Невялікі горад Клецк – раённы цэнтр на паўднёвым захадзе Мінскай вобласці – сёлета адзначае 890-годдзе з часу першай згадкі ў летапісах. Да дзевяцівяковага юбілею засталося зусім няшмат. Нягледзячы на паважны ўзрост горада, яго гісторыя для многіх беларусаў застаецца або малавядомай, або зусім невядомай. Каб запоўніць гэты прабел, прапануем чытачам некалькі адметных фактаў з мінулага і сучаснага жыцця Клецка. Гэтая падборка, як і любая іншая, мае суб’ектыўны характар. Калі нехта захоча стварыць свой “рэйтынг” гістарычных падзей, аўтар будзе толькі за! Ну а пакуль ацэньвайце восем фактаў пра Клецк.
1. Клецк быў адным з найбуйнейшых гарадоў дрыгавіцкай зямлі
На пачатку маленькая даведка. Дрыгавічы – адно з усходнеславянскіх плямён, якое ў ІХ–ХІІІ стст. займала частку паўднёвай і цэнтральнай Беларусі. Імі быў заснаваны шэраг гарадоў, назвы якіх добра акрэсліваюць маштаб племяннога рассялення: Брэст, Тураў, Мінск, Слуцк, Мазыр і некаторыя іншыя. Усе яны ўзніклі задоўга да таго, як іх назвы трапілі на старонкі летапісаў. Клецк – не выключэнне.
Яшчэ ў сярэдзіне Х ст., амаль тысячу гадоў таму, на беразе ракі Лань з’явілася неўмацаванае дрыгавіцкае паселішча, якое праз нейкі час ператварылася ў горад-крэпасць на славяна-балцкім памежжы. Тагачасны Клецк уваходзіў у склад Тураўскай зямлі, якая ў перыяд росквіту ахоплівала землі ад Пабужжа да Падняпроўя, і быў адным з найбуйнейшых гарадоў гэтага княства. Яго ўмацаванні складаліся з дзвюх частак: дзядзінца, або высокага замка, плошчаю 0,75 га і вакольнага горада плошчаю 7,7 га, за якім размяшчаўся неўмацаваны пасад. Такім чынам, агульная плошча гарадскіх умацаванняў складала 8,5 га. Гэта самы вялікі паказнік сярод усіх гарадоў Тураўшчыны. Для параўнання: умацаванні Слуцка ахоплівалі 1,3 га, Турава – 2,3 га, Пінска – 6 га. Агульная працягласць замкавых сцен старадаўняга Клецка складала больш за 1,5 км: 350 м на дзядзінцы і 1300 м па перыметры вакольнага горада.
Увогуле, як сведчаць дадзеныя археалогіі, старажытны горад быў значным ваенным, гандлёва-рамесным і адміністрацыйным цэнтрам. Насельніцтва Клецка складала 850-1150 чалавек. Гандлёвыя шляхі злучалі яго з Прыбалтыкай і Прычарнамор’ем, германскімі і паўднёварускімі землям, Закаўказзем і Сярэдняй Азіяй. На высокім узроўні стаяла земляробства. Мясцовыя рамеснікі ведалі кавальскую, кастарэзную, ганчарную, ткацкую, ювелірную справу. Горад быў цэнтрам асобнай царкоўнай акругі, а сярод яго жыхароў былі адукаваныя людзі, якія ўмелі чытаць і пісаць, аб чым гаворыць знаходка жалезнага пісала ХІ ст.
Некаторыя навукоўцы ХІХ ст. увогуле лічылі Клецк сталіцай усяго дрыгавіцкага племені. У прыватнасці, пра гэта ў 1883 г. згадваў краязнавец Аляксандр Ельскі, які добра ведаў беларускую мінуўшчыну. Насамрэч сталічны статус горада быў крыху ніжэйшы – цэнтр удзельнага княства. Але гэта не перашкодзіла яму перажыць сапраўдны гаспадарчы і культурны ўздым, які, на жаль, быў спынены ў выніку войнаў сярэдзіны ХІІІ ст., пасля чаго наступіў двухсотгадовы перыяд заняпаду.
