У кастрычніку 2016 года Стоўбцы ўзрушыла беспрэцэдэнтная навіна — падчас навукова-практычнай канферэнцыі «Стаўбцоўшчына — гісторыка-культурная спадчына наднёманскага рэгіёна», зладжанай Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук Беларусі, была прапанавана новая дата заснавання Стоўбцаў.
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ 20 чэрвеня 1593 года надаў прывілей удаве крычаўскага старосты Мікалая Слушкі на правядзенне новых таргоў ды кірмашоў, дзе згадваецца новае месца «свержаньскае над Нёманам». Гісторык-архівазнаўца Андрэй Латушкін лічыць гэта першым дакументальна засведчаным узгадваннем Стоўбцаў. Такім чынам, мястэчка памаладзела на 82 гады (папярэдняя дата — 1511 год).
Наколькі важнай у краязнаўчым вывучэнні краю з’явілася гэтая падзея, настолькі амбівалентным было ўспрыняцце яе месцічамі. Стагоддзе туды — стагоддзе сюды, у свядомасці большасці ўспрыняцце пачатковай кропкі гісторыі горада заўсёды балансавала паміж Стоўбцамі — бацькаўшчынай Коласа і «польскім часам», які пакінуў нашчадкам будынак вакзала і дамы ў «закапанскім стылі». Слушкі, Чартарыйскія… Пасля знішчэння ў 1950-х гадах Дамініканскага касцёла адзіным матэрыяльным успамінам пра часы знакамітых землякоў засталася Святаанінская царква на пагорку за цэнтральнай плошчай. Адышла ў забыццё гісторыя гандлёвых Стоўбцаў, і на пытанне, чаму на гербе горада віціна, мінак, хутчэй за ўсё, адкажа: «Дык, пэўна ж, Нёман побач».
У пратаколе канферэнцыі паўстала графа: «Заснаваць у Стоўбцах краязнаўчы музей» — ініцыятыва даўно не новая. Сёння ў экскурсійных маршрутах Стоўбцы побач з Мікалаеўшчынай разглядаюцца як «Коласаўскія мясціны», дзе мястэчка — не больш, не менш — прыдатак да былой вёсцы Акінчыцы, дзе нарадзіўся пясняр (у 1977 годзе вёска была ўключана ў склад горада). Краязнаўчы музей як месца, што раскрывала б лёс краю, на жаль, так і не склаўся.
Музей — гэта не будынак
Пратакол канферэнцыі прадугледжваў заснаванне аргкамітэту па стварэнні музея, у які ўвайшлі прадстаўнікі аддзела культуры, райвыканкама, мясцовыя краязнаўцы, ініцыятыўная моладзь. Менавіта аргкамітэту ў задачу ставілася распрацоўка канцэпцыі будучага музея — прынамсі так гэта разумелася людзьмі, якія дагэтуль не мелі дачынення да музейнай справы.
Забягаючы наперад, адзначу відавочную праблему, з якой сутыкнуўся аргкамітэт: недакладнае разуменне сутнасці музейнай справы, немагчымасць правільна сфармуляваць функцыі музея, адштурхнуўшыся ад якіх можна было б планаваць канкрэтныя захады па арганізацыі ўстановы. Ва ўсведамленні большасці, музей з’яўляецца лакалізаваным месцам, а не інстытутам. Экспазіцыяй, а не мэтанакіраванай справай. Сапраўды, для чалавека, далёкага ад музеязнаўства, паняцце музея засяроджваецца перш за ўсё на матэрыяльным увасабленні працэсу, а не на самім працэсе. То бок, калі казаць утрыравана, музей — гэта месца (будынак, памяшканне), куды можна прыйсці і штосьці ўбачыць. Знаёмыя з дзяцінства асацыяцыі, але менавіта імі кіруюцца людзі, якія, не маючы адпаведнай адукацыі, намерваюцца стварыць музей.
Таму аргкамітэту трэба было ўсвядоміць, чым з’яўляецца музей і музейная справа, музейны прадмет і музейны фонд.
Ці ёсць што паказаць?
