў, пабудавалі два баракі для працоўных, сталоўку, кухню на трыста чалавек і будынак канторы. Саўнаркам БССР за подпісам Казіміра Бенека тэлеграфуе ў Саюзкіно Шумяцкаму, што Мінск катэгарычна супраць кансервацыі будоўлі.
Што там было далей, цяжка сказаць, бо дакументаў амаль не засталося. Кінастудыя тырчыць у Ленінградзе. Яе цягнуць дадому, але куды там вяртацца. Саўнаркам яшчэ пару гадоў змагаецца і ў 1934 годзе кідае задуму штосьці будаваць у Віцебску, ды раптам загадвае будаваць у Мінску, на Магілёўскай шашы (цяперашні Партызанскі праспект, дзе месцяцца самыя раннія карпусы Мотавелазавода). І чорт яго ведае, хто і чаму прыняў гэтае рашэнне, нягледзячы на адсутнасць сродкаў.
Ды ўжо і не важна, бо тым часам Сталін распачынае зачыстку асабістага акружэння. Каб вычысціць Шумяцкага, раскручваюць рэпрэсіі супраць кінематаграфістаў. Ён і сам будзе асуджаны за спробу атруціць Сталіна ртутнымі пара́мі падчас аднаго са славутых начных крамлёўскіх сеансаў і расстраляны ў 1938-м. Галкін знікне раней. 2 ліпеня 1936 года «Праўда» апублікуе ганебны артыкул «Беспрытульная кінастудыя». Беларуская кінастудыя ў ім абвінавачваецца ў абязлічанасці, адарванасці ад нацыянальнай глебы і ў тым, што нічога істотнага за гады працы не зрабіла — о так от.
Ліквідацыя Белдзяржкіно і пераезд кінастудыі ў Мінск
Саўнаркам здымае Галкіна з пасады, колькі можа чакае, што будзе, але ж мусіць усё адно ў красавіку 1938 года ліквідаваць Белдзяржкіно, замяніўшы яго напаўмёртвым Камітэтам па справах кінематаграфіі пры Саўнаркаме БССР (прыкладна такім жа спосабам Дэпартамент па кіно пры Саўміне быў у сучаснай Беларусі паніжаны да Дэпартамента па кіно ў складзе Мінкульта, а пасля і проста — да аддзела кіно Мінкульта). Абрама Галкіна пераводзяць у Маскву (магчыма, каб уратаваць чыноўніка ад рэпрэсій, а магчыма, каб і наадварот), і да гэтага часу яго дакладны лёс невядомы. Вядома толькі, што сям’я яго да вайны заставалася ў Мінску, а сам ён памёр 48-гадовым у 1938 годзе.
Пераезд кінастудыі з Ленінграда ў Мінск становіцца літаральна пытаннем жыцця і смерці. Але ж — хрэн вам у вочы: у кастрычніку 1937-га пастановай ЦК КП(б)Б сталіца пераносіцца ў Магілёў. Будоўлю кінафабрыкі ў Мінску за-ма-рож-ва-юць.
Барыс Шумяцкі
Да 1939 года пытанне становіцца такім балючым, што ладзяць цэлую ўрадавую камісію па пытанні пераводу кінастудыі. На першым яе пасяджэнні 16 студзеня 1939 года пад старшынствам Кузьмы Кісялёва вырашана аддаць пакуль пад кінастудыю будынак фурнітурнага завода. Супрацоўнікаў, якія пераедуць з Ленінграда ў Мінск, плануюць засяліць у новы 24-кватэрны дом, які, вы можаце здагадацца, так і не пабудуюць.
Шматпакутная студыя гульнявых фільмаў «Совецкая Белорусь» перабіраецца ў Мінск як Божанька паслаў, яе размяшчаюць у будынку Чырвонага касцёла. Здымаць там немагчыма, і фільм «Маё каханне», распачаты ў Ленінградзе, Уладзімір Корш-Саблін мусіць заканчваць на Адэскай кінастудыі. А там якраз далучаюць Заходнюю Беларусь, ужо выразна пахне вайной і ні халеры не зразумела, што рабіць, — так размовы пра будоўлю кінастудыі і заціхаюць. Ніхто нічога не пабудуе ажно да пачатку 1960-х. Кінастудыя будзе сядзець у Чырвоным касцёле яшчэ 20 гадоў, і памяць пра тлустыя гады ў Ленінградзе, калі Галкін дзёрзка бадаўся ажно з Шумяцкім, хуценька растворыцца ў паветры.
Такога нахабства беларускае кіно больш ніколі сабе не дазволіць, на жаль.
budzma.org