Фільм Аляксея Палуяна «Кураж» («Courage», «Смеласць») не трапіў у шорт-ліст Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар». Фільм быў уключаны у лонг-ліст прэміі ў намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм».
Усяго ў гэтай катэгорыі было 138 фільмаў, з іх 15 трапілі ў шорт-ліст. Афіцыйны спіс намінантаў на прэмію «Оскар» абвесцяць 8 лютага 2022 года.
Стужка Аляксея Палуяна распавядае пра падзеі жніўня 2020 года ў Беларусі на прыкладзе лёсаў актораў «Свабоднага тэатра».
Фільм быў прадстаўлены на Берлінскім кінафестывалі, а зараз з поспехам вандруе па свеце. Фільм трапіў у праграму Амстэрдамскага кінафестывалю дакументальных фільмаў — аднаго з найбольш аўтарытэтных фестываляў у галіне дакументалістыкі. Стужку паказвалі на кінафестывалях у Вільні, Варшаве. А нядаўна «Кураж» паглядзелі беларусы, што жывуць у Грузіі (паказы адбыліся ў Батумі, Кутаісі і Тбілісі).