Адукацыя для людзей «залатога ўзросту» ў Беларусі з’явілася больш за 10 год таму, але прадстаўлена была толькі грамадскімі ініцыятывамі, дзяржава палічыла непатрэбным пераймаць досвед такіх арганізацый, а пасля падзей 2020 года ўвогуле дзейнасць некаторых падобных ініцыятываў была прыпыненая. Budzma.org паразмаўляў пра адукацыю для сталых людзей у Беларусі тады і цяпер са стваральніцай першага ўніверсітэта для людзей трэцяга веку ў Беларусі Ланай Руднік.
— Што падштурхнула Вас заняцца адукацыяй сталых людзей?
— Мы з мужам з канца 1990-х займаліся дадатковай адукацыяй. Спачатку працавалі ў нашай грамадскай арганізацыі, якую стварылі ў 1997 годзе. Пасля працавалі ў міжнароднай амерыканскай кампаніі ў якасці трэнераў-кансультантаў.
За гэтыя дзесяцігоддзі мы прыдумлялі і ўвасаблялі ў жыццё вельмі шмат цікавых ідэяў. Гэта былі і лідарскія праграмы для моладзі, жанчын, праграмы для маладых журналістаў, праграмы па развіцці мясцовых супольнасцей, праграмы для адукатараў і іншыя. А адукацыяй сталых людзей мы пачалі займацца пасля таго, як Вітаўт прывёз гэтую ідэю з Вроцлаўскага ўніверсітэта ў 2008 годзе.
Мы шмат пра гэта думалі і пачалі ствараць каманду, каб распачаць праграму для сталых людзей і ў нашым горадзе. Шмат чыталі, вывучалі, стажыраваліся, набіраліся досведу.
І ўрэшце вясной 2010 года распачалі заняткі гарадзенскага «Універсітэта Залатога Веку».
Праз некалькі гадоў нашай працы зразумелі, што ўжо набылі пэўны імідж. Нас сталі запрашаць на розныя канферэнцыі, семінары дзяліцца досведам. Намі справаздачыліся ў нацыянальных справаздачах па выкананні Міжнароднага Мадрыдскага плана дзеянняў па праблемах сталых людзей.
Мы пачалі запрашаць да сябе на стажыроўкі і сталі ўжо на прыступку вышэй ўзроўню капіявання таго, што было створана калісьці прафесарам П’ерам Вела ў Францыі і распаўсюдзілася па розных краінах.
Мы пачалі ствараць сваю мадэль павышэння якасці жыцця сталых людзей. Мадэль, вельмі падобную да брытанскай, дзе прынята спадзявацца не на дзяржаву, а на грамадскую ініцыятыву.
— Якая была крыніца натхнення?
— Зацікавіліся мы гэтай тэмай па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта была інавацыя для Беларусі. Ніхто да нас сістэмна не ствараў універсітэт для людзей залатога веку. Мы любім вывучаць новае. Уключаецца такі азарт. Калі ты працуеш без выходных і стараешся зрабіць гэта так, каб да цябе захацелі прыходзіць. Хочаш зрабіць дасканала і якасна.
Па-другое, мы пабачылі пасля першага набору, якія ўдзячныя людзі за той прадукт, які мы стварылі.
Па-трэцяе, заўсёды была вялікая павага да сталых людзей і хацелася нешта карыснае для іх зрабіць. Наконт крыніцы натхнення...
Самая вяліка крыніца — мы. Спачатку мы з мужам. Бясконцыя абмеркаванні як зрабіць лепей. Творчы працэс. Пасля МЫ пашыралася. Набіралі каманду валанцёраў, выкладчыкаў, абрасталі партнёрамі з розных краінаў. Калі ты працуеш у камандзе, працуеш з аднадумцамі, табе ніхто зверху не спускае нейкіх бязглуздых загадаў, ты пастаянна ў камунікацыях з тымі, з кім працуеш, і з тымі, хто карыстаецца паслугамі Універсітэта, ты адчуваеш кайф ад таго, што ты робіш.
І яшчэ пра крыніцы натхнення. Натхняе свабода. Свабода выбару, прыняцця рашэнняў. Той, хто прызвычаіўся працаваць самастойна, ствараючы новыя паслугі, прадукты, укладаючы ў гэта душу, той мяне зразумее.
Гэта неверагодны кайф — прыдумаць нейкую ідэю і рэалізаваць яе ў самым лепшым выглядзе.
— Ці былі складанасці? Улады ішлі насустрач першапачаткова?
— Складанасці, канечне, былі. Мы былі першапраходцамі і не ведалі, ці спрацуе гэтая мадэль у нашых рэаліях, дзе сталым людзям адведзеная адна роля — ціха дажываць... Ці прыйдуць студэнты? Ці знойдзем выкладчыкаў? Ці будзе ў нас памяшканне? Але мы спраўляліся з усімі складанасцямі. Высілкі, упартасць і вера шмат чаго могуць.
