З нагоды дня памяці класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага «Будзьма!» вырашыла ўспомніць кароткае, цяжкае і надзвычай трагічнае жыццё нашага выбітнага пісьменніка.
Вайніловіч, Нясвіж і Паўлінка
Кузьма Чорны нарадзіўся ў 1900 годзе. Яго сапраўднае імя — Мікалай Раманоўскі, а псеўданім Чорны быў узяты ў гонар дзеда, які меў такую мянушку. Бацькі будучага пісьменніка працавалі на Эдварда Вайніловіча, таго самага, які пабудаваў у Мінску Чырвоны касцёл. Нягледзячы на тое, што хлопец паходзіў з сялянскай і вельмі беднай сям’і, бацькі, асабліва маці, вельмі клапаціліся, каб сын атрымаў адукацыю. Сярод іншага, менавіта маці навучыла і прывучыла яго да чытання.
Кузьма Чорны і Адам Бабарэка, 1925 год
Спачатку Кузьма скончыў школу, а потым і народнае вучылішча ў Цімкавічах. Пазней вучыўся ў настаўніцкай семінарыі Нясвіжа. Хлопец выявіў сябе выдатным вучнем і вельмі актыўнай асобай: разам з маці спяваў у царкоўным хоры, навучыўся граць на музычных інструментах, маляваў, удзельнічаў у драматычным гуртку і нават граў на сцэне ў купалаўскай «Паўлінцы».
Пасля атрымання адукацыі малады чалавек вярнуўся на радзіму, дзе некаторы час працаваў у розных установах: сакратаром мясцовага валаснога рэўкома, справаводам Слуцкага павятовага ваенкамата, сакратаром аддзела народнай адукацыі пры рэўкоме, а таксама настаўнікам.
Старшыня «Узвышша»
Але малады чалавек ужо спрабаваў сябе ў літаратурнай справе і менавіта ў гэтым кірунку яго цягнула больш за ўсё. Таму Кузьма Чорны вырашыў паехаць у Мінск, дзе ў 1923 годзе паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Жыццё ў сталіцы адкрывала новыя магчымасці. Так, Чорны далучыўся да літаратурнай суполкі «Маладняк» — менавіта ў выдавецкай серыі «Маладняка» выйшлі два першыя яго зборнікі, разам з удзельнікамі суполкі часам вандраваў па краіне з літаратурнымі выступамі, актыўна друкаваўся ў сталічных газетах і пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска».
«Маладняк»: Enfants terribles беларускай літаратуры
У сярэдзіне 20-х гадоў у выніку расколу «Маладняка» паўстала літаратурнае аб’яднанне «Узвышша», якое таксама зрабіла значны ўплыў на фармаванне як беларускай літаратуры, так і літаратурнай крытыкі. Ва ўзросце 26 гадоў Кузьма Чорны ўзначаліў новую суполку, у якую таксама ўваходзілі такія славутыя беларускія пісьменнікі, як Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Пятро Глебка, Андрэй Мрый і іншыя. Чорны таксама стаў галоўным рэдактарам яе аднайменнага часопіса «Узвышша».
Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша» ў 1928 годзе. З фондаў БДАМЛМ
Але суполка праіснавала толькі да 1931 года. У гэты час пачалася хваля ціску і рэпрэсій, у тым ліку ў дачыненні да беларускіх дзеячаў культуры. Ужо былі арыштаваныя паплечнікі Кузьмы Чорнага па літаратурным аб’яднанні: Пушча, Дубоўка, Мрый і Бабарэка. Тады магло падавацца, што пагроза абмінула Чорнага. Ён выступіў адным з арганітараў стварэння Саюза пісьменнікаў БССР, быў пры ім галоўным літкансультантам кабінета маладога аўтара. Але неўзабаве пачалася кампанія цкавання і ў дачыненні да Кузьмы Чорнага, а ў 1938 годзе ён быў арыштаваны.
Катаванні, вайна, смерць
Каб разумець, што пагражала пісьменніку, у якасці аднаго з прыкладаў варта згадаць, што дагэтуль, у 1937 годзе, за адну ноч былі расстраляныя 132 прадстаўнікі беларускай інтэлектуальнай эліты, сярод якіх было і 22 пісьменнікі (у тым ліку Міхась Чарот і Алесь Дудар). У турме Чорны правёў 8 месяцаў, з якіх 6 — у адзіночнай камеры. Пазней Кузьма Чорны так згадваў катаванні ў турме ў сваім дзённіку:
«...мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі».
Лічыцца, што дзякуючы заступніцтву Панцеляймона Панамарэнкі, які тады кіраваў БССР, атрымалася ўратаваць жыццё Кузьмы Чорнага.
Пасля вызвалення ў 1939 годзе Кузьма Чорны працягнуў працу над сваімі тэкстамі, у 1941 годзе быў прызваны ў войска, а неўзабаве адкліканы на працу ў газету «Раздавім фашысцкую гадзіну». Негледзячы на тое, што пазней атрымалася эвакуявацца ў Маскву, умовы былі вельмі цяжкія. Каб пракарміць сям’ю, хоць трохі зарабіць, даводзілася надзвычай шмат працаваць, пісаць публіцыстыку. А пасля таго як Кузьма Чорны перанёс інсульт, зрок так пагоршыўся, што даводзілася пісаць навобмацак праз трафарэт.
Янка Купала і Кузьма Чорны ў Печышчах ў 1942 годзе. Хаім Ліўшыц, 1963 год
У 1944 годзе Чорны з сям’ёй вярнуўся ў Мінск, але памёр ужо праз некалькі месяцаў у выніку чарговага інсульту ва ўзросце сарака чатырох гадоў. Пісьменнік пражыў кароткае і цяжкае жыццё. Як ён адзначаў у дзённіку ў дзень смерці, такі лёс напаткаў многіх прадстаўнікоў нашай інтэлігенцыі «дзякуючы» азіяцкаму (а не еўрапейскаму) характару савецкай дзяржавы, з яе падхалімствам, хабарніцтвам, чыноўніцтвам і паклёпніцтвам.
Кірыл Стаселька, budzma.by
Архіўны тэкст. Упершыню апублікаваны 05.06.2021
Чытайце яшчэ:
Кузьма Чорны. «Бацькі мае цьмяна марылі аб нейкай невядомай ім лепшай долі для сваіх дзяцей. Я стаў пісьменнікам»