«Мне было за сорак, я чытала ў сваім фіялетавым крэсле, майму бацьку было за восемдзесят, а попел маёй сястры быў у акіяне, над якім праплывае бязмежнае сіняе неба. І толькі цяпер я зразумела важнасць азірання назад, значнасць, важнасць успамінаў».
Так піша Ніна Занковіч у сваёй працы «Талстой і фіялетавае крэсла. Мой год чытання».
Гэта не столькі кніга пра кнігі, колькі пра памяць, страх і стому, дэпрэсію і выхад з яе. Пра маленькія радасці кожнага дня, якія, здаецца, і ўтрымліваюць гэты свет ад падзення ў бездань.
Эмігранцкая літаратура зазвычай бачыцца нам як нешта рэтраспектыўнае. Гісторыі вайны і ўцёкаў, цяжкой працы і самарэалізацыі далёка ад Радзімы. Праз лабірынты чалавечых гісторый, прозвішчаў і дат алхімічным спосабам мы выціскаем па кроплі досвед і мараль тых людзей.
Кніга Ніны Занковіч — іншая. Гэта практычны параднік. Пасля цяжкой хваробы і смерці старэйшай сястры Ан-Мары аўтарка пакутуе на дэпрэсію і знаходзіць выратаванне ў кнігах. І гэта зусім не ўцёкі ад рэальнасці. Гэта пошук выйсця і, урэшце, вяртанне да жыцця.
Здаецца, такі досвед будзе зусім не лішні для траўмаванай нацыі. Асабліва — «кніжнай нацыі» — як часта акрэсліваюць беларусаў.
Штодзень па кнізе і так — цэлы год
«Заўсёды знойдзецца пыл, які трэба працерці, і бялізна, якую трэба памыць, і купіць малака, і прыгатаваць абед, і памыць посуд. Але цягам аднаго года падобныя рэчы не павінны адрываць мяне ад чытання. Я сама сабе даю адзін год на тое, каб нікуды не бегчы, не планаваць і не займацца хатнімі справамі. (...) Мы адмовімся ад непатрэбнага і будзем знаходзіць задавальненне ў тым, што ў нас ужо ёсць.»
Задумка аўтаркі наступная: цэлы год чытаць па адной кнізе на дзень. Гучыць фантастычна, праўда? Паспяховая юрыстка, пісьменніца і эмігрантка ў другім пакаленні на год вырашае адмовіцца ад працы і хатніх клопатаў, каб пабыць сам-на-сам з сабой. Разгрэбсці падваліны падсвядомасці, крыўдаў і траўмаў.
А грошы? Грошы — гэта зароблены раней капітал — падушка бяспекі. Падтрымка з боку мужа. Круціцца як вавёрка ў коле можна ўсё жыццё, але навошта, калі няма часу на радасці? Навошта, калі штовечар засынаеш з болем і з ім жа прачынаешся? Каму тое трэба?.. Так разважае Ніна Занковіч.
Яе эпапея з чытаннем — гэта амерыканская і беларуская гісторыя адначасна. Амерыканская, бо чалавек цалкам рацыянальна разважае: апроч банкаўскага рахунка і здаровых зубоў у свеце ёсць яшчэ нешта — трэба прыняць рашэнне і паспрабаваць. Беларуская, бо ў якасці метада Ніна абірае кнігі — нешта медытатыўнае, глыбокае і простае ў рэалізацыі.
«Трое за адну ноч...»
Праз усю кнігу Занковіч праходзяць дзве лінейкі: чытацкі дзённік з прозвішчамі аўтараў, назвамі і сюжэтамі, ды — развагі пра сваё жыццё, лёсы далёкіх і блізкіх, выпадковых і невыпадковых людзей. Глыбокая самарэфлексія.