Наконт дачыненняў з уладамі... Не буду шмат пра гэта распавядаць, але скажу так — мы існавалі ў паралельных сусветах. Яны быццам нас «не заўважалі», хаця і капіравалі некаторыя нашыя паслугі на базе сваіх ТЦСАНаў, і мы асабліва не мелі ілюзіяў наконт таго, што яны будуць нам дапамагаць.
— Хто яшчэ займаўся падобнай справай у Беларусі?
— Пасля таго, як мы стварылі наш «Універсітэт Залатога Веку», пачалі стварацца падобныя пляцоўкі ў Брэсце, Мінску. Берасцейцы спрабавалі развіваць «Інстытут трэцяга ўзросту» — курсы для сталых людзей на базе тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнай дапамогі насельніцтву. Больш-менш актыўна працавалі гадоў пяць, пасля пра іх мала было чуваць. Мінскі «Універсітэт трэцяга веку» быў створаны ў 2013 годзе таксама грамадскай арганізацыяй — «Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў». У іх троху іншая мадэль — набор на асобныя гурткі. Мы ж набіраем студэнтаў на 2 семестры, ладзім шмат агульных мерапрыемстваў для іх. Нашымі дзецьмі сябе называюць кобрынскі «Універсітэт Залатога Веку» (працуе з 2015 года), «Акадэмія 50+» з Бабруйска (працуе з 2018 года). Я вельмі радая, што падобных пляцовак становіцца больш і магчымасці для людзей 55+ пашыраюцца.
— Што самае яскравае было за часы працы са сталымі людзьмі?
— За гэтыя 12 год працы было шмат яскравых момантаў. Плакацельных, я б сказала. Слёзы могуць выклікаць розныя моманты — радасць за тое, што студэнт нечаму навучыўся, знайшоў сяброў, аднадумцаў, партнёра па жыцці, палепшыў свой стан здароўя. Столькі адкрыццяў у людзях!
Калі б я пісала пра свае лепшыя якасці, я б напісала, што я маю здольнасць адкрываць у людзях здольнасці. Радуюся, што ў многіх удалося адкрыць, напрыклад, патэнцыял да выкладання.
— Чаму дзяржава ніколі не рабіла падобнага?
— Чаму? Не ведаю... Можа таму, што няма практыкі дэлегаваць. Хочацца ўсё кантраляваць, рабіць самастойна. А на ўсё не хапае рэсурсу. І даверу да іншых няма. Дзяржаўныя механізмы грувасткія, непаваротлівыя. Мы, прадстаўнікі грамадскага сектару, створаныя дзеля вырашэння праблемаў, больш лёгкія і мабільныя ў навучанні, у засваенні новага.
І яшчэ... вельмі важна ўсведамляць розніцу. Мы не ўспрымаем нашых студэнтаў як аб’ект, якому трэба нешта арганізоўваць — ладзіць канцэрты і піццё гарбаты, якога трэба апякаць і дапамагаць. Стараемся гадаваць актыўных суб’ектаў, здольных заўважаць праблемы і вырашаць іх.
— Ці моцна адбілася пандэмія каронавіруса на вашай дзейнасці?
— Так, пандэмія адбілася моцна, і мы дагэтуль не аднавілі яшчэ тую колькасць студэнтаў, якая хадзіла да нас раней. Спадзяемся, што зможам зрабіць гэта недзе праз год. Разам з тым пандэмія прыспешыла рэалізацыю планаў, якія мы раней адкладалі. Так, ужо вясной 2020 года мы перавялі амаль усе нашыя заняткі ў анлайн-фармат, вельмі хутка навучыўшы нашых выкладчыкаў і студэнтаў карыстацца новымі тэхналогіямі. Тады ж мы распачалі актыўную працу па стварэнні нашага Віртуальнага Універсітэта Залатога Веку, які зараз працягвае працаваць паралельна з УЗВ. Ну і практыка рэгулярных анлайн-планёрак таксама аказалася вельмі дарэчы.
— Як мусіць выглядаць адукацыя для сталых людзей у Беларусі будучыні і ў вашых марах?
— Мары... Мары простыя. Усе арганізацыі, якія прымусова зачынілі — рэабілітуюць. Дадуць магчымасць працаваць і будуць на дзяржаўным узроўні стымуляваць стварэнне мноства розных праграмаў для сталых людзей і праграмаў і арганізацый, ініцыяваных сталымі. Дадуць добрыя памяшканні для працы. Беларускія ВНУ таксама пачнуць ствараць на сваёй базе Універсітэты для сталых людзей, бо гэта будзе прэстыжна. Мясцовыя ўлады будуць абвяшчаць адмысловыя конкурсы па падтрымцы адукацыйных ініцыятыў сталых людзей. Сталыя беларусы-валанцёры будуць стажыравацца ў розных краінах, а да нас будуць прыязджаць стажоры з усяго свету. А яшчэ Гродна і некалькі іншых нашых гарадоў далучацца да Глабальнай сеткі гарадоў і супольнасцей, прыязных да сталых людзей.
Гутарыў Алесь Масевіч, budzma.org