Выдавецтва «Янушкевіч» праанансавала выхад дэбютнай кнігі маладога пісьменніка Макара «Апошняе пакаленне» не традыцыйнай рэкламай, а ў стылі кіношнага трэйлера.
«Апошняе пакаленне» — аповесць пра мінскую моладзь, якая жыве звычайным жыццём у рэаліях эпохі пасля 2020 года.
Галоўны герой Мікіта працуе ў рэкламным агенцтве, у атачэнні людзей з кардынальна рознымі поглядамі на жыццё. Ён знаходзіцца ў нервовым пошуку «правільнага» шляху, у той час як хтосьці, як ягоная калега, выбірае шлях змагання за праўду, бо не можа проста сядзець на месцы і чакаць.
«У першую чаргу, — кажа аўтар кнігі Макар, — я хацеў стварыць настрой, атмасферу, у якой, на мой погляд, цяпер мы ўсе знаходзімся. Для мяне было важна паказаць штодзённую руціну, але таксама і тое, якія выбары робяць героі ў прапанаваных ім абставінах. Адны выбіраюць проста жыць, іншыя ж — спрабуюць рабіць хоць нешта».
Ролю галоўнага героя ў трэйлеры сыграў вядучы і ціктокер Мікіта Бялевіч. А за ідэю буктрэйлера і яго рэжысуру адказвала Аліна Мазавец, вядомая па праектах «Клік», «о(б)суждаем» і «Максімальна».
«Калі я прачытала кнігу, — кажа рэжысёрка Аліна, — я адразу ўбачыла перад вачыма кадры, якія захацела стварыць. Разам з тым з’явіліся пытанні накшталт: «Як закласці ўсе сэнсы з аповесці ў адно саракасекунднае відэа?». Тады я вырашыла зрабіць акцэнт на настроі, адчуваннях, якімі, як па мне, прасякнутая кніга «Апошняе пакаленне». Таму ў відэа так шмат дэталяў і такія насычаныя фарбы».
Кнігу «Апошняе пакаленне» ўжо цяпер можна купіць з дастаўкай па ўсім свеце на сайце выдавецтва knihauka.com, а таксама ў варшаўскай кнігарні «Кнігаўка» па адрасе вул. Ks. Kłopotowskiego 4.