У Гданьску адбылося юбілейнае ўганараванне Прэміяй Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі.
Таццяна Шчытцова, Андрэй Казакевіч, Аляксей Ластоўскі
Другі дзень Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі завяршыўся цырымоніяй уручэння традыцыйных прэмій за навуковыя публікацыі мінулага года. Прэмія Кангрэса фундуецца Сям’ёй Кіпеляў (ЗША) і Беларускім дабрачынным фондам у Лондане.
Суарганізатар Кангрэса, дырэктар Інстытута «Палітычная сфера», палітолаг Андрэй Казакевіч зазначыў:
«Гэта юбілей — першая прэмія была ўручана ў 2013 годзе. Прайшло роўна 10 год. І ёсць нагода падсумаваць тое, што адбывалася ў нас гэтыя гады. Варта звярнуць увагу не толькі на пераможцаў, але і на шорт-лісты, на агульную колькасць працы, якая рабілася экспертамі. За гэтыя гады эксперты апрацавалі тысячу, можа нават крыху больш, тэкстаў — артыкулаў і манаграфій. Калі казаць пра шорт-лісты, то па гістарычных дысцыплінах усяго 53 манаграфіі разглядаліся, па гуманітарных — 47, па сацыяльна-палітычных — 14. Было 49 артыкулаў па гісторыі, 49 — па гуманітарных дысцыплінах і 55 па сацыяльна-палітычных. (...) Што тычыцца мовы, то ў гістарычных дысцыплінах дамінуе беларуская мова — амаль што 90% прац, у гуманітарных дысцыплінах — 70%, у сацыяльна-палітычных дысцыплінах сітуацыя абсалютна іншая: лепшыя артыкулы тут пішуцца па-ангельску — 52%, 34% — па-руску і 13 — на беларускай мове.
Гендэрны баланс таксама вельмі розны па розных дысцыплінах. У намінацыі «гісторыя» ў шорт-лісты патрапіла 54 мужчыны і 15 жанчын; у гуманітарных дысцыплінах — 44 мужчыны і 34 жанчыны; у сацыяльна-палітычных невялікая перавага жанчын — 29 аўтарак за 10 год і 25 мужчын».
Пераможцы і ўдзельнікі
Гісторыя (манаграфіі)
Таццяна Астроўская. Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988). Беласток: Вясна, 2022.
Таццяна Астроўская, Алесь Смалянчук на цырымоніі ўручэння Прэміяі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі
Гісторык Алесь Смалянчук пры ўручэнні прэміі зазначыў: «Кніга Таццяны Астроўскай — пра ролю і месца беларускай культуры ў аўтарытарным грамадстве. І кніга, на маю думку, вельмі важная ў наш такі, вельмі мілітарызаваны час. Як змагацца з аўтарытарызмам? Здаецца, толькі шляхам ваяра. А кніга Таццяны Астроўская пра іншае змаганне, пра змаганне культурніцкае. І я пагаджаюся з аўтаркай, што такі шлях можа і больш эфектыўны, хаця можа ён не такі просты, ён доўгі».
Таццяна Астроўская прысвяціла перамогу Алесю Бяляцкаму, «які шмат зрабіў для з’яўлення гэтай працы, спадзяюся, ён хутка патрымае гэтую кнігу ў руках». «Прысвячаю таксама ўсім даследчыкам і даследчыцам Беларусі, якія працягваюць рабіць сваю працу, нягледзячы на ўсе цяжкасці».
У шорт-ліст у гэтай намінацыі таксама ўвайшлі:
Уладзімір Ганскі. Турызм у Заходняй Беларусі (1921-1939). Мінск: Выдавецтва «Каўчэг», 2022.
Аляксей Кібінь. Радзивилловская летопись: о месте и времени создания иллюстраций Повести временных лет. Москва: Квадрига, 2022.
Філіп Падбярозкін. Юрьевская дань в русско-ливонских отношениях (XIII — середина XVI века. Москва: Квадрига, 2022.
Яўген Хралёнак. Стародубский полк. Люди и власть. Эволюция сословной структуры в XVII-XVIII вв. Москва: Квадрига, 2022.
Андрэй Хадановіч на цырымоніі ўручэння Прэміяі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі
Гісторыя (артыкулы)
У гэтай намінацыі перамог Андрэй Чарнякевіч з артыкулам «Быць канфідэнтам»: штодзённае жыцце інфарматара польскай службы бяспекі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай (1921–1939 // Homo Historicus. 2022, № 8, с. 178-199.
Алесь Смалянчук так пракаментаваў працу-пераможцу: «Тэкст незвычайны. Гэта біяграфія даносчыцы, якая рабіла вельмі цікавую трансфармацыю ў сваім жыцці — ад сацыяльнага маргінала да дзяржаўнага служачага і потым назад. Антрапалагічная гісторыя».
У шорт-ліст у гэтай намінацыі ўвайшлі:
Вадзім Аніпяркоў. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. у цені стэрэатыпаў // Гадавік Цэнтра беларуcкіх студыяў. 2022. № 8, с. 32-51.
