Напрыканцы сакавіка 2019 г. пабачыла свет выданне “Узаемадзеянне мясцовых органаў улады і некамерцыйных арганізацый у Беларусі: прававое рэгуляванне і практыка”. Кніга не толькі прысвечаная аналізу сённяшніх юрыдычна-прававых умоваў дзейнасці грамадскага сектару, але і выбудоўвае пэўнае бачанне таго, што рабіць далей дзеля развіцця грамадзянскай супольнасці і наладжвання прадуктыўнага міжсектарнага дыялогу на мясцовым узроўні.
Многія актыўныя гульцы грамадскага сектару Беларусі заўважылі пэўныя станоўчыя змены ў стаўленні ўладных структураў да дзейнасці НДА, да прапаноў грамадскасці агулам. У шэрагу сфер гэтая адкрытасць – істотная (як, напрыклад, у сферы развіцця умоў для прадпрымальніцтва). У іншых абласцях (напрыклад, захаванне правоў чалавека) гэтая адкрытасць хоць і мае месца, але ацэньваецца як дэманстратыўная, працэдурная, арыентаваная на абмеркаванне, але не звязаная з рэальным улікам інтарэсаў грамадскасці.
У той жа час відавочна, што праца мясцовых ініцыятыў спрыяе вырашэнню многіх праблем і задач, а таксама вядзе да паляпшэння мясцовага мікраклімату ў цэлым. Аднак гэтыя пазітыўныя змены не стануць устойлівымі, калі мясцовыя ўлады не будуць улічваць меркаванне грамадзян і не ўбачаць у грамадзянскай супольнасці свайго непасрэднага партнёра.
У сувязі з гэтым паўстала неабходнасць правядзення даследавання і аналізу суадносін прававых умоў і практыкі ўзаемадзеяння мясцовых уладаў і некамерцыйных арганізацый у нашай краіне з мэтамі прапановы рэкамендацый розным актарам па паляпшэнні сітуацыі.
Вынікі такога даследавання і пабачылі свет напрыканцы сакавіка гэтага года ў выглядзе кнігі пад назвай “Узаемадзеянне мясцовых органаў улады і некамерцыйных арганізацый у Беларусі: прававое рэгуляванне і практыка”.
Асноўны блок выдання змяшчае інфармацыю пра тое, чаму некамерцыйныя недзяржаўныя арганізацыі з’яўляюцца важнымі элементамі ўдзелу грамадства ў прыняцці рашэнняў уладамі. Аўтары кнігі – Вольга Смалянка (Цэнтр прававой трансфармацыі) і Юры Чавусаў (Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі) – дзеляцца замежным досведам камунікацыі паміж грамадствам і дзяржавай, а таксама аналізуюць прававыя ўмовы і практыкі такога ўзаемадзеяння ў Беларусі.
Важнай часткай кнігі ёсць рэкамендацыі рэспубліканскім і мясцовым органам улады, арганізацыям грамадзянскай супольнасці і міжнародным арганізацыям. Гэтыя рэкамендацыі, распрацаваныя аўтарамі даследавання пры ўдзеле прадстаўнікоў шырокага спектру некамерцыйных арганізацый, дазволяць развіваць канструктыўнае міжсектарнае ўзаемадзеянне.
Таму кніга будзе дасланая шырокаму колу дзяржаўных інстытуцый, а таксама недзяржаўным беларускім і міжнародным арганізацыям. Для ўсіх зацікаўленых ёсць магчымасць, пакінуўшы заяўку, атрымаць яе ў папяровым выглядзе абсалютна бясплатна. Для гэтага трэба запоўніць адмысловую форму. У электронным варыянце выданне можна спампаваць тут.
Гэтае выданне – вынік даследаванняў прававых умоваў дзейнасці недзяржаўных арганізацый і іх супрацы з уладамі, якія ладзіліся цягам трох гадоў на замову кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання “SYMPA” ў межах рэгіянальнай кампаніі “Разам да справы!”