У расейскім перакладзе выйшаў захапляльны тэкст і важная гістарычная першакрыніца — «Дзённік перакладчыка Польскага прыказа Крыстафа Богуша (1654-1664)», піша ў сябе на старонцы ў Фэйсбук кіраўнік Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі.
Дневник переводчика Посольского приказа Кристофа Боуша (1654–1664). Масква: Издательский дом Высшей школы экономики, 2024. Составитель и научный редактор Олег Русаковский
Прычым у электроннай версіі яшчэ прыкладзены і тэкст дзённіка на нямецкай мове.
На жаль, арыгінальны рукапіс дзённіка не захаваўся, апрацаваная пазнейшая копія (датуюць пачаткам XVIII стагоддзя), што выкарыстоўвалася нямецкімі гісторыкамі, якія працавалі ў Расійскай акадэміі навук, у прыватнасці, Іаганам Георгам Лотэрам. Але пазней цікавасць да гэтага дзённіка была страчаная, ён згубіўся ў зборах бібліятэкі Акадэміі ў Санкт-Пецярбургу і толькі нядаўна быў наноў адшуканы і зараз дайшло да яго навуковай публікацыі.
Чым ён можа быць цікавы і беларускім гісторыкам? Ужо па гадах ягонага запісу лёгка заўважна, што яны супадаюць з часам вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай.
Аўтар дзённіка сябе не абазначыў, але змест з лёгкасцю выкрывае яго прафесійныя абавязкі (перакладчык Пасольскага прыказа — гэта значыць, Міністэрства замежных спраў тагачаснай Расіі), а ітынерарый перакладчыкаў прыказа дазваляе ідэнтыфікаваць аўтара як Крыстофа Боуша (ці ў польскай версіі — Богуша). Ягоная біяграфія да паступлення на службу перакладчыкам невядомая, але са зместу можна зразумець, што
Богуш быў падданым польскага караля, роднай мовай яго была нямецкая, і робіцца дапушчэнне, што ён быў родам з Курляндыі, трапіў у палон, але па выніку зрабіў досыць удалую кар’еру ў якасці перакладчыка.
Няма адназначнага адказу, што хацеў зрабіць з гэтым тэкстам аўтар, паколькі гэта не падобна да асабістага дзённіка (там індывідуальныя моманты максімальна закамуфляваныя), хутчэй нагадвае нататкі прафесійнай дзейнасці з апісаннем дыпламатычных перамоў.
(якія робяцца ўсё больш падрабязнымі з цягам часу, і шкада, што тэкст копіі абрываецца, яўна не ўвесь тэкст дзённіка захаваўся).
Пры гэтым апісанне дыпламатычнага жыцця ўбудоўваецца ў больш шырокую рамку апісання вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай, можа быць, аўтар меў амбіцыі ператварыць гэтыя нататкі ў гісторыю гэтай вайны, якая магла б атрымаць поспех на еўрапейскім кніжным рынку?
Такім чынам, асноўная вартасць дзённіка — гэта апісанне дыпламатычных працэдур, напачатку больш сціслае, потым усё больш глыбокае, дзе прыводзяцца аргументы бакоў, і аўтар яўна спрабуе разабрацца ў гэтых складаных перамовах розных сілаў падчас вайны.
Богуш выдатна валодае нямецкай, расейскай і польскай мовамі, таму яго кампетэнцыі запатрабаваныя, і з дакументаў Пасольскага прыказа вядома, што заробкі яго пастаянна раслі.
Што мне цікава, як выбудоўвалася і змянялася ідэнтычнасць аўтара, якімі катэгорыямі ён вызначаў сваіх/чужых. Тут якраз займае амбівалентнасць, знаходжанне ў сітуацыі паміж, у краіне, якую аўтар дзённіка лічыў чужой, хоць пры гэтым ужо атаясамліваў свае працоўныя абавязкі з «нашымі».