2. Клецкая перамога над крымскімі татарамі стала адной з найважнейшых падзей у ваеннай гісторыі Беларусі
Сёння ў многіх выданнях можна прачытаць, што 5 жніўня 1506 г. пад Клецкам войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем Міхаіла Глінскага разбіла арду крымскіх татар. У ацэнках эмоцыі часам пачынаюць пераважаць над фактамі, і аўтары сцвярджаюць, нібыта бітва “стала першай перамогай над крымцамі”, “пасля бітвы пад Клецкам татарскія напады на Беларусь спыніліся”, “у бітве адносна невялікае войска ВКЛ перамагло колькасна большага ворага”. Прыгожа, але не зусім праўдзіва. Татар білі і да 1506 г.; набегі на беларускія землі пасля Клецкай бітвы працягваліся яшчэ больш за два дзясяткі гадоў; вялікакняскае войска не толькі не саступала па колькасці, але і значна пераўзыходзіла нападнікаў. Але ўсё гэта зусім не значыць, што той падзеяй не трэба ганарыцца.
Для нашых продкаў набегі татар былі жахлівай рэальнасцю, якая паўтаралася кожныя год-два. З 1497 па 1530 г. адбылося каля 30 крымскіх паходаў на беларускія землі. Часам нападнікаў удавалася разбіць, як у 1502 г. на рацэ Уша недалёка ад Бабруйска. Але разбівалі, як правіла, асобныя атрады і вызвалялі толькі частку палону, які татары выводзілі ў Крым. Пад Клецкам жа ўпершыню быў вызвалены ўвесь палон, каля 40 тысяч нявольнікаў, і была разбітая ўся татарская арда. Некаторыя храністы нават сцвярджалі, што з сямітысячнага войска, якое рушыла на Вялікае Княства, у Крым вярнулася толькі 15 чалавек. Гэтая падзея стала першай вялікай перамогай у доўгім шэрагу паразаў, якія панесла Вялікае Княства на мяжы XV–XVI стст. Яна істотна ўзняла баявы дух продкаў і падрыхтавала іх да новых змаганняў. З пункту гледжання ваеннага мастацтва Клецкая бітва стала ўзорам узаемадзеяння розных родаў войска: кавалерыі, артылерыі і інжынерных аддзелаў. А сама перамога шмат у чым была абумоўленая ўмелым выкарыстаннем разведвальных груп, а таксама аналізам і апрацоўкай здабытай інфармацыі.
Сучаснікі, якія лепш за нас маглі ацаніць значэнне той падзеі, не шкадавалі эпітэтаў для яе характарыстыкі. Так, кароль і вялікі князь Аляксандр называў клецкую перамогу “выратавальнай для ўсяго хрысціянскага свету”. Нямецкі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што гэтая бітва стала самай вялікай перамогай над татарамі за апошнія сто гадоў. Шведскі гісторык Ёханас Петрыюс у сваёй “Гісторыі Польскага каралеўства”, выдадзенай у 1642 г., паставіў Клецк у адзін шэраг з такімі знакавымі для Усходняй Еўропы перамогамі, як Грунвальдская (1410 г.) і Аршанская (1514 г.).
Канцлер і віленскі ваявода Мікалай Радзівіл у гонар перамогі заснаваў у Вільні кляштар манаскага ордэна кармелітаў абутых, а пры ім збудаваў два касцёлы: Маці Божай Снежнай (5 жніўня, у дзень калі адбылася бітва, адзначаецца свята Панны Марыі і “снежнага цуду”) і святога Юрыя (Георгія) – нябеснага апекуна воінаў, абаронцаў роднай зямлі. І хоць да нашых дзён тыя першасныя будынкі не захаваліся, перабудаваны касцёл святога Юрыя можна бачыць і сёння.