Ніна Занковіч
З кніг усё пачынаецца: яшчэ малады бацька, які пакінуў Беларусь у 1944-м, чытае дзецям калядныя гісторыі, а маці робіць з томікаў інсталяцыі — накрывае белым абрусам, каб атрымаўся зімовы пейзаж, з горамі і далінамі. Рэшта гісторый: першае каханне, сяброўства, перамогі і паразы — усё з кнігай пад пахай ці ў заплечніку. Для хворай сястры Ніна ў лякарню таксама носіць кнігі.
«Пасля смерці маёй сястры бацька ўсё паўтараў: "Трое за адну ноч, трое за адну ноч", — нібыта звяртаючыся праз шмат гадоў да сваёй маці ў пошуках разумення і з просьбай аб дапамозе. Бацька не мог узяць у толк, як маці перажыла наступны дзень, ці яшчэ адзін дзень, ці ўсё астатняе жыццё пасля страты траіх дзяцей. Сам ён не разумеў, як перажыве наступны дзень пасля смерці старэйшай дачкі, якая павінна была б яшчэ жыць і жыць».
Сям’я Занковічаў: Наташа, Ан-Мары, Анатоль, Тыльда і Ніна. 1997 г.
Што значыла гэтае «трое за адну ноч», Ніна зразумела пасля. Гэта ўжо падваліны сямейнай і генетычнай памяці. У вайну яе бацька за ноч згубіў двух братоў і сястрычку — іх забілі ў роднай хаце. Пасля, у 1945-м, уцякаў з палаючага Дрэздэна. Каб спыніўся адпачыць — наўрадці б выжыў. Пасля былі два гады ў шпіталі для сухотнікаў...
Аўтарка разумее, што каб не бацькава воля да жыцця, не чытала б яна зараз аніякіх кніжак. Праз гэтую сямейную гісторыю яна знаходзіць ключ да сябе сучаснай: калі бацька вытрываў гэта кашмар, дык чаму не можа яна? Кнігі, у сваю чаргу, таксама дапамагаюць — апісаны ў іх боль дае разуменне, што бяда здараецца скрозь. І кожны можа яе пераадолець.
Анатоль Занковіч у санаторыі для сухотнікаў. Эйпен, 1951 г.
Дробныя радасці — прычына працягваць жыць
«Духмянасць хваёвай шышкі, водар папкорну, смак халоднага піва ці мятнай цукеркі: мноства пачуццяў — і раптам выразная прыгажосць, ці радасць, ці смутак. Прыгажосць жыве ў тых момантах жыцця, якія мы захавалі ў памяці, у момантах, што натхняюць нас зноў і зноў. Мы стаім на моцных пáлях, убітых нашай памяццю.»
Слова «памяць» у тэксце аўтаркі, мабыць, другое па папулярнасці пасля «кнігі». З памяццю цікавая рэч: як прыклад Занковіч прыводзіць апавяданне Дзікенса пра двайніка. Па сюжэце прывід прапаноўвае чалавеку сцерці балючыя ўспаміны ды — супакоіцца. Той пагаджаецца, але — перастае быць сабой.
Наколькі б траўматычным ні было мінулае, без яго мы губляем сябе. Больш за тое, памяць — гэта і добрыя, і дрэнныя моманты. Мы самі выбіраем, на якіх фіксавацца, што менавіта пераварваць раз за разам. Вінаватая не памяць, а мы самі. Больш таго — мы сённешнія. Трэба ўсё памятаць, усё прабачаць, але найбольш узгадваць тое добрае, што было:
«Памяць не можа знішчыць гора ці вярнуць мёртвых, але яна дазваляе мінуламу заставацца з намі назаўжды. У мінулым было ўсё, былі і дрэнныя моманты, але таксама і вельмі добрыя: напрыклад, калі мы весяліліся, гулялі, каштавалі смачныя стравы, абмяркоўвалі цікавыя кнігі. Калі мы памятаем людзей, якія памерлі, мы аддаем даніну павагі жыццям, якія яны пражылі.»