Можна казаць пра падвойную ідэнтычнасць, што адлюстроўваецца і ў падвойнай лаяльнасці да «Яго Царскай Вялікасці» (Аляксея Міхайлавіча) і «Яго Каралеўскай Вялікасці» (Яна Казіміра).
Пры гэтым сімпатыі аўтара безумоўна на баку палякаў.
Вядзенне вайны з боку маскавітаў, на думку аўтара, вызначаецца празмернай жорсткасцю, варварствам і парушэннем дамоўленасцяў. Напрыклад, захоп Дуброўны Трубецкім апісваецца наступным чынам: «Пасля таго, як крэпасць здалася пад слова гонару, даверыўшы свой дабрабыт вераломнаму ворагу, той жорстка выразаў тысячу чалавек без найменшага шкадавання, разрабаваўшы ўсю маёмасць і дабро. Іншых жа, хто пазбегнуў вострага мяча цаной горкіх стогнаў і скаргаў, ён раздаў бязлітаснай салдатні, якая павяла іх, што горка стагналі, на продаж у вечнае рабства. Урэшце ён разбурыў найпрыгажэйшы графскі горад, аддаўшы яго агню і ператварыўшы ў руіны» (с. 56).
Ці далей: «Наогул рускія абыходзіліся з насельнікамі Вялікага Княства так жорстка, што хутчэй злітаваліся б над сабакам ці іншым зверам, чым над людзьмі з гэтага народа» (с. 57–58).
Самыя жахлівыя старонкі прысвечаныя голаду, выкліканаму дзеяннямі маскоўскіх войскаў: «Голад жа, які лютаваў у Літве, нанёс шмат большую шкоду, асабліва ў мясцовасцях, заваяваных і спустошаных маскавітамі, як, напрыклад, у ваколіцах Менска, Наваградка, Берасця, Барысава і на Бярэзіне... тыя, што засталіся ў жывых, расказвалі мне, калі я праз нейкі час праязджаў праз гэтую мясцовасць, што бацькі рэзалі і елі сваіх дзяцей... (дэталі прапускаю, занадта страшныя)... Гэты моцны голад быў прычынай таго, што няшчасныя, якія да таго хаваліся ад ворага ў лясах і на балотах, натоўпамі беглі да межаў Масковіі, прапаноўваючы сябе ў вечнае рабства» (с. 96).
Пры гэтым дзеянні жыхароў Рэчы Паспалітай звычайна апісваюцца як высакародныя, згодныя з законам і хрысціянскай мараллю, з арыентацыяй на замацаваныя правы і прывілеі. Параўнайце, якім тонам аўтар апісвае перамогі войска Рэчы Паспалітай: «Сабраная армія выкінула з краіны за мяжу гэтых жорсткіх бесчалавечных звяроў, якія разбурылі і спустошылі ўсю іх зямлю і зжэрлі шмат чалавечага мяса» (с. 132).
Непрыязь да маскавітаў вызначае і тое, што аўтар дзённіка лічыць вартым перадаваць з падзей, што не датычаць вядзення вайны. Напрыклад, на с. 59 згадвацца, што пад Масквой «схапілі іншага манаха з манастыра Возмішча, які знаходзіцца побач з замкам, за тое, што ён, будучы ў царкве, садаміцкім чынам замучыў да смерці хлопчыка».
Таксама неміласэрна абыходзіцца аўтар і са сваімі суайчыннікамі, што за грошы перайшлі на царскую службу, ён называе іх «мерзавцами», «яны здзейснілі больш жорсткасцяў і непатрэбстваў, чым звычайна робяць татары і паганцы» (с. 70). Праўда, гэта не замінала аўтару рэгулярна пісаць чалабітныя пра падвышэнне заробку за свае паслугі, што, аднак, на старонках дзённіка не згадваецца. Дастаецца і казакам, што перайшлі на маскоўскі бок: «27 ліпеня бязбожны Запарожскі генерал Багдан Хмяльніцкі, як кажуць, памёр ганебнай смерцю».
