Мы рэканструявалі лагатыпы, якія маглі б пабачыць мінчукі і госці горада, калі б Чэмпіянат свету па хакеі вырашылі ладзіць у Мінску ў 1950-1980-ых.
Вось ужо другі тыдзень рэкламістаў і маркетолагаў ліхаманіць. З дня на дзень тэндэрны цэнтр Мінгарвыканкама можа абвясціць конкурс на стварэнне брэнда Мінска. Лога, слоган і шрыфты сталіцы хочуць паспець распрацаваць да Чэмпіянату свету па хакеі. На жаль, з конкурсамі лагатыпаў у беларускай сталіцы неяк не склалася. Вось мы і падумалі: а што, калі капнуць гісторыю? І рэканструяваць лагатыпы, каб сучасныя дызайнеры натхняліся і не паўтараліся?
CityDog парыўся на паліцах бібліятэк, паглядзеў, як на вокладках кніг, у картах, на паштоўках у свой час абыгрываўся вобраз горада. І рэканструяваў некалькі лагатыпаў…
1950: сталіца сталінскага ампіру
Крыніца натхнення: История Минска. Институт истории (Академия наук БССР), Мн, 1957. Мастакі Ф.Навікоўскі, В.Харэўскі. Скан вокладкі адсюль (дзякуй Скрыпу).
Гісторыя да лагатыпа: у другой палове 50-х Мінск стаў горадам, пра які марыў таварыш Сталін. З горада «уездного типа, с кривыми узкими улочками» за дзесяцігоддзе ён ператварыўся ў сацыялістычны мегаполіс з вуліцамі «пошире и попрямее».
Мінск мусіў наглядна ўвасабляць моц, веліч і псеўдакласіцыстычную гламурнасць Краіны Саветаў. Дзікая сумесь барока, ампіру, позняга класіцызму і ар-дэко дапаўнялася пампезнасцю, раскошай, веліччу і манументальнасцю. Сталіца БССР стала музеем сталінскага ампіру. Сярпы, молаты, калгасніцы з рабочымі – і зоркі, зоркі, зоркі.
1960: адліга, свабода, сэксуальнасць
Крыніца натхнення: Минск. Краткий СПРАВОЧНИК. Выд. «Полымя», Мн, 1967. Вокладка У.Ярмоленкі. Скан адсюль (c) А.Харашэўскі, У.Зелянкоў).
Гісторыя да лагатыпа: у гэты год Мінск святкаваў 900-ы дзень нараджэння. 5 год таму ў цэнтры знеслі помнік Сталіну (пасля смерці правадыра ён стаяў амаль дзесяць год). І да горада на Свіслачы паціху-патроху даплялася хрушчоўская адліга.
Па Мінску гулялі нефармалы-бітнікі (праз год у іх быў першы фэст), на Нямізе пабудавалі Дом мадэляў, а па адрасе пр-т Леніна, 44 размясцілася легендарная «Вечерка». Горад на Нямізе ў свае 900 быў такім маладым, свабодным, сэксуальным! Не верыце – паглядзіце фільм «Любимая» з Віталём Саломіным, дзе Мінск не проста дэкарацыя – асобны герой.
Мастак Галіна Лазарчык
citydog.by