Знікненне шэдэўра Лазара Богшы падчас Другой сусветнай вайны застаецца адной з галоўных культурных страт Беларусі. Аднак мала хто ведае, што ў гэтай святыні існаваў гістарычны двайнік — напрастольны крыж, створаны ў Вялікім Княстве Літоўскім трыма стагоддзямі пазней. Яго шмат у чым напаткаў лёс полацкага арыгінала, хоць і не такі трагічны, піша "Наша ніва".

Сучасны выгляд крыжа (пярэдні і адваротны бакі). Фота: «Хрысціянскія рэліквіі ў Маскоўскім Крамлі» (2000)
Славуты напрастольны каўчэг, створаны майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе, хаваў у сабе пяць хрысціянскіх рэліквій, у тым ліку кроў Хрыста і кавалак Гроба Гасподняга. Аднак традыцыя вырабу такіх складаных сакральных прадметаў не абарвалася ў дамангольскай эпосе. Праз тры з лішкам стагоддзі, у 1494–1495 гадах, айчынныя ювеліры стварылі іншы крыж, які ў сваіх прапорцыях і аздабленні пераймаў полацкі арыгінал.
Яго памеры былі блізкімі да твора Богшы — 50 на 21 сантыметр (супраць 51,8 сантыметра ў полацкай святыні). Драўляная аснова гэтаксама хавалася пад масіўнымі сярэбранымі пласцінамі з пазалотай, а паверхня была шчодра ўпрыгожана каляровай эмаллю, тонкай сканью, басмай, чаканкай і горным хрусталём.
Убачыць першапачатковае хараство гэтай святыні сёння можна дзякуючы малюнку Івана Трутнева, які быў змешчаны разам з адным з першых яе апісанняў у шостым выпуску выдання «Памятники русской старины в западных губерниях империи», якое выйшла ў 1874 годзе пад кіраўніцтвам Пятра Бацюшкова.
Галоўная ж адметнасць крыжа была не столькі ў дэкоры, колькі ў тым, што ён хаваў у сабе. Калі ў полацкім шэдэўры месцілася пяць ніш, то тут захоўваліся мошчы ажно дваццаці пяці хрысціянскіх падзвіжнікаў. Сярод іх — евангелісты Марк і Лука, апостал Андрэй, рымскія папы Клімент і Сільвестр, Ігнат Баганосец, Якуб, Іаан Прадцеча, а таксама святыя Кацярына, Марыя Магдаліна, Лаўрэнцій, Казьма і Дзям’ян і іншыя.
Для гістарычнай прасторы колішняй Русі такі маштабны набор рэліквій з’яўляецца абсалютна нетыповым. Асабліва гэта тычыцца тых земляў, дзе сёння размяшчаецца Расія. Многія са згаданых святых шанаваліся пераважна Заходняй царквой, а іх парэшткі знаходзіліся ў Рыме ды іншых еўрапейскіх гарадах. Такой была спецыфіка рэлігійнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага: старажытнаруская спадчына і шчыльныя сувязі з Еўропай, якіх суседняя Маскоўская дзяржава тады яшчэ не мела.
Заказчыкам гэтага крыжа ў канцы XV стагоддзя выступіў смаленскі акольнічы, князь Аляксандр (Алехна) Васільевіч Глазына (у дакументах ён упамінаецца ў 1486–1500 гадах). На той момант Смаленск амаль стагоддзе знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.
Пра тое, што гэта быў прыватны заказ, сведчыць царкоўнаславянскі надпіс на яго адваротным баку (у перакладзе на сучасную мову): «У лета 7003 [1494–1495 г.]... скаваны быў гэты крыж і напоўнены мошчамі святых. І пакладзены ў царкве святога вялікамучаніка Георгія ў Лазковічах для свайго душэўнага спасення і на памяць бацькам яго».
Як можна зразумець з гэтага тэксту, першапачаткова крыж-каўчэг прызначаўся для царквы Святога Георгія ў маёнтку Лазковічы, які знаходзіўся на Смаленшчыне. Праз назву гэтага маёнтка артэфакт у беларускай гістарыяграфіі прынята называць Лазковіцкім крыжам, у той час як у расійскай ён фігуруе пад безаблічнай назвай «воздвизальный крест».