3. У Клецку былі напісаныя першыя друкаваныя беларускамоўныя кнігі
Сёлета, калі адзначаецца 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання, гэты факт набывае асаблівае значэнне. Як вядома, першыя кнігі на беларускай мове ў 1517–1525 гг. надрукаваў Францыск Скарына, імя якога ведае кожны школьнік. Гэта былі пераклады Бібліі. Але ёсць адзін нюанс: скарынінскія выданні ўбачылі свет па-за межамі сённяшняй Беларусі. У 1550-я гг. пачала дзейнічаць друкарня ў Брэсце, але там друкаваліся кнігі толькі на польскай і лацінскай мовах. Першая ж друкаваная беларускамоўная кніга на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь убачыла свет у 1562 г. у Нясвіжы і называлася “Катихисис, то естъ наука стародавняя христианьская от светого писма, для простых людей… въ пытаниахъ и отказехъ събрана”. Яе аўтар Сымон Будны быў кальвінскім прапаведнікам у Клецку і менавіта тут напісаў свой твор, узяўшы за аснову казані, з якімі выступаў перад кляччанамі. Невыпадкова прадмова да “Катэхізіса” завяршаецца словамі: “Писан у Клецку под леты въплощениа Господа и Спаса и Бога нашого Исуса Христа 1562, июниа 10 дня”.
Выданне мусіла данесці сэнс хрысціянскага веравучэння да ўсіх ахвочых. Для гэтага была абраная зручная форма падачы матэрыялу ў пытаннях і адказах. Кніга адразу ж прыцягнула ўвагу адукаваных людзей як у Вялікім Княстве, так і за яго межамі. Яе перапісвалі, каментавалі, спрачаліся з выказанымі думкамі. У 1628 г. “Катэхізіс” нават быў перавыдадзены ў Швецыі для пашырэння хрысціянскай навукі сярод жыхароў тэрыторый, якія адышлі ад Маскоўскай дзяржавы. На пачатку ХVIII ст. яго збіраліся перавыдаць у Расіі, але гэты намер не быў рэалізаваны.
Праўда, далёка не ўсе сучаснікі прыхільна ўспрынялі філасофскія ідэі Рэфармацыі. Кнігі Буднага выклікалі нянавісць езуітаў, якія адразу ж залічылі іх аўтара да ліку грэшнікаў. Каталіцкі біскуп Юрый Радзівіл выдаткаваў вялікія сродкі, каб скупіць пратэстанцкія выданні і спаліць іх на вогнішчы ў Вільні. У 1603 г. творы Сымона Буднага былі ўнесеныя ў т. зв. “Індэкс забароненых кніг”, складзены прадстаўнікамі каталіцкай царквы, кнігі з якога былі прызнаныя шкоднымі для веры і маралі. За іх чытанне, захоўванне і распаўсюджванне пагражалі меры царкоўнага спагнання. Магчыма, таму да нашых дзён захаваліся толькі лічаныя асобнікі “Катэхізіса” (каля 10 экзэмпляраў), якія захоўваюцца ў музейных і бібліятэчных зборах Расіі, Польшчы, Чэхіі.
Значна горшы лёс напаткаў яшчэ адну кнігу Буднага, напісаную ў Клецку, філасофскі трактат “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам”. Не захавалася ніводнага асобніка! Даследчыкі вымушаныя карыстацца апісаннем, якое яшчэ ў 1813 г. зрабіў расійскі бібліёграф В. Сопікаў. Яму апошняму пашанцавала трымаць у руках арыгінальнае выданне.
4. Клецк абазначаны на старонках першага ў свеце геаграфічнага атласа
Першы атлас выйшаў у нідэрландскім горадзе Антверпен 20 мая 1570 г. Ён быў надрукаваны на лаціне – міжнароднай мове таго часу – і называўся “Theatrum orbis terrarum” (“Агляд зямнога шару”). Укладальнікам атласа быў фламандскі картограф і выдавец Абрахам Артэліус – адзін з заснавальнікаў картаграфічнай навукі. У свой збор ён уключыў 53 карты асобных краін з іх дэталёвым апісаннем. У тым ліку і беларускіх зямель. На апошняй адлюстраваны горад “Kloczko”.
