Вітаўт на чале ВКЛ. Намеснік з імперскімі амбіцыямі

05.02.2025 Гісторыя
Стаўшы князем-намеснікам караля Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім у выніку Астроўскай дамовы 1392 г., Вітаўт Кейстутавіч на працягу літаральна некалькіх гадоў пазбавіўся галоўных канкурэнтаў да ўлады ў Вялікім Княстве — родных братоў польскага караля. Гэта моцна занепакоіла Ягайлу, які надалей трымаў тытул вялікага князя літоўскага і планаваў кіраваць ВКЛ праз свайго намесніка. Але яшчэ большы непакой у Польшчы будзіла занадта самастойная і з вялікім размахам знешняя палітыка новага намесніка.

00-Vitaŭt_Vialiki._Вітаўт_Вялікі_(XVIII)_(2).jpgПартрэт Вітаўта Вялікага з кляштару аўгустынаў у Берасці, мастак невядомы. Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Амбітны намеснік пры намінальным сюзерэне

Вітаўт вёў яе як цалкам самастойны манарх, не пытаючы рады і згоды намінальнага сюзерэна. Асабліва актыўна дзейнічаў на ўсходнім кірунку. Як лічаць гісторыкі, Вітаўт рэалізоўваў праграму вялікага князя Альгерда, якую той сфармуляваў у адным сказе: «Уся Русь павінна належаць Літве!» Паводле навукі дзядзькі Альгерда і бацькі Кейстута, новы ліцвінскі намеснік прыняў меры, каб не дапусціць вайны на два франты.

Дзеля гэтага належала наладзіць адносіны з дзяржавай Тэўтонскага ордэна, што было вельмі няпростай справай. Яе кіраўніцтва чулася ашуканым і зняважаным апошняй «здрадай» Вітаўта ў 1392 г., калі ён з трыумфам выехаў з Прусіі ў Літву, спаліўшы некалькі ордэнскіх замкаў і пакінуўшы ў палоне роднага брата-закладніка. Крыжакі прагнулі помсты.

1_Хохмайстар Конрад фон Юнгінген.jpgХохмайстар Конрад фон Юнгінген

Прага помсты і няўдалая аблога Вільні крыжакамі

Ужо праз пару месяцаў пасля ўцёкаў Вітаўта, у кастрычніку 1392 г. ордэнскае войска ўдарыла па ўладанні былога біскупа Генрыка Мазавецкага, які патаемна падрыхтаваў ад’езд Вітаўта. У студзені 1393 г. ордэнскі вялікі маршал знішчыў Гародню. Потым асобныя атрады атакавалі Жамойць, пустошылі ваколіцы Гародні, Наваградка, Ліды. Але гэта ўсё былі адносна невялікія выправы абмежаванымі сіламі, пакуль рыхтаваўся буйны паход у самае сэрцы Літвы — на Вільню.

Вялікае войска з абодвух ордэнскіх філіяў, узначаленае прускім і інфлянцкім магістрамі, выступіла ў жніўні 1394 г. Вітаўт спрабаваў яго затрымаць пад Коўнай на пераправе праз Нёман, але быў адкінуты.

У сярэдзіне жніўня крыжацкае войска дайшло да Вільні і прыступіла да рэгулярнай аблогі сталіцы. Вітаўт са сваёй дружынай знаходзіўся «ў полі» і пастаянна непакоіў абложнікаў атакамі, не прымаючы генеральнай бітвы.

2_Вільня. Верхні замак. З малюнка Паўла Татарнікава.jpgВільня. Верхні замак. З малюнка Паўла Татарнікава

Сталіца ўтрымалася, нягледзячы на ўсе штурмы і праз месяц крыжацкае войска адступіла.

Вітаўт заключае перамір’е

Вітаўт чакаў, пакуль ордэнскія кіраўнікі суцішацца і гнуў сваю лінію прымірэння, высылаў лісты і паслоў. У 1396 г. заключыў мір з біскупамі ў Інфлянтах, якія не падпарадкоўваліся Ордэну, а ў ліпені яму ўдалося дамовіцца пра перамір’е з самым Ордэнам, спачатку на два месяцы.

Гэтыя настойлівыя спробы прымірыцца паступова астуджвалі імпэт і прагу помсты інфлянцкіх і прускіх крыжакоў, паслоў князя належала прымаць, лісты чытаць, аналізаваць і ацэньваць, што насамрэч за імі стаіць.

Саюзная дамова з Тахтамышам

У гэты час Вітаўт актывізаваўся на ўсходзе. Ён заключыў саюзную дамову са звергнутым ханам Залатой Арды Тахтамышам. Тым самым Тахтамышам, які расправіўся са сваім канкурэнтам Мамаем, аб’яднаў Залатую Арду, а пасля адпомсціў маскавітам за паразу татараў на Куліковым полі, спаліўшы Маскву.