Амаль тры стагоддзі крыж Еўфрасінні Полацкай знаходзіўся ў Смаленску, што тлумачыць з’яўленне копіі крыжа менавіта на Смаленшчыне. Фота: Wikimedia Commons / «Беларусь і Літва» (1889)
Але чаму ўвогуле копія полацкай святыні з’явілася на Смаленшчыне? Справа ў тым, што напрыканцы XV стагоддзя арыгінальны шэдэўр Лазара Богшы знаходзіўся менавіта там. Яшчэ ў 1222 годзе смаленскі князь Мсціслаў Давыдавіч захапіў Полацк і вывез крыж Еўфрасінні як трафей. Яго змясцілі ў галоўным храме Смаленска — Успенскім саборы, дзе ён і захоўваўся амаль трыста гадоў.
У выніку чарговай вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай смаленскія землі былі занятыя маскоўскімі войскамі. Пасля падзення Смаленска ў 1514 годзе маскоўскі князь Васіль III забраў арыгінальны полацкі крыж у якасці чарговага трафея ў Маскву (адкуль Іван Грозны верне яго ў Полацк толькі праз паўстагоддзя).
Аднак яго копія, Лазковіцкі крыж, пазбегла тады «маскоўскага палону». Князь Глазына не прысягнуў новаму гаспадару, страціў смаленскія вотчыны, але застаўся ў ВКЛ, забраўшы з сабой і сямейную рэліквію.
Дзякуючы дынастычным шлюбам артэфакт трывала ўкараніўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яго дачка Фядора, маці якой паходзіла з магутнага роду Сапегаў, выйшла замуж за гаспадарскага маршалка Аляксандра Солтана. Такім чынам крыж-каўчэг перайшоў ва ўласнасць Солтанаў, а з цягам часу быў перададзены ў іх духоўную фундацыю — Жыровіцкі манастыр.
У 1726 годзе з Рыма прывезлі яшчэ адзін каштоўны фрагмент для Лазковіцкага крыжа — частку дрэва Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Як сведчыць пазнейшы польскамоўны надпіс, у 1732 годзе жыровіцкі архімандрыт Бенядзікт Трулевіч змясціў гэтую часцінку пад горны хрусталь у цэнтры Лазковіцкага крыжа.
Часцінка крыжа, на якім быў укрыжаваны Хрыстос, была змешчана калісьці і ў крыж Еўфрасінні Полацкай, дзякуючы чаму духоўнае падабенства паміж імі толькі ўзмацнілася.

Віленскі Мікалаеўскі сабор да яго перабудовы ў псеўдарускім стылі пасля чарговага вызвольнага паўстання. Тут пасля пераводу архірэйскай кафедры з Жыровіцаў захоўваўся Лазковіцкі крыж. Малюнак 1850‑х г. Фота: Wikimedia Commons
У ХІХ стагоддзі ўжо ўсё колішняе Вялікае Княства Літоўскае апынулася пад уладай Расійскай імперыі. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе цэнтр Літоўскай праваслаўнай епархіі быў перанесены ў 1845 годзе з Жыровіцаў у Вільню. Разам з пераездам архірэйскай кафедры ў віленскі Мікалаеўскі сабор забралі і Лазковіцкі крыж, які захоўваў статус адной з галоўных святынь краю.
Новы этап у гісторыі крыжа пачаўся з выбухам Першай сусветнай вайны. З-за наступлення нямецкай арміі і пагрозы захопу Вільні летам і восенню 1915 года адбылася маштабная эвакуацыя з горада, якая была часткай агульнага «Вялікага адступлення» расійскіх войскаў.
Разам з іншымі царкоўнымі каштоўнасцямі ў Маскву быў эвакуяваны і Лазковіцкі крыж, адкуль ён ужо не вярнуўся.
Дзякуючы падпісанню Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, які завяршыў савецка-польскую вайну, палякі змаглі атрымаць з Савецкай Расіі многія культурныя каштоўнасці, якія былі вывезеныя пачынаючы з першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Лазковіцкі крыж з прамалёўкай надпісаў на малюнку Івана Трутнева.
Фота: «Памятники русской старины в западных губерниях империи» (1874)
Чамусьці гэты крыж, аднак, не патрапіў у спіс каштоўнасцей, перададзеных Польскай Рэспубліцы, і не вярнуўся ні ў Жыровіцы, ні ў Вільню. А роўна сто гадоў таму, у 1926 годзе, са сховішча Маскоўскага ювелірнага таварыства крыж перадалі ў зборы Маскоўскага Крамля, дзе ён дагэтуль знаходзіцца пад інвентарным нумарам МР-4946.
Сучасны выгляд крыжа можна пабачыць у выданні «Хрысціянскія рэліквіі ў Маскоўскім Крамлі» (2000 год). Там жа апісваецца і яго стан. Крыж дайшоў да нашага часу са шматлікімі стратамі і разрывамі сярэбранай абкладкі. Частка арыгінальных гнёздаў з камянямі і надпісамі на цэнтральным скрыжаванні была згублена і пазней заменена таннымі некаштоўнымі металамі. А ўстаўка горнага хрусталю ў 1732 годзе, пад якой хавалі рэліквію, моцна дэфармавала першапачатковую сярэбраную аправу. Толькі ў 1999 годзе святыня прайшла прафесійную рэстаўрацыю ў Маскве.
Паказальна, якім чынам афіцыйная расійская навука апраўдвае прысутнасць беларускага артэфакта ў сваіх фондах і непрыхавана прыўлашчвае нашу спадчыну. Складальнікі каталога заяўляюць, што святыня паходзіць з «памежных зямель, культура якіх фарміравалася на перапляценні старажытнарускіх і заходніх традыцый».