Illa Falažynski (Ільля Фаляжынскі), беларускі аўтар-выканаўца і мастак з Варшавы, падзяліўся новым сынглам на падставе вершу Альгерда Бахарэвіча «Drazdovič» (Драздовіч). Кампазыцыя ўжо даступная на ўсіх музычных плятформах. Песьня апублікаваная акурат у дзень народзінаў Язэпа Драздовіча — беларускага мастака, архэоляга, пісьменьніка, этнографа і фальклярыста.
«Свайго часу я набыў і прачытаў першую паэтычную кнігу Альгерда Бахарэвіча «Вершы/Vieršy», творы ў якой запісаныя адначасова кірыліцай і лацінкай. Верш пад назвай «Drazdovič» быў на першых старонках і адразу прыцягнуў маю ўвагу. Пасля некалькіх прачытаньняў я зразумеў, што бачу ў ім патэнцыйную песьню», — дзеліцца Ільля.
Трэк быў запісаны ў Варшаве, у студыі Everest Media, пры ўдзеле саўндпрадусара Паўла Сінілы. За аранжаваньне, зьвядзеньне і майстарынг адказваў Дзьмітрый Матуйза, зь якім Ільля працаваў таксама над папярэднімі альбомамі, EP і сынгламі.
Спэцыяльна для вокладкі Ільля намаляваў новую карціну пад назовам «Drazdovič». Як адзначае аўтар, у ёй ён хацеў паказаць творчую пераемнасьць — працэс трансфармацыі карціны ў верш, а верша ў песьню. Найбольш уважлівыя могуць таксама пабачыць падабенства з «Аўтапартрэтам» Драздовіча. Маляваць акрылам на палатне Ільля пачаў яшчэ ў 2020 годзе, у часы ізаляцыі, і гэта стала натуральным працягам ягонай творчасьці.
Песьня на верш Альгерда Бахарэвіча «Drazdovič» прысьвечана постаці Язэпа Драздовіча — беларускага мастака, філёзафа, летуценьніка, які жыў вельмі бедна, шмат вандраваў па вёсках, маляваў і пісаў свае «касьмічныя» працы, амаль не маючы прызнаньня пры жыцці. Драздовіч тут прадстаўлены як сымбаль беларускай культуры: чалавека, які жыў на мяжы рэальнасьці і фантазыі, зямнога і касьмічнага. Гэта вобраз творцы-прарока, адзінокага і адкінутага грамадствам, але глыбока зьвязанага з ідэяй нацыянальнай і духоўнай велічы. 447-е месца, а БНТУ ўвайшоў у групу 851-900.
Ільля абяцае, што неўзабаве слухачоў чакаюць новыя музычныя сюрпрызы, заклікае падпісацца на ягоныя старонкі і сачыць за абнаўленьнямі. 20 верасьня ён прэзэнтаваў у інтэрнэце кампазыцыю «Kudy ty idzieš?».
Illa Falažynski (Ільля Фаляжынскі) — беларускі аўтар-выканаўца і мастак з Варшавы.
Стаў вядомы ў 2015 годзе дзякуючы песьні «Зялёная гарбата». Аўтар альбомаў «Схавацца ў туман» (2016) і «Navobmacak» (2019). Намінант прэміі «Адкрыцьцё году» паводле парталу Tuzinfm.by.
У 2023 годзе ўзяў удзел у міжнародным трыб’юце Марку Болану зь песьняй «Dziŭnaje žyćcio» («Life is Strange»), якая выйшла на афіцыйным рэлізе брытанскага лэйблу Easy Action.
20 верасьня гэтага году, на свой дзень народзінаў, прэзэнтаваў новы сынгл «Kudy ty idzieš?».
Spotify: Illa Falažynski | Spotify