3_Тахтамыш пад Масковй. Гравюра 16 ст..jpg
Тахтамыш пад Масковй. Гравюра 16 ст.

Але Тахтамыш неабачліва ўступіў у канфлікт са сваім апекуном — знакамітым заваёўнікам, заснавальнікам імперыі Цімурыдаў у Цэнтральнай Азіі Тамерланам — Цімурам, быў разгромлены, уцякаў і ўрэшце з’явіўся ў Літве. Там і паразумеўся з Вітаўтам. Двума гадамі раней Тахтамыш спрабаваў аднавіць саюзныя адносіны з Ягайлам (існавалі яшчэ ад 1382 г.), але той ягоную прапанову праігнараваў.

З Вітаўтам хан дамовіўся, што той дапаможа вярнуць уладу над Залатой Ардой, а ўзамен абяцаў, што без прамаруджвання прыйдзе з вайсковай дапамогай пры любой патрэбе.

Вітаўт трымаўся са звергнутым ханам-уцекачом, можна сказаць, далікатна. Не хацеў абразіць, напэўна памятаў як з ім абыходзіліся крыжакі ў Прусіі, калі сам трапіў у такое становішча, якое прыніжэнне перажыў і якую прагу помсты адчуваў.

У саюзную дамову быў уключаны запіс пра афіцыйную адмову Залатой Арды ад правоў на рускія землі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, але адначасова Вітаў абяцаў штогадовую выплату з іх «падарунка» татарам. Справа выглядала як саюз роўнага з роўным.

Вітаўт падманам захоплівае Смаленскую зямлю

У межах сваёй усходняй палітыкі Вітаўт пачаў справу, надзвычай важную ў гісторыі Беларусі — зрабіў важны крок да завяршэння палітычнага аб’яднання беларускіх земляў. Гаворка пра Смаленскую зямлю. Пайшоў на хітрасць, калі казаць бесстаронна, дапусціўся элементарнага падману і вераломства.

У верасні 1395 г. Вітаўт распусціў чуткі, у тым ліку сярод свайго войска, што збіраецца ў паход супраць хана Залатой Арды Цімур-Кутлуга і вывеў войска ў поле. Насамрэч князь меў іншую мэту — ішоў заваёўваць Смаленск. Завабіў на перамовы амаль усіх князёў з мясцовай дынастыі, схапіў іх (падобна як у тое ўчыніў Ягайла з ім і Кейстутам у 1382 г.), заняў Смаленск і паставіў там сваіх намеснікаў. Не ўсе смальняне былі з тым згодныя і пры бліжэйшай нагодзе пазбавіліся ліцвінскай улады, але ненадоўга.

Паспяховыя паходы Вітаўта супраць татараў

У 1397 і 1398 гадах Вітаўт правёў два далёкія і паспяховыя паходы ў стэп супраць татараў, па прыкладу дзядзькі, вялікага князя Альгерда, які ўпершыню разграміў татараў на іх тэрыторыі ў Сіняводскай бітве 1362 г. Пляменнік дайшоў далей за дзядзьку — ажно да Крыма.

Альгерд пасля Сініх Водаў узяў пад кантроль важны пункт на міжнародным гандлёвым шляху з Цэнтральнай Еўропы ў Крым. Вітаўт дасягнуў яго канцавога прыпынку — порта Каффа (сённяшняя Феадосія).

Падчас другога паходу на працягу чатырох тыдняў над Дняпром быў збудаваны замак святога Яна (у сённяшняй Херсонскай вобласці Украіны). Да нашых дзён з таго замка ацалела адна вежа, якую ў народзе называюць «Вітаўтава вежа».

4_Дозорна башта часiв князя Вiтовта. Вікіпедыя.jpgДазорная вежа часоў князя Вітаўта. Фота з Вікіпедыі

Вітаўт і беларускія татары

Традыцыя звязвае з гэтымі паходамі з’яўленне ў Беларусі цікавай этнаграфічнай групы — беларускіх татараў. Гісторыкі лічаць, хоць на тое няма прамых сведчанняў у крыніцах, што Вітаўт прывёў з тых паходаў некалькі тысяч, а можа дзясяткі тысяч крымскіх татараў.

Здавалася, што ўсё ішло па плану Вітаўта — на захадзе патроху атрымлівалася дамаўляцца ў крыжакамі, на ўсходзе — адныя поспехі. Але ўсё пачало развальвацца, у адзін момант пайшло наперакос — пасля нешчаслівай бітвы над ракой Ворсклай...

Сцяпан Сарока, Budzma. org