Трэба адзначыць, што Артэліус шырока карыстаўся напрацоўкамі сваіх папярэднікаў – еўрапейскіх картографаў XVI ст. У прыватнасці, звесткі пра нашу частку кантынента ён узяў з карты Вацлава Градэцкага, на якой было паказанае Польскае каралеўства і суседнія землі. Менавіта гэтая карта, надрукаваная ў Базэлі (Швейцарыя) у 1562 г., на цэлае стагоддзе стала “базавай” для географаў Еўропы. На ёй упершыню даволі дакладна для таго часу былі адлюстраваныя абшары над Дняпром, Бярэзінай і Прыпяццю. На карце пазначаныя 30 гарадоў, мястэчак і вёсак Беларусі. У тым ліку горад “Kloczko” на правым беразе непадпісанай ракі, што цячэ з паўночнага ўсходу на поўдзень і ўпадае ў “Przijpiecz”. Найбліжэйшымі да Клецка гарадамі, паводле карты, былі Капыль (“Kopil”) на паўднёвым усходзе і Здзітаў (“Szijtonije”) на захадзе. Цікава, што на карце В. Градэцкага няма ні Слуцка, ні Наваградка, ні Нясвіжа. І ўвогуле, вялікая тэрыторыя на поўнач ад Клецка ажно да Лагойска (“Lohoshak”) і Маладзечна (“Molotesch”) занятая лясамі. На самым ускрайку гэтых лясоў пазначаныя асаблівымі значкамі, але не падпісаныя Мінск і Заслаўе.
Такое вось уяўленне пра Беларусь маглі атрымаць чытачы (ці гледачы) першага геаграфічнага атласа. Да гэтага варта дадаць, што збор карт Артэліуса неаднаразова перавыдаваўся. Да 1624 г. ён выйшаў больш за 40 разоў на шасці еўрапейскіх мовах. А агульны наклад выдання склаў каля 7300 асобнікаў.
5. Клецк нейкі час быў сталіцай роду Радзівілаў
У шырокай свядомасці прозвішча Радзівілаў стала сінонімам багацця, славы і магутнасці. Таксама ва ўяўленні большасці своеасаблівай сталіцай радзівілаўскіх уладанняў з’яўляецца Нясвіж. І гэта невыпадкова. Менавіта ў Нясвіжы захаваўся радзівілаўскі палац, а ў сутарэннях мясцовага касцёла Божага Цела пахаваныя дзясяткі прадстаўнікоў гэтага роду. Але мала хто ведае, што спачатку ролю галоўнага цэнтра адной з галін роду выконваў Клецк.
Яшчэ ў 1551 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў горад свайму фаварыту Мікалаю Радзівілу Чорнаму. Нягледзячы на тое, што гэтае рашэнне было ўхваленае соймам, апошні змог уступіць у валоданне горадам толькі на пачатку 1558 г. У параўнанні з суседнім Нясвіжам, які быў невялікім паселішчам, Клецк з’яўляўся даволі развітым цэнтрам з багатымі гістарычнымі традыцыямі.
Праўда, Мікалай Чорны быў занадта заняты агульнадзяржаўнымі справамі і амаль увесь час праводзіў у сталічнай Вільні. Нясвіж ён ніколі не наведваў, а ў Клецку правёў толькі некалькі дзён у лістападзе 1564 г. А вось пасля ягонай смерці, у маі 1565 г., Клецк ператварыўся ў галоўную рэзідэнцыю роду на беларускіх землях. Тут быў замак і даволі вялікі жылы комплекс, які падыходзіў для размяшчэння княжацкага двара. Менавіта ў Клецку жылі і выхоўваліся сыны Мікалая Радзівіла – Альбрыхт, Юрый і Станіслаў (старэйшы, Мікалай Крыштаф, на той час вучыўся за мяжой). Менавіта ў Клецку ў студзені 1575 г. сабраліся прадстаўнікі найбольш уплывовых родаў ВКЛ: Радзівілы, Алелькавічы, Хадкевічы, Кішкі і іншыя, каб вырашыць пытанне аб выбары новага караля і вялікага князя і залагодзіць некаторыя ўзаемныя спрэчкі. Калі ўлічыць, што кожны магнат з’явіўся на сустрэчу ў суправаджэнні ўзброенага атрада, з вялікай колькасцю слуг і абозам, робцца ясным, што гаспадары маглі іх прымаць толькі ў добра разбудаванай і ўмацаванай рэзідэнцыі. У Клецкім замку захоўваўся фамільны архіў, дзе былі не толькі прыватныя дакументы, але і акты агульнадзяржаўнага значэння.