Пакуль прадстаўнікі райвыканкама разглядалі магчымасць прыцягнення сродкаў з дзяржбюджэту, чальцы аргкамітэту правялі папярэдні ўлік прадметаў музейнага значэння. Прадметы збіраліся цягам апошніх дваццаці гадоў, сёння яны захоўваюцца ў Доме культуры Старога Свержня і Новаколасава — пасёлках Стаўбцоўскага раёна. Гэта археалагічныя артэфакты, знойдзеныя Міхасём Чарняўскім падчас раскопак ля вёскі Русаковічы, сялянскія побытавыя рэчы, сельгаспрылады, падручнікі на польскай мове, фотаздымкі, прадметы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Прадметы разнапланавыя, большасць — этнаграфічнай тэматыкі, вялікая колькасць сучасных малюнкаў, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сувенірных выданняў кніг і г.д. Частка прадметаў, што захоўваюцца ў Старым Свержні, прадстаўлены ў выглядзе мастацкай галерэі «Дубрава».
Пры абмеркаванні пытання юрыдычнага афармлення музея паўстала праблема адсутнасці памяшкання для фондасховічша, якое магло б адпавядаць устаноўленаму рэгламенту і быць дастаткова вялікім. Зразумела, што пакоі Дома культуры, разлічаныя на правядзенне адукацыйных заняткаў, не могуць задаволіць патрабаванняў па захоўванні музейных калекцый.
Да таго, як памяшканне з’явіцца, метадысты мінскага абласнога музея далі рэкамендацыі па часовым афармленні выставачнай галерэі ў Стоўбцах пры мясцовым аддзеле культуры, што разглядалася як пераходны этап да афармлення ўласна музея. Трэба адзначыць, што парады, пры сваёй слушнасці, не адпавядалі першапачатковай задачы аргкамітэта, хоць і былі прынятыя большасцю яго чальцоў. Некаторыя заўважалі, што «часовы» статус галерэі можа змяніцца на «пастаянны», і «часовая» галерэя ў выніку заменіць сабой паўнавартасны музей, задаволіўшы райвыканкам і адсунуўшы пытанне краязнаўчага музея на нявызначаны тэрмін.
І будынак таксама
У якасці памяшкання, пакуль яшчэ патэнцыйнага, прапанаваны першы паверх двухпавярховага дома па вул. Першамайская, 2, які раней арандаваўся пад краму. Будынак пачатку ХХ стагоддзя на момант пабудовы быў адным з нешматлікіх мураваных дамоў, што атачылі плошчу з чатырох бакоў. Гісторыя дома звязана з сям’ёй Тунік — вядомай у пачатку ХХ стагоддзя яўрэйскай фаміліі ў Стоўбцах. Тунікі займаліся гандлем: на першым паверсе дома знаходзіліся мясная лаўка і фотаатэлье: раней кожны са сваім асобным уваходам.
Пры абмеркаванні будучых экспазіцыйных памяшканняў было прапанавана пайсці шляхам музеефікацыі архітэктурных аб’ектаў, якія захаваліся абапал цэнтральнай плошчы. Дзякуючы таму, што за апошнія 20–30 гадоў плошча не была забудаваная шматпавярховымі дамамі (за выключэннем гіпермаркета, які сёння моцна дысаніруе з гістарычнай забудовай), цэнтр Стоўбцаў захоўвае атмасферу былога мястэчка, якую можна было б выкарыстаць для развіцця турыстычнага патэнцыялу не толькі Стоўбцаў, але і шляху Мір—Нясвіж. Але, зразумела, такі праект патрабуе выдаткаў, і першапачатковай задачай аргкамітэта было распрацаваць прапановы па засваенні першага паверха «дома Тунікаў» для мастацкай галерэі, якая пасля юрыдычнага афармлення краязнаўчага музея паслужыла б адным з экспазіцыйных памяшканняў.
