Пасля 2020-га, а тым больш пасля 2022-га было адчуванне, што турызм у Беларусі памёр. Хто паедзе? Куды?.. Але не. Натоўпы турыстаў, як і раней, ходзяць па Гродне і Берасці. Толькі размаўляюць не па-польску і не па-літоўску, а — з выразным «чёканнем» і «чтоканнем». Расіяне.
Гісторыі пра тое, як нейкая расіянка з’ездзіла ў Беларусь і распавяла пра «свабодны інтэрнэт» — сталі мемамі. Яны едуць. Глядзяць. Скупляюць замежныя брэнды ў крамах. Прыглядаюцца да нерухомасці. Наўрад ці нехта вам скажа дакладную статыстыку, але колькасць пакупак жытла расіянамі ў тым жа Гродне, упэўнены, велізарная.
Як сведчаць беларускія гіды, якія тых расіянаў водзяць, людзі — «нармальныя». Не агрэсіўныя. Часта нават ліберальных поглядаў, не імперцы. Але свядомасць — тая самая, імперская. Бо сённяшняя Беларусь для іх — як «Прыбалтыка» ў 1970-я для іхных бацькоў і дзядоў. Блізкая Еўропа. Свая.
Крыніца: summoning.ru
Як гэта працуе? Расія — дзіўная імперыя. Прынамсі, на фоне колішніх еўрапейскіх каланіяльных імперый. Бо яе місія не падымаць культурны ўзровень заваяваных тэрыторый, але — апускаць. Культура ў Маскве і Пецярбургу, а далей — шэрасць і змрок.
Але ёсць рэгіёны «на асаблівым становішчы». Напрыклад, краіны Балтыі — пярліна імперыі. Кавалак бурштыну ў імператарскай кароне. Нават у савецкі час гэта асаблівы рэгіён, Еўропа. Там — дэфіцыты, архітэктура, рыжскі бальзам, шпроты. «Шерлака Холмса» здымалі ў Рызе, бо дзе ты яшчэ ў СССР знойдзеш Бэйкер-стрыт?.. Не ў Волагдзе ж.
Так званая «Прыбалтыка» — феномен СССР. Там хацелі адпачываць, жыць, атрымліваць кватэры, выходзіць на пенсію. Не толькі глыток марскога паветра, але і свабоды. Які б ты ні быў ідэйны савецкі палкоўнік, дзеці ўсё адно папросяць джынсы і заходнія кружэлкі. А там з гэтым прасцей.
Праблемы літоўцаў, латышоў і эстонцаў, канешне ж, не турбавалі расіянаў. У лепшым выпадку яны глядзелі серыял «Долгая дорога в дюнах», а пра масавую савецкую дэпартацыю 1949 года (аперацыя «Прибой») наогул ніколі не чулі. Ці — не хацелі чуць. Роўна як і пра прычыны таго, чаму незалежныя да 1940 года дзяржавы раптам аказаліся ў СССР.
Дэпартацыя жыхароў краін Балтыі, сакавік 1949 года. Фота: Lettisches Okkupationsmuseum
З Беларуссю зараз усё выглядае падобна. З той Беларуссю, якая існуе ў свядомасці расіянаў. Гэта — блізкая Еўропа са «свабодным інтэрнэтам». Тут чыста, смачна, нядорага. Ёсць нават пара замкаў. Няма мора, але — азёры з санаторыямі. І, галоўнае, няма мяжы з Расіяй — не трэба візаў.
Уявіце сябе адстаўным расійскім палкоўнікам, які выбірае, дзе яму піць каньяк наступныя 20-30 гадоў. У Саратаве? Растове? Ці... можа, у Беларусі, дзе ўсё спакойна і нічога не «прылятае»? Пры тым, што ўся русафобія знішчаная на дзяржаўным узроўні. Толькі не шляхам дэпартацый, як у Літве і Латвіі ў 40-х, а праз рэпрэсіі і масавую эміграцыю.
Пра тое, што ёсць нейкая іншая Беларусь, расіянін можа наогул не даведацца. У цэнтры Мінска няма слядоў ад куляў на сценах ці шыбеніцаў на плошчы Свабоды. Чыста-прыемна. Знайсці ў Youtube? Так, але гэта выбар чалавека, глядзець ці не глядзець. Людзі глядзяць тое, што камфортна, а не тое, што руйнуе іхныя ўяўленні пра свет.
Наколькі гэта сур’ёзна? Залежыць ад таго, як доўга. У Латвіі ў 1989 годзе нелатышы складалі... 48% насельніцтва. Карэнная нацыя рызыкавала стаць — меншасцю. Адсюль — далейшыя гісторыі пра «неграмадзянаў», шэрыя пашпарты, моўныя і гістарычныя законы. Гэта — спосабы ўратаваць краіну ў крытычнай сітуацыі.
Не думаю, што ў Беларусі сітуацыя зойдзе аж так далёка.
Куды большая пагроза — культурная і ментальная асіміляцыя. Моўная — даўно адбылася. Разам з тым гісторыя з «заменай насельніцтва», больш ці менш маштабнай, застаецца актуальнай. Узгадайце кейс з прымусовай дэпартацыяй палітвязняў. Для таго боку важна, каб нязгодных — фізічна не было на іхнай тэрыторыі. Гэта шлях ад Беларусі да «Белоруссии».
Хочацца верыць, што наша «долгая дорога в дюнах» будзе мець усё ж пазітыўны фінал. Памятайма, што ў 80-х акурат Літва, Латвія і Эстонія сталі рухавікамі барацьбы за свабоду ды — паскорылі развал СССР.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org