Становішча змянілася ў 1577 г. У самым яго пачатку адбыўся вялікі пажар, які знішчыў значную частку драўлянага замка. У снежні таго самага года сыны Мікалая Радзівіла Чорнага канчаткова падзялілі бацькоўскую маёмасць. Клецк адышоў да Альбрыхта Радзівіла, а Нясвіж – да яго старэйшага брата, найбольш ініцыятыўнага і здольнага Мікалая Крыштафа. Апантаны ідэяй стварыць у сваіх уладаннях “ідэальны горад”, апошні пачаў актыўна разбудоўваць Нясвіж. Тут з’явіліся замак, касцёл, ратуша, гандлёвыя рады. Невялікі пасёлак пакрысе ператвараўся ў прыгожы еўрапейскі горад. Мікалай Крыштаф шмат часу бавіў у сваёй рэзідэнцыі, што спрыяла ўзвышэнню Нясвіжа, а Клецк, хоць і быў цэнтрам асобнага ўладання, паступова адыходзіў на другі план.
6. Клецк – горад з багатымі традыцыямі банкаўскага жыцця
У ХІХ ст. Клецк паступова пагрузіўся ў правінцыйны сон. Недзе ў мінулым засталіся гучныя перамогі, казанні Сымона Буднага, росквіт часоў першых Радзівілаў. Нават статус горада быў страчаны, і Клецк ператварыўся ў мястэчка Слуцкага павета. Але менавіта ў гэтым мястэчку быў створаны адзін з найстарэйшых у Беларусі банкаў. Адбылося гэта ў 1881 г. па ініцыятыве буйнога землеўладальніка Эдварда Вайніловіча.
Апошні пазней ўспамінаў: “…сабраўшы суседзяў і ўнёсшы суму ў 3000 рублёў у якасці пачатковага ўзносу, я адкрыў установу, якую ў простай гутарцы называлі “Клецкім банкам”. Усе справы вёў мой добры сусед Рамуальд Рымша. “Клецкі банк” пастаянна пашыраў сферу ўплыву, і бывалі гады, калі аб’ём яго аперацый дасягаў 800 000 рублёў… Раней грошы ў банках або ўвогуле не захоўвалі, або марнавалі ў пазыках пад вялікія працэнты. Пасля адкрыцця банка мала хто, нават з ліку дробных земляробаў і службоўцаў, не меў капіталу на кніжцы”. Гэтую ўстанову як “адну са старэйшых і мацнейшых пазыковых кас” згадваў аўтар першай “Геаграфіі Беларусі” Аркадзь Смоліч.
Клецкі банк паспяхова працаваў да рэвалюцыйнага 1917 г. Пазней у выніку вайны і эканамічнага крызісу грошы хутка абясцэньваліся, і давер насельніцтва да банкаў быў падарваны. Але як толькі ўсталяваўся адносны спакой, летам 1924 г., у Клецку аднавіў дзейнасць Хрысціянскі банк. Ініцыятарамі яго стварэння сталі землеўладальнік Альгерд Яленскі і ксёндз Вікенцій Герасімовіч, які перад вайной служыў у мясцовым касцёле і карыстаўся павагай насельніцтва. Банк размясціўся ў будынку былога дамініканскага кляштара. Як сведчаць успаміны старажылаў, напярэдадні Другой сусветнай вайны, шмат хто з кляччан трымаў тут свае ашчаджанні, хаця працэнтныя стаўкі былі адносна невялікія.