Задума добрая, але…
Сутнасць прапаноў заключалася ў наступным. Першы паверх дома падзяляўся на тры зоны: інтэрактыўную, залу часовых выставаў і залу пастаяннай экспазіцыі. Інтэрактыўную зону планавалася зрабіць у выглядзе фотаатэлье пачатку ХХ стагоддзя з маляваным «заднікам», інвентаром для фатаграфавання, касцюмамі ў гарадскім стылі. Сям’я Тунікаў мела дачыненне да фатаграфіі, у мясцовых старажылаў нават захаваліся фотаздымкі з адмысловай пячаткай майстра (Азраэль Тунік).
У залу часовых выставаў плануецца набыць сучаснае выставачнае абсталяванне: вітрыны, шафы, стэлажы, прыстасаванні для падвешвання карцін і г.д. Адной з ідэяў было раскрыць гандлёвую гісторыю горада, прадэманстраваць фотаздымкі віцінаў на Нёмане, размясціць сканаваныя картаграфічныя матэрыялы (захоўваюцца ў НГАБ) з пазначэннем размяшчэння былой стаўбцоўскай прыстані, параўнання шырыні поймы Нёмана сто гадоў таму і сёння, прадэманстраваць фатаграфічна падмуркі старых складоў для тавараў, якія размяшчаліся ўздоўж ракі (парэшткі іх можна пабачыць і цяпер). Ёсць фотаздымкі цэнтральнай плошчы падчас кірмашоў у пачатку ХХ стагоддзя — гэты матэрыял можна было б выкарыстаць для афармлення экспазіцыі.
Трэцюю залу прапанавана аформіць метадам ансамблевай пабудовы экспазіцыі і прадэманстраваць, як выглядала лаўка скабяных тавараў, выкарыстаўшы прадметы музейнага значэння, спраектаваць і зрабіць вітрыны, размясціць вагі, гандлёвае начынне.
Трэба адзначыць, што гандаль звязаны з гісторыяй Стоўбцаў ад самага пачатку заснавання месца, а выкарыстанне водных шляхоў зносін з’яўлялася адной з галоўных умоваў эканамічнага развіцця краю. Горад узнік як гандлёвае месца, прамакутнік гандлёвай плошчы сведчыць аб першапачатковай задуме формы, вывераным плане будучага мястэчка. Да сярэдзіны XIX стагоддзя водны шлях па Нёмане быў асноўнай гандлёвай артэрыяй краю. Таму невыпадкова, што тэматыка воднага гандлю мусіць быць адлюстравана ў экспазіцыі будучага музея, калі не артэфактамі, то, прынамсі, ілюстратыўна, з дапамогай макетаў.
Праблемы ва ўсім
Асноўнай праблемай для музея з’яўляецца пытанне юрыдычнага афармлення. Галоўная перашкода — адсутнасць умоваў для ўтрымання музейных калекцый: прадметы музейнага значэння, сабраныя намаганнямі папярэднікаў, раскіданыя па ўсім раёне, іх пашпарты альбо адсутнічаюць, альбо складзены непрафесійна.
Сур’ёзна паўстала пытанне з фінансаваннем будучага музея. Праз досвед стасункаў з мясцовым Домам культуры можна зрабіць выснову пра адсутнасць трывалай ініцыятывы з боку яго адміністрацыі. Прапановы наконт музея і музейнай экспазіцыі былі сфармуляваныя краязнаўцамі і зацікаўленымі людзьмі, але яны не маюць дачынення да асяроддзя, якое прымае рашэнні. Аргкамітэт праз 2–3 сходы пазбавіўся прадстаўнікоў райвыканкама і пераўтварыўся ў месца, дзе выказаныя прапановы «павісаюць у паветры».
З пазітыўных момантаў можна адзначыць зацікаўленасць мясцовага насельніцтва. Некалькі зладжаных экскурсій па гістарычных месцах Стоўбцаў выявілі неабыякавасць мясцовых жыхароў да гісторыі і гатоўнасць падтрымаць грашовы збор на музей, калі ён будзе ініцыяваны гарадской уладай.
Застаецца спадзявацца, што бліжэйшыя год-два стануць вырашальнымі ў гэтай справе. Бо стварэнне музея — не толькі неабходнасць, але і справа гонару, улічваючы, што Стоўбцы — адзіны раённы цэнтр Міншчыны, дзе па сёння няма краязнаўчага музея.