У верасьні гэтага году ў Беларусі пройдзе фатаконкурс «Вікі любіць славутасьці». Конкурс з арыгінальнай назвай Wiki Loves Monuments праводзіцца ў больш як 30 краінах сьвету на ўсіх населеных кантынэнтах нашай плянэты. Мэта конкурсу — захаваць у здымках гісторыка-культурную спадчыну як галоўны сымбаль і сьведчаньне чалавечае дзейнасьці.
Цягам верасьня на конкурс будуць прымацца здымкі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, пералічаных у Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Гэта цэрквы і касьцёлы, замкі і палацы, старадаўнія збудаваньні па ўсёй Беларусі — у гарадох і сёлах.
Вашыя здымкі будуць выкарыстаныя ў артыкулах Вікіпэдыі на дзясятках і сотнях моваў, а ў вас асабіста будзе магчымасьць атрымаць адзін з прыемных падарункаў. Акрамя таго, вашыя фатаздымкі будуць мець шанец стаць фіналістам міжнароднага конкурсу Wiki Loves Monuments і выйграць прызы ад міжнародных арганізатараў.
Вы ніколі не задумляліся на конт рэдагаваньня Вікіпэдыі? Конкурс «Вікі любіць славутасьці» — выдатная магчымасьць зь лёгкасьцю далучыцца да сям’і ўдзельнікаў Вікіпэдыі. Стаміліся ад выпраўленьня памылак у артыкулах? Хапайце фотаапарат і выходзьце на вуліцу фотаграфаваць уласны горад ці вёску.
Правілаў у конкурсу ня шмат:
Кожны ўдзельнік конкурсу мае права загружаць на конкурс столькі здымкаў, колькі памяркуе неабходным. Каб павялічыць свае шанцы на лепшае месца і праход у міжнародны конкурс, арганізатары радзяць не пакідаць на самім здымку надпісаў з апісаньнем ці пазначэньнем аўтарства: вашыя аўтарства і апісаньне будуць аўтаматычна дададзеныя на ўласную старонку кожнага здымку ў Вікісховішчы, і мільёны чытачоў Вікіпэдыі змогуць даведацца пра вас і вашыя цудоўныя працы!
Для ўласьнікаў тэлефонаў з АС Android падрыхтаванае мабільнае прыкладаньне, з выкарыстаньнем якога вы зможаце лёгка знайсьці неабходныя аб’екты для фотаграфаваньня, што ёсьць вакол вас. Акрамя таго, вы зможаце зьняць іх на тэлефон і адразу даслаць на конкурс, або знайсьці бясплатны Wi-Fi, каб загрузіць адразу некалькі здымкаў пазьней! Даведайцеся болей.
Болей падрабязнасьцяў пра ўдзел у конкурсе чытайце на афіцыйным сайце https://wikilovesmonuments.by/, дзе вы знойдзеце ўсю неабходную інфармацыю пра тэхнічныя падрабязнасьці ўдзелу ў конкурсе, а таксама сьпісы аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Кантактны e-mail для пытаньняў: info@wikilovesmonuments.by