Сакрэт у тым, што дробныя радасці — гэта прычына працягваць жыць. Калі яны здараліся раней, то чаму не могуць паўтарыцца? «...Ты напішаш новы раман, ці сустрэнеш новага сябра, ці паглядзіш футбольны матч па ТБ» — цытуе аўтарка кнігу Джуліян Барнс «Няма чаго баяцца». Пакуль мы жывыя, шанец да лепшага застаецца заўсёды.
Кнігі і грошы павінны знаходзіцца ў абароце
Ніна Занковіч паглыбляецца і аналізуе чытанне як такое ды асаблівасці кніжных жанраў. Кожны з іх можа быць карысным, нават калі знешне падаецца «несур’ёзным». Напрыклад, дэтэктыў. Апроч відавочнага — забойства, каханне, смерць, рызыка — гэта гісторыя пра ўпарадкаванасць сусвету. Пра невыпадковыя выпадковасці. Пра канцоўку, якая ўсё расстаўляе на свае месцы.
Цікавыя заўвагі пра «кругазварот кніг у сусвеце». Маўляў, калі людзі даюць ці раяць пачытаць адно аднаму кнігі, то прыадчыняюць свае сэрцы — даюць нешта ад сябе. Працягваюць руку. Мабыць, не варта ігнараваць такія жэсты, асабліва калі перад табой блізкі чалавек. Кнігі, якімі з табой дзеляцца, як «нечаканыя госці ў хату».
Аўтарка цытуе Генры Мілера: «Як і грошы, кнігі павінны пастаянна знаходзіцца ў абароце. Аддавайце і пазычайце па максімуму — і кнігі, і грошы! Асабліва кнігі, бо кнігі больш вечныя, чым грошы. Кніга — не толькі сябар, але і ваша магчымасць пасябраваць з кімсьці. Калі вы чытаеце разумную кнігу, яна вас узбагачае. А калі вы дзеліцеся ёю з іншымі, яна вас узбагачае ўтрая больш».
А вось яшчэ цытата — з Карнэліі Функе: «Кнігі любілі ўсіх, хто іх адгортваў; яны давалі пачуццё бяспекі і сяброўства і нічога не прасілі ўзамен; яны нікуды не знікалі — ніколі, нават калі яны камусьці не падабаліся. Каханне, праўда, прыгажосць, мудрасць і суцяшэнне супраць смерці. Хто гэта сказаў? Той, хто любіў кнігі».
Крэда новай кніжнай культуры
Кніга Ніны Занковіч — добры адказ на пытанне пра месца кнігі ў сучасным свеце. Кажуць, што чалавек з юнацтва чытае прыгодніцкую літаратуру, пасля — мемуары, а пасля — проста чытае, па звычцы. Чытае ўсё і не ведае — для чаго. Паводле аўтаркі, у чытання ёсць практычная карысць. Не меншая за бег, ёгу, заняткі спортам ці адпачынак з келіхам віна на беразе акіяну.
Кнігі — гэта ўніверсальная тэрапія і сродак камунікацыі, які за стагоддзі не згубіў актуальнасці:
«Літаратура дазволіла мне пабачыць, што маё ўласнае пачуццё страты і разгубленасці не ўнікальнае: яно сустракаецца ў кожнага чалавека па ўсім свеце (...). Як жыць? Са спагадай. Толькі калі ты здымеш з сябе ўвесь гэты цяжар сваіх страхаў і блытаніны, ізаляцыі і смутку, толькі тады ты зможаш адчуць палёгку. Баласт на тое і баласт, каб ад яго пазбаўляцца.
Я засеяла свае новыя жаданні — і мае новыя памкненні пусцілі карэнне. Я знаходжуся ў садзе, вызваленым ад ядавітых раслінаў і пустазелля, і я тут не адна: ёсць яшчэ людзі, якія змагаюцца з бур’янам і гатовыя да сонца.»
Чым не крэда для новай беларускай кніжнай культуры? Калі чытаеш не праз «абавязак перад беларушчынай», не для кагосці, не па звычцы, але — для сябе. Для ўласнай перазагрузкі. Для таго, каб наноў пасябраваць з сабой і светам.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org