Лабадзенка і Валошын: два дні гастроляў на Верхнядзвіншчыне

Пры канцы навучальнага года паэт Глеб Лабадзенка і музыка Яўген Валошын наведалі Верхнядзвіншчыну, дзе сустрэліся з навучэнцамі вясковых школак.

Першы дзень меў тры сустрэчы. Зранку – у вёсцы Нурава. Школа там невялікая, усяго 43 навучэнцы. Але, дзякуючы гаспадарліваму дырэктару, ёсць і сучасны кампутарны клас з мультымедыя, і свая коўня, і этнагарафічны музейчык.

— Вельмі добра, дзеці, што вы так шануеце сваю гісторыю, — радаваўся Глеб Лабадзенка. – Толькі захоўваючы памяць пра мінулае, мы зможам мець годную беларускую будучыню!..

У Валынцах выступоўцаў чакаў сюрпрыз: сабралася актавая зала, больш за 120 чалавек! Навучэнкі падрыхтавалі даклад пра родную мясціну, пра знішчаны ў часе вайны Забельскі калегіюм, пра мастака Каржанеўскага, які нарадзіўся тут – адная з вуліц Мінска названая ў ягоны гонар.

— Беларуская мова можа стаць для вас пропускам у жыццё, — навучаў дзетак Яўген Валошын. – Пры паступленні, калі будзеце размаўляць па-беларуску – гэта вам адразу плюс! Я калі паступаў на журфак, размаўляў з камісіяй выключна па-беларуску – і прайшоў без праблемаў!

У Валынцах гэта добра ведаюць: напрыклад, дзесяцікласніца Вераніка піша цудоўныя вершы па-беларуску (верш “Еўфрасіння Полацкая” яна агучыла для ўсіх), збіраецца звязаць сваё жыццё з беларускай культурай. А ў школьным музеі гасцям з гонарам распавялі пра выбітнага навукоўца Чэрскага, які нарадзіўся тут непадалёк.

У Шайцераўскай школе… няма актавай залы. Але праблема вырашылася лёгка – навучэнцы паселі са сваімі крэсламі проста ў фае (альбо, як цяпер можна называць, “рэкрэацыйнай зоне”).

Глеб і Яўген распавялі вучням пра акалічнасці працы журналіста, адказалі на пытанні.

— Галоўнае, дзеці, вучыцеся, набірайцеся ведаў, — заклікаў Глеб Лабадзенка. – Дурных у нас і так хапае!..

Назаўтра творчы дуэт працягнуў выступы на Верхнядзвіншчыне. Пачатак – у вёсцы Каханавічы.

— У вёсцы з такой назвай мы будзем выконваць творы выключна пра каханьне, — падміргнуў мясцовым дзяўчатам Яўген. – Бо пра што б творца не складаў верш або песню, усё адно натхніць яго можа толькі гэтае моцнае і шчырае пачуццё!..

…Асвея – гарадскі пасёлак. Госці агледзелі тут руіны колішняга палаца Шадурскіх, а таксама кляштарны шпіталь 1759 года.

— За савецкім часам, як бачыце, не было прынята шанаваць спадчыну, гісторыю, — звярнуўся да дзяцей Лабадзенка. – І вось, што мы бачым: руіны. Калі ж мы не хочам, каб уся краіна выглядала як руіны, трэба шанаваць усё сваё, беларускае!

Заключны выступ адбыўся ў вёсцы Сар’я, якая славіцца незвычайнай прыгажосці храмам Лапацінскіх – падобным да касцёла Святой Ганны ў Вільні.

— Побач з такім прыгожым храмам немагчыма быць непрыгожым чалавекам!.. – ахнуў Яўген Валошын.

Навучэнцы падрыхтавалі для гасцей паўгадзінны расповед пра мясцовыя славутасці – з якога Глеб і Яўген пераканаліся: у Сар’і гісторыю шануюць.

Трэба адзначыць, што ва ўсіх шасці школах Лабадзенка і Валошын праводзілі конкурсы, дзе навучэнцы расказвалі на памяць вершы па-беларуску, за што атрымлівалі прыемныя прызы ад кампаніі “Будзьма!”.

Выступы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Агулам за гэты месяц на выступах Глеба Лабадзенкі і Яўгена Валошына пабывалі больш за 2100 беларускіх школьнікаў з розных куткоў краіны.

Тэгі: