Альбом пад назвай «Зацьменны блюз» складаецца з 9 песень і стаў дзявятым у дыскаграфіі гурта. Канцэртная прэзентацыя адбудзецца сёння ж, 12 траўня, у рэжыме анлайн.
— Праца над гэтым альбомам распачалася яшчэ ў 2015 годзе, — распавядае лідар гурта Ігар Варашкевіч. — Падыход да яго напісання быў цалкам новы: у плыні складаных часоў знутры «Крамы» альбом складваўся хутчэй як сольны праект, які павінен быў стаць незалежным ад чужых густаў ды амбіцый. Упершыню тэксты да яго напісаў таленавіты Фелікс Аксёнцаў, а ў нейкі момант абнавіўся і склад музыкаў: месца Сяргея Трухановіча заняў Андрэй Краўцэвіч. На запіс «Зацьменнага блюзу» сышло два гады: праца спынялася пандэміяй ды жнівеньскімі падзеямі 2020. Але ўрэшце альбом гатовы — і мы ганарымся гэтай працай! Прысвячаю яго маёй Маці, Міхалу Анемпадыставу, Аляксандру Кулінковічу, Леаніду Пятрэнка і іншым добрым людзям, які ўжо няма з намі.
Альбом ужо зараз можна паслухаць на ўсіх лічбавых пляцоўках.
Паколькі зладзіць жывы канцэрт не атрымалася, музыкі разам з кампаніяй «Наш Дзень» ладзяць прэзентацыю ў анлайн-рэжыме. Пры гэтым гурт абяцае паўнавартасную праграму і сапраўдную атмасферу канцэртнай залы.
12 траўня, 20:00
Кошт квітка можна абраць самастойна тут.