Аляксандр Доўнар. Фінансавая справаздачнасць органаў самакіравання гарадоў Беларусі другой паловы XVI — XVIII cт. // Беларускі гістарычны агляд. Т. 29 (2022). С. 17-56.
Раіса Зянюк. Традыцыі спажывання і вырабу алкаголю ў рымска-каталіцкіх манастырах і семінарыях на беларуска-літоўскіх землях (1772–1914) // Беларускі гістарычны агляд. Т. 29 (2022). С. 57-74.
Вольга Іванова. Беларускі Музей імя Івана Луцкевіча — шлях да ліквідацыі // Homo Historicus. 2022, c. 92-142.
Гуманітарныя навукі (артыкулы)
Тут перамога за артыкулам Алесі Серады ‘Died from Debeeration’: The Case of the First Belarusian Political Game // Studies in Eastern European Cinema, 2022, 14(1), 8–24.
Алеся Серада на цырымоніі ўручэння Прэміяі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі
У шорт-ліст увайшлі:
Таццяна Арцімовіч. Спектакль «Паўлінка» Льва Літвінава як прастора барацьбы за памяць // StudiaBiałorutenistyczne, 2022, t. 16, s. 159-175.
Анатоль Брусевіч. Yanka Kupala’s Creed: the Christian Aesthetic Code in the Motif Paradigm of his Early Poetry // Acta Albaruthenica, 2022, t. 22, s. 19–32.
Алена Лепішава. Театральная версия романа Ольгерда Бахаревича «Собаки Европы» на сцене Белорусского свободного театра // Studia Białorutenistyczne, 2022, t. 16, s. 177-194.
Наталля Русецкая. Салідарныя з Беларуссю: пераклады беларускай літаратуры на польскую мову, Emigracja rosyjska, ukraińska i białoruska. Konteksty literackie, kulturowe i życie społeczno-polityczne, redakcja Marta Kaczmarczyk, Monika Sidor, Beata Siwek, Anna Woźniak, Wydawnictwo KUL, Lublin 2022, s. 143-153.
У намінацыі гуманітарныя навукі (манаграфіі) у гэтым годзе конкурс не праводзіўся.
Сацыяльна-палітычныя навукі (артыкулы)
Прэмію атрымаў палітолаг і філосаф Пётр Рудкоўскі за артыкул Is There a Demand for Autocracy in Belarusian Society? // Journal of Belarusian Studies, 2022, 12(1-2), 35-62.
Пётр Рудкоўскі на цырымоніі ўручэння Прэміяі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі
Паводле Пётры Рудкоўскага, ягоны артыкул — гэта «спроба прадставіць, што попыт на аўтарытарызм ёсць і якія ён мае карані». «Паслядоўных дэмакратаў нашмат больш, чым прыхільнікаў аўтарытарызму. У мяне сёння радасць на фоне смутку, такое змешанае адчуванне. У Беларусі, нашай краіне, дзеецца шмат зла, яшчэ больш — ва Украіне з-за расійскай агрэсіі. Але я веру, шаноўнае спадарства, што не за гарамі той час, калі я альбо хтосьці з вас будзе пісаць артыкул «Беларусь: досвед паспяховай дэмакратызацыі», у якім будзем аналізаваць не ў катэгорыях прагнозаў і дапушчэнняў пераход да дэмакратыі ў Беларусі, а ў катэгорыях мінулага часу — як здзейснены факт», — сказаў лаўрэат.
У шорт-ліст увайшлі:
Анастасія Астапава і інш. (Anastasiya Astapova, Vasil Navumau, Ryhor Nizhnikau & Leonid Polishchuk). Authoritarian Cooptation of Civil Society: The Case of Belarus, Europe-Asia Studies, 2022, 74:1, 1-30
Нэлі Бекус. Reassembling Society in a Nation-State: History, Language, and Identity Discourses of Belarus. Nationalities Papers, 2023, 51(1), 98-113 (апублікаваны анлайн у 2022).
Кірыл Касцян. Implications of Russia’s war in Ukraine for Belarus and its society: what is exactly written in the EU documents? // Public Governance, Administration and Finances Law Review, 2022, 7(1), 5–20.
Яўген Крыжаноўскі. Managing Dissent in Post-Soviet Authoritarianism. New Censorship of Protest Music in Belarus and Russia, 2000–2018, Europe-Asia Studies, 2022, 74:5, 760-788
Ілля Сульжыцкі. Opposition as «A Mould on the Fatherland»: Hate Speech and Grassroots Telegram Propaganda in Belarus. Journal of Belarusian Studies, 2022, 12(1-2), 5-34.
Андрэй Хадановіч спявае песню "Муры"
Вядоўца цырымоніі, паэт Андрэй Хадановіч завяршыў выканнанем (разам з заляй) песняй Яцэка Качмарскага «Mury» альбо «Разбуры турмы муры», якая выдатна пасавала сёлетнему месцу правядзення Кангрэса — Гданьску, гораду «Салідарнасці».
У нядзелю, 24 верасня, Кангрэс завяршае сваю працу.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org