У савецкі перыяд існавала клецкае аддзяленне Дзяржаўнага банка СССР. Нейкі час яго ўзначальваў Станіслаў Антонавіч Багданкевіч – у будучыні першы старшыня Нацбанка Рэспублікі Беларусь. На пасаду кіраўніка клецкага аддзялення С. Багданкевіч быў прызначаны 3 кастрычніка 1966 г. Сам ён згадваў: “На момант прызначэння я меў вышэйшую адукацыю і стаж работы ў банкаўскай сістэме восем гадоў. Я жыў у Маладзечне з бацькамі, быў нежанаты. Гэта паспрыяла таму, што прыняў прапанову аб пераводзе ў Клецк. Аддзяленне банка стваралася ў сувязі з аднаўленнем раёна і знаходзілася каля будынка міліцыі. Штат складаўся прыблізна з 15 чалавек (крэдытны аддзел, аперацыйны аддзел – бухгалтэрыя, каса). Добрыя стасункі склаліся з кіраўніцтвам раёна. Згадваю Клецк з вялікай сімпатыяй. 3 студзеня 1972 г. быў пераведзены начальнікам упраўлення Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржбанка, што азначала кар’ерны рост”.
У 1973 г. клецкае аддзяленне банка ўзначаліў 25-гадовы Міхаіл Чыгір – у будучыні прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, а на той момант самы малады ў БССР кіраўнік банкаўскага філіяла. Дарэчы, і Багданкевіч, і Чыгір менавіта ў Клецку стварылі свае сем’і.
7. У 1920-я гг. Клецк быў адным з цэнтраў беларускай адукацыі
Менавіта ў гэты час, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, дзейнічала славутая Клецкая беларуская гімназія. Гісторыя гэтай навучальнай установы пачалася ў 1921 г. у Нясвіжы, калі на базе прыватнай гімназіі былі ўтвораныя два класы з беларускай мовай навучання. Улады з першых дзён варожа паставіліся да школы, а таму і яе настаўнікам, і вучням давялося весці амаль штодзённую барацьбу за існаванне. Тым не менш у 1924 г. гімназію фактычна выціснулі з Нясвіжа – павятовага цэнтра, які мусіў стаць адным з цэнтраў пашырэння пальшчызны на т. зв. “крэсах усходніх”.
Школа была вымушаная перабрацца ў Клецк. Улады і тут не перабіралі ў сродках: настаўнікам прыпісвалі антыдзяржаўную дзейнасць, жыхароў агітавалі байкатаваць беларускую школу, не прымаць на кватэры вучняў і настаўнікаў. Але насуперак гэтаму кляччане падавалі ўсё новыя і новыя петыцыі з патрабаваннем адкрыць гімназію, вырашалі арганізацыйныя пытанні, матэрыяльна дапамагалі настаўнікам. Урэшце восенню 1924 г. у новай школе пачаліся заняткі.
Клецкая беларуская гімназія была змешанай (разам вучыліся і хлопцы, і дзяўчаты) і мела прыродазнаўча-матэматычны ўхіл, у адрозненне ад Віленскай і Радашковіцкай гімназій гуманітарнага тыпу. Школа вылучалася моцным педагагічным складам. Сярод яе настаўнікаў было нямала спецыялістаў з універсітэцкімі дыпломамі (Вячаслаў Арэнь, Мікола Чарнецкі, Вера Сініцына), што ў тыя часы сустракалася нячаста. Як прыватная навучальная ўстанова яна існавала за кошт платы за навучанне. А паколькі за партамі сядзелі пераважна дзеці сялян, сельскіх святароў і небагатых гараджан, фінансавыя магчымасці былі даволі сціплымі. І вось тут вялікую дапамогу аказваў бацькоўскі камітэт на чале з Ігнатам Чарапавіцкім – вядомым грамадскім дзеячам Клеччыны. Дзякуючы ахвяраванням з боку грамадскасці ў 1927/28 навучальным годзе 54 вучні атрымлівалі адукацыю бясплатна, а 42 карысталіся ільготамі па аплаце. Усяго ў той час у сямі класах гімназіі было звыш 150 вучняў і працавалі 8 настаўнікаў. А ў 1929 г. адбыўся першы выпуск – 16 чалавек прайшлі поўны курс навучання.