Я не пагаджуся тут з высновамі выдаўца, што паступова адбывалася асіміляцыя і інвектывы ў бок маскавітаў з часам сціхаюць. Напрыклад, ужо напрыканцы захаванага тэксту дзённіка за 1664 год можам сустрэць звычайную рыторыку:
«рускія атрады гойсалі ў Літве, забіваючы з нялюдскай жорсткасцю, спальваючы і падвяргаючы разнастайным пакутам.
Сапраўды можна сведчыць, што ў гэтыя некалькі дзён з войска, якая стаяла пад Дуброўнай, у Маскву адправілі ў вечную няволю каля дзесяці тысяч жанчын і малых дзяцей. Сяляне ж без усялякага жалю прымушаныя былі аддаваць свае жыцці пад шаблямі» (с. 218).
Яшчэ адна істотная рыса гэтага дзённіка — культурная геаграфія. Калі казаць пра землі Рэчы Паспалітай, то аўтар выкарыстоўвае тэрмін «палякі» для абазначэння ўсіх жыхароў краіны, прытым што ён піша пераважна пра ваенныя дзеянні, якія адбываліся на тэрыторыі ВКЛ. Значна меншае месца займаюць тэрміны «Літва/літоўскі», яны пераважна выкарыстоўваюцца для літоўскіх пасадаў, і асабліва войска.
Асабліва цікава, што Богуш досыць часта выкарыстоўвае і тэрмін «Беларусь» (у нямецкім арыгінале — Weißreussen)! Тэрмін гэты адсылае да геаграфічнага абшару, які канцэнтруецца вакол Магілёва (але можна лічыць, што да Беларусі адносяцца Віцебшчына з Мсціслаўшчынай).
Але больш складанае пытанне, ці не тлумачыцца гэтае ўжыванне такой геаграфічнай тэрміналогіі сімвалічнай палітыкай маскоўскіх цароў, дзе Белая і Малая Расія былі ўведзеныя ў тыталатуру з празрыстымі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі? Мы памятаем пра амбівалентнасць пазіцыі аўтара, ён мог ужываць і натывісцкую тэрміналогію, але,
з майго гледзішча, тут ужываюцца якраз формулы маскоўскай замежнай палітыкі, што хутчэй падмацоўвае гіпотэзу, што распаўсюджанне тэрміна «Белая Русь» на ўсходнюю тэрыторыю сучаснай Беларусі было шмат у чым вынікам маскоўскай экспансіі.
Магу апярэдзіць пытанне [руплівага краязнаўца] Кастуся Шыталя: Глыбокае таксама некалькі разоў згадваецца на старонках дзённіка, перамяшчэнні перакладчыка падчас дыпламатычных місій на перамовы пад Вільняй праходзілі і па маіх родных мясцінах (згадвае ён і Дунілавічы, напрыклад).
З некаторых недахопаў выдання адзначу, што не заўжды праведзена праца па атрыбуцыі згадваных мясцін, напрыклад, «24 июля остановились под Дуниловичами, 25-го на дворе Петровича, 25 июля под городком Башна, 26 июля у переправы на Вилии, 27 июля переправились через Вилию и остановились в Михайловском. 28-го были в слободе Абрамовича, 29-го под Вильной» (с. 76). З Дунілавічамі і Вільняй усё зразумела, але і я не магу вызначыць, што гэта былі за «двор Пятровіча», «гарадок Башна» і «слабада Абрамовіча». Але каментарый па лакалізацыі гэтых мясцін адсутнічае. Перадача назвы як «Острабрума» таксама выклікае пытанні, усё ж арганічна было перадаць назву ў перакладзе як «Вострая Брама».
Але гэта не так можа і істотна, важна, што надрукаваная гэтая крыніца, дзе і шмат інфармацыі па дыпламатычнай гісторыі часоў вайны, і яркая постаць аўтара. І шмат крыві і гвалту адной з самых страшных войнаў, якая адбывалася на нашай зямлі.
Глядзіце яшчэ: