Калі ў вас жывыя бабулі-дзядулі, паспяшайцеся распытаць іх пра мінулае і разам з імі падпісаць фатаграфіі з сямейнага альбома. Балазе гераіня інтэрв’ю Budzma.by Леся Пчолка добра ведае, якія фантастычныя рэчы можна зрабіць са старымі здымкамі.
Дзяўчына — вядомая ў прафесійнай супольнасці фатографка, якая працуе ў жанрах партрэту, рэпартажу. Леся прадала ўсю фотатэхніку і на гэтыя грошы адчыніла дабрачынную краму KaliLaska: супрацоўнікі прымаюць непатрэбную вопратку і рэчы для дома, сартуюць, адвозяць людзям у патрэбе, а рэшту прадаюць у крамцы, за што і падтрымліваюць жыццяздольнасць праекта. Пару гадоў таму Леся сумясціла сацыяльны бізнес і фатаграфію.
— Мяне як фатографку ў нейкі момант перастала цікавіць стварэнне новых фатаграфій. Выяваў зроблена вельмі многа: мы перагружаныя імі кожны дзень. Варта шукаць новыя спосабы зносінаў вакол таго, што ўжо створанае. Так я прыйшла да архіўнага фота.
Фатаграфія існуе ўсяго 170 гадоў, і за гэты час хутка трансфармавалася, стала даступнай і страціла свае першапачатковыя якасці. І ўсё ж яна застаецца дакументам, як метрычная кніга, пасведчанне аб нараджэнні. Найважнейшае, што на фота выяўлена тое, што было насамрэч, нават калі фота пастановачнае. Такім чынам, мы можам трапіць у мінулае: як апраналіся, што было вакол.
Раней фатографу трэба было быць і інжынерам, і тэхнікам, і хімікам, валодаць вялізнай колькасцю навыкаў. Сёння мы робім здымак хутчэй, чым праглядаем. Праз імклівае развіццё фатаграфіі мы не паспелі сфармаваць культуру стаўлення да яе.
У Беларусі асабліва не сфармаваная культура сямейнай рэліквіі, а сямейная фатаграфія недаацэненая. У свеце многія мастакі выкарыстоўваюць у праектах архівы, музейныя калекцыі папаўняюцца не толькі калекцыямі фотамастакоў, але і аматарскімі здымкамі.
Калі я размаўляю з людзьмі — хто, калі, у якіх абставінах зроблены здымак — становіцца бачна, як мы дрэнна ведаем гісторыю. Так што даследаванне архіўнай фатаграфіі — гэта спосаб уздзеяння на людзей праз іх жа гісторыю: паказаць, што іх сваякі — частка вялікіх падзей.
Калі я вывучала фотаархіў сваёй сям’і, то зразумела, як мала ведаю. Мой дзядуля — Міхаіл Пчолка. Я нашу ягонае прозвішча і больш не ведаю нічога, а спытацца ўжо не магу. Ён, як многія савецкія людзі, быў закрыты: працаваў, прыходзіў дадому, курыў, адпачываў. Я знайшла дзве магілы ягоных бацькоў без здымкаў і імёнаў па бацьку. Калі б я занялася гэтым хаця бы пяць гадоў таму, то магла б за пару вечароў запісаць і захаваць гэтую гісторыю. Сёння я шкадую пра гэта.
— У 2012 годзе я ўдзельнічала ў майстар-класе, які праводзіў варшаўскі Фонд археалогіі фатаграфіі, у якім сёлета паўгода праходзіла стажыроўку ўжо ў якасці каардынатаркі праекта VEHA. Там я паглядзела, як можна працаваць з сямейнымі фота. Праўда, спачатку ўсё роўна было шмат пытанняў: дзе друкаваць, дзе ўзяць архіўную паперу, як скласці метрычную анкету. На распрацоўку метадалогіі пайшоў год, і ў выніку з’явіўся сайт veha.of.by.
У верасні 2017-га нас запрасілі на Месяц фатаграфіі ў Мінску, дзе мы прадставілі першую выставу. Год мы працягвалі збіраць тэматычныя фота на фоне посцілак — і атрымалі каля 200 фота. Вынікам стала кніга “Найлепшы бок” (veha.by). Сёлета мы збіралі здымкі з вясельнымі вянкамі для праекта “Дзявочы вечар”. Толькі ў апошні дзень перад дэдлайнам нам прыйшло 80 здымкаў, а агулам на просьбу даслаць фота адгукнуліся 135 чалавек. За два гады працы VEHA я бачу, наколькі вырас інтарэс да фота. Для нас гэта маленькая перамога!
Далей мы хочам зрабіць віртуальныя галерэі, якія былі б прывязаныя да картаў, суправаджаліся дадатковымі вуснымі гісторыямі, каментарамі гісторыкаў і этнографаў. Калекцыі з посцілкамі і вянкамі мы плануем дапаўняць, а штогод хочам аб’яўляць зборы фота, якія адлюстроўвалі бы культурныя коды. У нас ужо ёсць тэмы на два найбліжэйшыя гады, але пакуль не раскажам. Проста захоўвайце ўсё: часам можна проста не счытваць культурны код.
Здавалася б, што тут такога: узяў альбом і глядзіш. Леся адстойвае звышпісьменны спосаб абыходжання з фатаграфіямі. Эмульсія на выяве паступова разбураецца, папера рассыпаецца, а адбіткі пальцаў відаць пры сканаванні. Таму перабіраць здымкі неабходна ў пальчатках. Усе фота варта падпісаць (хто, дзе, калі, кім сфатаграфаваны) мяккім алоўкам: стрыжань ад асадкі таксама будзе заўважны пры сканаванні. Папяровыя здымкі аблічбоўваюцца і захоўваюцца ў бескіслотнай скрынцы ці хаця б у кардоннай.
А яшчэ можна самому рабіць сямейныя кнігі
— Мы хочам дапамагчы людзям разабрацца з іх архівамі, паказаць, наколькі фота каштоўныя, выдзяляючы культурныя коды, як у кнізе “Найлепшы бок”. Для гэтага мы арганізавалі курсы “Кніга сям’і”. Курсанты збіралі сямейныя фота, паштоўкі, лісты, прадметы — усё, што расказвае гісторыю чалавека, і вучыліся складаць з гэтага кнігу. Да кожнай гісторыі мы разам падабралі мастацкі дызайн, каб гісторыя счытвалася. Кнігу пакуль ніхто не скончыў, але самае важнае, што праца ўжо ідзе.
Я ўпэўненая, што стварэнне сямейных кніг можа быць практыкай сямейнай тэрапіі. Цікавасць да гісторыі ўласнай сям’і — гэта, на маю думку, прыступка духоўнага развіцця. Да гэтага трэба прыйсці самому, бо гэта глыбокая праца. Калі ты даследуеш радавод і рэліквіі, адчуваеш, што не самотны, а з’яўляешся часцінкай маштабных падзей, якія прывялі цябе ў гэтае месца ў гэты час.
Хрысціна Марчук
Фота: архіў Лесі Пчолкі