Нягледзячы на папулярнасць гімназіі сярод насельніцтва, у 1931 г. яна была ліквідаваная ўладамі. За ўвесь час існавання яе скончылі 46 чалавек, а агульны лік вучняў складае звыш 200. Многія навучэнцы Клецкай беларускай гімназіі пакінулі прыкметны след у айчыннай гісторыі. Міхаіл Літвін у 1939 г. быў адным з кіраўнікоў Скідзельскага паўстання, Іван Міско (Анатоль Іверс) набыў вядомасць як таленавіты паэт. Па волі лёсу некаторыя колішнія гімназісты былі вымушаныя жыць і працаваць на чужыне: прадпрымальнік і мецэнат Іван Дзяменнік, мастак Дзмітрый Чайкоўскі, арганізатар беларускага руху ў ЗША Васіль Кендыш. Усе яны згадвалі своеасаблівую “прышчэпку” беларускасці, якую атрымалі ў Клецку.
8. Клецк – самы беларускамоўны горад у краіне
Нават павярхоўнае знаёмства з гісторыяй пераконвае, што на Клеччыне заўсёды дамінавала беларуская мова. На гэта звярталі ўвагу з даўніх часоў. Мабыць, невыпадкова Сымон Будны, пажыўшы ў Клецку, раіў князям Радзівілам: “Каб вашы княжацкія міласці не толькі ў замежных мовах былі абазнаныя, але і той, здаўна слаўнай мовы славянскай, не забывалі і ёю размаўлялі. Слушная гэта рэч, каб вашы княжацкія міласці таго народу мову шанавалі, на якой даўнія продкі паны-бацькі вашыя гаварылі”.
У ХІХ ст. пісьменнік і журналіст Павел Шпілеўскі пісаў як, трапіўшы на Клеччыну, услухоўваўся ў “спеўную і мілагучную беларускую мову”. Вясной 1939 г. польскія ўлады ў сакрэтнай справаздачы са скрухай прызнавалі, што, нягледзячы на ўсе ўрадавыя захады, насельніцтва рэгіёна не атаясамлівае сябе з палякамі і ўпарта трымаецца беларушчыны. У першую чаргу – сваёй мовы. А ў верасні 1997 г. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч напісаў верш “Мой паклон жыхарам Клецка”, які, дарэчы, быў надрукаваны ў раённай газеце. Народнага паэта натхніла вестка аб тым, што ўсе тры гарадскія школы былі ў той час беларускамоўнымі:
А тут, у Клецку слынным,
Народ, на зло вандалам,
На ўсходзе дня святлынным
Пранікся Божым дарам.
Усведаміў да болю,
Што толькі ў слове родным
Ён будзе сам сабою,
Шчаслівым і свабодным…
Сваю адданасць беларускасці кляччане пацвердзілі падчас перапісу насельніцтва ў 2009 г. Паводле звестак, апублікаваных на сайце “Нашай Нівы”, 75,22% жыхароў горада засведчылі, што ў паўсядзённым жыцці карыстаюцца беларускай мовай. І гэта самы высокі паказчык ва ўсёй краіне! На другім месцы апынуліся жыхары Валожына, на трэцім – Глыбокага (у гэтых гарадах крыху больш за 65% беларускамоўных). У Мядзелі, Капылі, Іўі, Ляхавічах па-беларуску размаўляюць ад 60 да 65% насельніцтва. А замыкаюць гэты рэйтынг Докшыцы (59,67%), Тураў (57,3%) і Дзятлава (53,7%).
Андрэй Блінец